Нарыс
Колькі слоў пра героя
Максім Альбертавіч БАГДАСАРАЎ
Нарадзіўся 24 кастрычніка 1973 года ў Ташкенце, Узбекістан.
Прафесар, доктар геолага-мінералагічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчык кафедры геаграфіі і прыродакарыстання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Адначасова – намеснік старшыні Экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі ў галіне “Навукі аб Зямлі” і Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага геаграфічнага таварыства, сябра Экспертнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па накірунку “Экалогія, прыродныя рэсурсы, рэсурсазберажэнне, прыродакарыстанне і абарона ад надзвычайных сітуацый”.
Аўтар больш за 300 навуковых і вучэбна-метадычных работ, у тым ліку васьмі манаграфій і чатырох навучальных дапаможнікаў.
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
16 лістапада ўпершыню ў гісторыі айчыннай навукі членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў абраны прадстаўнік Брэстчыны – прафесар Максім Багдасараў. Вядомы вучоны працуе ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. Сваё жыццё і даследчы талент ён прысвяціў вывучэнню багаццяў нетраў роднай зямлі.
Ташкент – горад хлебны
Як у казцы, стаяў перад ім
Ташкент – горад хлебны.
Аляксандр НЯВЕРАЎ
СОТНЮ ГАДОЎ ТАМУ многіх уратаваў Ташкент.
Ён стаў збавеннем ад войнаў і пакут. Сюды, у горад хлебны – сапраўдны рай на зямлі, беглі ў першай чвэрці ХХ стагоддзя і з галоднага Варонежа, спруцянелага ад нішчымніцы, і з каўказскіх гор, дзе бязлітасна нішчылі армян.
Сярод свайго выгнанага народу і Багдасаравы апынуліся ў Сярэдняй Азіі. Праз Каспій “прыйшлі” з Нагорнага Карабаха, каб не стаць ахвярамі Вялікага Злачынства, развязанага Асманскай Портай.
У час грамадзянскай вайны, што палыхнула неўзабаве на руінах Расійскае дзяржавы, Ташкент таксама даў прытулак Плужнікавым. Яны свае вытокі выводзілі з Варонежа ды Сібіры.
Армянская і руская сем’і выжылі, парадніліся, далі працяг. У Ташкенце нарадзіліся іх дзеці, унукі.
Амаль адначасова, у маі трыццаць пятага, у Багдасаравых з’явіўся сын Альберт, а ў Плужнікавых – дачка Тамара. Як час прыйшоў ім заручыцца, у маладой “інтэрнацыянальнай” сям’і нарадзіўся Аляксандр, затым – Марына ды наймалодшы сын Максім.
Першынца Альберт Аля-ксандравіч назваў у памяць пра бацьку. Старшы лейтэнант Аляксандр Багдасараў склаў галаву ў сорак трэцім, калі ішлі бясконцыя баі між Курскам і Арлом. Яго астанкі пахаваны ў вёсцы Аляксандраўка – паблізу месца, дзе бярэ пачатак магутны прыток Волгі – велічная Ака. Пра дзеда, што загінуў на вайне, дасюль захоўваюць у сям’і жывую памяць. Бо ганарыцца радаводам, перадаваць яго нашчадкам – спра-двечнае залатое правіла, якога трымаюцца Багдасаравы. І нездарма! Паколькі сустракаюцца цікавыя “вузельчыкі” на іх сямейным дрэве.
– Яшчэ са школы вельмі ўпадабаў я байкі Крылова, – успамінае Максім Альбертавіч. – Як пазней даведаўся, тая цікавасць грунтавалася на сямейных падмурках. Бо аказалася, Іван Андрэевіч “па кудзелі” (ці па жаночай лініі) – мой продак! А сярод татавай радні – вядомы трэнер Сурэн Багдасараў. Сурэн Пятросавіч падрыхтаваў нямала савецкіх цяжкаатлетаў. Найбольш вядомы яго вучань – пераможца Алімпіяды ў Рыме, шматразовы чэмпіён свету, Савецкага Саюза, Еўропы, легендарны асілак Юрый Уласаў.
Ужо ў трохгадовым узросце Максім пачаў чытаць. Цудоўная хатняя бібліятэка адкрывала рамантычны прыгодніцкі свет, створаны яркім пяром Жуля Верна і Аляксандра Дзюма, будзіла фантазію ды клікала ў свет далёкіх падарожжаў. Калі на экраны выйшаў знакаміты фільм “Д’Артаньян і тры мушкецёры”, хлапчукі, нібыта па камандзе, майстравалі драўляныя шаблі і гуляліся ў мушкецёраў. Неаднойчы ў двары гучаў дэвіз: “Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго!” Максімку, вядома, даставалася роля галоўнага героя.
– Мо нездарма д’Артаньян – заканчваецца на -ян… Амаль армя-нін – наш чалавек! – гаворыць са смехам Максім Альбертавіч.
Ягоная маці Тамара Філіпаўна вырасла ў Ташкенце ў адным двары са стваральнікам кінастужкі Георгіем Юнгвальд-Хількевічам. Аднойчы Максім нават спытаўся:
– Чаму ж ты, мама, не папрасіла рэжысёра, каб зняў мяне ў ролі пажа ў наступным фільме “Мушкецёры дваццаць гадоў пасля”?
Аднак час перавярнуць пачатковую старонку біяграфіі. Ташкент падараваў пачатак жыцця, але не стаў для яго прыдатным.
Урач, аглядаючы ў чарговы раз хлопчыка, які пачаў часта хварэць, параіў бацькам:
– Вам трэба тэрмінова мяняць месца жыхарства, калі не жадаеце страціць сына. Сярэднеазіяцкі клімат не для яго.
Дзеля Максімкавага здароўя яны былі гатовыя ехаць за тысячы кіламетраў.
Брэст – горад навуковы
Перад вялікім розумам
схіляю галаву,
перад добрым сэрцам – калені.
Віктор ГЮГО
ГОРАД НАД БУГАМ стаў другой радзімай, надзвычай блізкай сэрцу і душы. Тут Максім урэшце акрыліўся для навуковага палёту, адчуў сябе патрэбным, стварыў сям’ю (да слова, яго абранніцай стала беларуска Юля, а вяселле маладыя згулялі 28 ліпеня – калі прыгожы Брэст святкаваў чарговыя свае народзіны).
Аднак вернемся зноў у часы больш раннія.
…Закладзеная прага да ведаў хутка прынесла плён. Першым і галоўным настаўнікам стаў бацька. Альберт Аляксандравіч, улюбёны ў геалогію і геаграфію, перадаў свае пачуцці і веды сыну. Бо бачыў прафесар у Максіме свой працяг. Таму ўжо з трохгадовага ўзросту браў сына ў горы. З трэцяга класа такія летнія вандроўкі сталі рэгулярнымі. А з якім нецярпеннем чакалі выхадных! Каб разам паглядзець “Клуб падарожнікаў”, “У свеце жывёл”, “Відавочнае – неверагоднае”. Кожны выпуск любімых перадач выклікаў гарачае абмеркаванне ў бацькі і сына.
Максіму падабаліся геаграфія, біялогія, гісторыя. Перад заканчэннем школы стаяў сур’ёзны выбар: якой навуцы аддаць перавагу? На рамонку не варажыў – зноў даверыўся кнігам і бацьку. Апошняй кропляй, што перацягнула вагі ў бок прыродазнаўства стала цудоўнае выданне сэра Дэвіда Атэнбора “Жыццё на Зямлі” і ягоны аднайменны кінафільм.
– Так склалася, што 1995 год, калі я атрымліваў дыплом, быў апошнім у гісторыі Брэсцкага педінстытута. Дасюль, хоць і працую з таго часу ва ўніверсітэце, заву сваю альма-матар на стары лад, – прызнаецца Максім Альбертавіч. – Гэта даніна павагі да былых выкладчыкаў, якія пэўным чынам стварылі мяне як вучонага. Калі браць геаграфічны складнік, хочацца прыгадаць Людмілу Барысаўну і Уладзіміра Якаўлевіча Навуменкаў, калі біялагічны – Віктара Міхайлавіча Яроміна і Васіля Емяльянавіча Гайдука (ён і цяпер усё яшчэ ў страі, нясе свае веды сучаснаму пакаленню студэнтаў. Зноў жа, цікавае супа-дзенне: шаноўны прафесар, доктар біялагічных навук прыйшоў на свет 12 лютага – у дзень нараджэння Чарльза Дарвіна!)
Яшчэ ў студэнцкія гады Максім Багдасараў захапіўся даследаваннямі бурштыну на Палессі. Параіўся з бацькам наконт тэмы будучага дыплома. Ведаючы пра любоў сына да гісторыі, той мудра падказаў спалучыць у даследаванні веды па геалогіі і гісторыі. Так нарадзілася работа “Бурштын з археалагічных раскопак Беларусі”.
– Янтар – гэта як першае каханне, – прызнаецца Максім Альбертавіч. – Яму прысвечана і кандыдацкая дысертацыя. Асноўным геалагічным аб’ектам, што вывучаўся, стала Гатча-Осава на Жабінкаўшчыне.
Навуковым кіраўніком стаў Аляксей Васільевіч Мацвееў – вядомы беларускі геолаг, акадэмік НАН Беларусi, прызнаны лідар беларускай школы геолагаў-чацвярцічнікаў. Даследаваўся непасрэдна сам бурштын, праводзіліся адпаведныя аналізы ў Мінску, Маскве і Сыктыўкары. Былі ўзяты ўзоры беларускага мінерала з Гатчы, якія адвезлі на янтарны камбінат у Калінінград, дзе паводле тэхналогіі, прынятай на радовішчы, з іх былі выраблены ўпрыгожанні. У выніку пераканаўча даказана: гэта свае, айчынныя самацветы, не прынесеныя ледавіком у дагістарычную эпоху з Прыбалтыкі.
Бліскуча абароненая доктарская дысертацыя “Выкапнёвыя смолы Паўночнай Еўразіі” прынесла вучонаму ў 2009 годзе ступень доктара геолага-мінералагічных навук. У маі 2013-га Прэзідыум ВАК Беларусі прысвоіў Максіму Багдасараву званне прафесара. Гэтак у сям’і стала адразу двое прафесараў Багдасаравых!
У апошнія пяць гадоў навуковая актыўнасць Максіма Альбертавіча не слабее. Яна ахоплівае поўныя цыклы работ – ад ідэі да рэалізацыі і прызнання вынікаў даследаванняў не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Дзеля гэтага вынікі працы вучонага і кафедры, ім узначаленай, укаранёны ва Усерасійскім навукова-даследчым інстытуце мінеральнай сыравіны (Масква), Інстытуце геалогіі Комі навуковага цэнтра Уральскага аддзялення РАН (Сыктыўкар) і Навукова-вытворчым цэнтры па геалогіі (Мінск). Гэта адпавядае прыярытэтным накірункам навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады.
Вучоны ажыццяўляе кіраўніцтва шэрагам заданняў, што выконваліся ў рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў, неаднаразова браў удзел у міжнародных праектах супольна з вучонымі Сыктыўкара, Кіева, Варшавы. Толькі за апошні год прафесар выпусціў (у суаўтарстве) электронны вучэбны дапаможнік “Агульная геалогія. Лабараторны практыкум”, прайшоў стажыроўку ў Вільнюскім універсітэце. Нарэшце, яго шматгадовая праца была высока ацэнена калегамі, калі 16 лістапада на агульным сходзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі берасцейскі вучоны быў абраны членам-карэспандэнтам НАНБ па спецыяльнасці “Геалогія”. Такога поспеху навукоўцы нашай вобласці яшчэ не ведалі. Тым больш прыемна і знакава, што пры-знанне прыйшло да прафесара Багдасарава ў год, абвешчаны ў Беларусі Годам навукі.
Ён можа амаль бясконца расказваць пра сваіх супрацоўнікаў. (Дарэчы, вось яшчэ адзін штрышок: у спаборніцтве паміж універсітэцкімі кафедрамі, кафедра геаграфіі і прыродакарыстання, якую ўзначальвае Максім Альбертавіч, у лідарах другі год запар. І хоць сам кіраўнік увенчаны ўжо лаўрамі, аднак не збіраецца на іх спачываць.
– Побач з маім імем нярэдка дасюль згадваюць выключна даследаванні бурштыну. Хоць зараз маю навуковую цікавасць больш займае пошук і распрацоўка новых радовішчаў пяскоў, глін, прыдатных для будаўніцтва, – гаворыць вучоны. – Можа, гэта не так ярка, як сонечны камень, што зіхаціць мядовымі колерамі. Але ж год ад году прыгажэюць нашы гарады, вёскі, развіваюцца шляхі зносін, якія вядуць праз Беларусь, і навука ў гэтым – спадарожнік ды саюзнік развіццю і аднаўленню. У руках вучонага-практыка і “просты” пясок можа стаць залатым, і непрыкметны камень пацяплее…
Як некалі ягоны бацька, Максім Альбертавіч спадзяецца, што ў будучым дынастыю навукоўцаў працягне сын. Артур пакуль у першым класе, але расце дапытлівым, цікаўным. Для таленавітага чалавека сям’я – аддушына і крыніца натхнення. Гэта вучоны з горада над Бугам разумее цудоўна і ўдзячны “сваім дзяўчынкам” – жонцы Юліі і дачцэ Карыне, якія мужавы і татавы ўдачы ўспрымаюць са светлай радасцю, нібыта ўласныя.
Багдасараў жартам называе сябе “вучоным другой паловы дня”. Паколькі, апроч навукі, штодня яго чакае безліч адміністрацыйных абавязкаў, выкладанне ў студэнцкіх аўдыторыях, клопаты пра дзейнасць кафедры – усяго адразу і не назавеш.
Для таго, хто заняты любімай справай, – раскоша выхадны дзянёк.
Бо панядзелак пачынаецца ў суботу.
А з панядзелка – зноў на працу…
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%