Новы аўтобус – школьнікам

12 снежня адміністрацыя, педагогі і вучні Якаўчыцкай сярэдняй школы сустракалі ганаровых гасцей: старшыню Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага, начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрыя Прасмыцкага, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іну Тарасевіч. Яны наведалі ўстанову, каб перадаць навучэнцам новы сучасны школьны аўтобус.
У сваім прывітальным слове вучні пазнаёмілі гасцей са школай, асноўнымі вехамі яе гісторыі, расказалі, як яны тут вучацца, якімі справамі жывуць.
Кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі адзначыў, што нягледзячы на невялікую колькасць вучняў – у школе 61 навучэнец, – установа робіць свой годны ўнёсак у агульную скарбонку дасягненняў раёна. Ён узгадаў леташнія перамогі выхаванцаў Якаўчыцкай школы ў вучобе і спорце, заўважыў: яны – вынік сумеснай працы таленавітых педагогаў і вучняў.
Дзмітрый Мікалаевіч падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама школа мае такі цудоўны падарунак – новы прыгожы аўтобус, у якім дадатковыя камфортныя ўмовы – ёсць тэлевізар. Цяпер больш зручнымі і прыемнымі стануць паездкі ў школу для яе вучняў, якія прыязджаюць сюды з дзесяці населеных пунктаў раёна.
Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Юрый Прасмыцкі расказаў навучэнцам, што аўтобус зроблены на Мінскім аўтамабільным заводзе. Ён спраектаваны спецыяльна для перавозкі дзяцей, разлічаны на 31 пасажыра – 29 школьнікаў і двух дарослых суправаджальнікаў. Юрый Мікалаевіч звярнуў увагу вучняў на іх галоўную задачу – паспяховую вучобу, а стварэнне камфортных умоў для гэтага – першачарговая задача дарослых. Таму новы транспарт, які атрымлівае ўстанова, яшчэ адзін крок у гэтым накірунку. Юрый Прасмыцкі перадаў школьнікам скакалкі і мячы, якімі хлопчыкі і дзяўчынкі будуць карыстацца на ўроках фізічнай культуры і здароўя, падчас спартыўных мерапрыемстваў.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч адзначыла: дзякуючы новаму транспарту навучэнцы Якаўчыцкай адзінаццацігодкі цяпер маюць магчымасць прыязджаць у школу з большым камфортам. У гэтым госці самі ўпэўніліся, бо з райцэнтра ў Якаўчыцы прыехалі на новым аўтобусе. У сваю чаргу Іна Уладзіміраўна зазначыла, што цяпер ад калектыву школы чакаюць большай актыўнасці ў раённых мерапрыемствах, новых вынікаў і дасягненняў.
Ад імя бацькоў словы ўдзячнасці гасцям за прыгожы сучасны аўтобус выказала Наталля Майшук – мама трэцякласніка Ягора. Прымаючы ключы ад новага транспарту, дырэктар Якаўчыцкай адзінаццацігодкі Валерый Галавейка таксама дзякаваў за такі патрэбны для ўстановы падарунак, за клопат і ўвагу. Валерый Міхайлавіч правёў для гасцей невялікую экскурсію па школе, падчас якой яны наведалі класныя пакоі, спартыўную залу, пазнаёміліся з галерэяй знакамітых выпускнікоў установы.
У той жа дзень пасля ўрокаў новенькі прыгожы аўтобус павёз навучэнцаў Якаўчыцкай школы дадому.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.