Маніторым. І што маем?


З 2015 года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць маніторынгі сацыяльна-эканамічнага стану на прадпрыемствах і ў арганізацыях краіны.
Улічваючы інфармацыю, што паступае падчас гэтых мерапрыемстваў, ФПБ неаднаразова ўзнімала пытанне нізкага ўзроўню тарыфнай стаўкі першага разраду, і, як вынік, выяўлялася, што нізкааплочваемыя катэгорыі працаўнікоў атрымлівалі заробак ніжэй за ўсталяваны памер мінімальнай заработнай платы. Пагэтаму прафсаюзы прапаноўвалі ў абавязковым парадку ўстанавіць тарыфную стаўку першага разраду на ўзроўні мінімальнага заробку.
Паколькі, для прыкладу, гадзінная тарыфная стаўка трактарыста-машыніста трэцяга разраду яшчэ восенню складала 1,31 рубля, а пры гэтым мінімальная гадзінная тарыфная стаўка была 1,57 рубля. Розніца ў 20 адсоткаў рабіла неістотнымі даплаты працаўнікам за стаж або класнасць. У выніку, людзі, што працавалі ў розных умовах і з рознай аддачай, мелі практычна аднолькавую заработную плату ў памеры мінімальнай.
Узнімалася і пытанне адмены абмежаванняў адпаведна Дэкрэту № 29 пры стымуляванні працы для работнікаў бюджэтнай сферы і шэрагу іншых.
З лета Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі маніторыць цэны ва ўсіх раёнах рэспублікі. Праверкай ахоплены 274 крамы, дзейнасць якіх разглядалася па 98 пазіцыях. На Жабінкаўшчыне ў іх лік патрапілі магазін № 15 філіяла “Жабінкаўскі” гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” і крама базы “Бакалея”.
Адзначым разнастайны асартымент тавараў і прымальныя цэны ў магазіне № 15, сістэму скідак ў ранішнія часы на сацыяльна значныя тавары для пенсіянераў. Пра вынікі маніторынгу ФПБ абавязкова інфармуе дзяржаўныя органы. Робіцца гэта найперш дзеля таго, каб неадкладна прымаліся меры па ліквідацыі пэўных недахопаў, што выяўляюцца ў час маніторынгаў.
Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*