Памахаў… ножыкам

Да гэтага судзімы пінчук Валянцін Р.,
будучы п’яным, паспрачаўся ў вёсцы Падлессе са сваім знаёмым, якому нанёс пяць удараў нажом. Згодна з заключэннем эксперта, пацярпелы страціў шмат крыві, у выніку чаго ў яго развіліся гемарагічны шок і постгемарагічная анемія (малакроўе) у настолькі цяжкай ступені, што маглі прывесці да смерці. Такім чынам, сваімі дзеяннямі, якія выявіліся ў наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, небяспечных для жыцця, Валянцін Р. здзейсніў злачынства, што прадугледжана часткай 3 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і сядзе на лаву падсудных.

Адказнасць згодна з узростам

У мінулым месяцы ў раёне выявілі тры выпадкі крадзяжоў. Напрыклад, пятнаццацігадовы Раман Ю. у школьнай раздзявальні з кішэні другога непаўналетняга выкраў мабільны тэлефон з картай памяці. Усяго на суму больш за 63 рублі. Галіне К. ужо за трыццаць, і яе крадзеж болей важкі. Цана ноўтбука “Асус” з планшэтам “Соні” і чахлом пацягнула на 3610 рублёў.
Колькі каштуе аўтамабіль “Вольва”, задаваць пытанне не будзем. Але, заўважыўшы ў горадзе прыпаркаваную на вуліцы Цэнтральнай іншамарку свайго знаёмага, п’яны Аляксандр Ф. без яго дазволу вырашыў: эх, пракачуся! Не, ён не збіраўся скрасці яе. Аднак і гэтага хапіла, каб “пазнаёміцца” з адпаведнымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса.
Узбуджаючы справу па раскраданнях, следчыя ўлічвалі і ўзрост злачынцаў, і страты, нанесеныя грамадству. Таму крадзеж Рамана ды Галіны падпаў пад частку 1 артыкула 205, а Алясандр будзе асуджаны па частцы 1 артыкула 214 КК.

“Мацярынская глухата” лечыцца законам

На жаль, не перавяліся яшчэ на Жабінкаўшчыне жанчыны, якія лічаць сваім абавязкам нарадзіць дзіцятка, а вось паказваць узорныя паводзіны, займацца выхаваннем – гэтае быццам іх зусім не тычыцца.
Тады сваё важкае слова гаворыць орган апекі і папячыцельства, забіраючы з нядобранадзейных сем’яў непаўнагадовых і прымушаючы бацькоў працаваць, каб кампенсаваць расходы на ўтрыманне малых у навучальных дзяржаўных установах.
Але ж не заўсёды гэта прыводзіць да станоўчых вынікаў. Некаторыя кабеты, якія пакутуюць на “мацярынскую глухату”, вырашаюць: цяпер у іх ёсць больш магчымасцяў, каб весці разгульнае жыццё.
Так, Святлана В. ужо двойчы прыцягвалася судом да адказнасці. Аднак на шлях выпраўлення так і не стала: яна, рабочая жыллёва-камунальнай гаспадаркі, за тры месяцы здзейсніла 15 прагулаў без уважлівых прычын. У іншай падобнай “гераіні нашага часу” – Лізаветы М. – за такі ж перыяд набраўся ажно цэлы месяц, калі яна ігнаравала працу.
Зразумела, што і Святлана, і Лізавета не змаглі выканаць штомесячныя абавязацельствы па ліквідацыі расходаў, затрачаных на ўтрыманне непаўналетніх, і будуць адказваць паводле артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Клюне ці не?
Клю-ну-ў!..

Не лічыце Аляксандра Ч. заўзятым рыбаком, які гатовы час марнаваць і гадзінамі сядзець з вудаю на беражку, каб падчапіць ладнага шчупачка. Не, ён наш сучаснік, і яму па сіле найноўшая апаратура, з дапамогай якой можна падлавіць… прасцячка. І мужчына спраўна ловіць у бязмежным моры… інтэрнэту!
Вось ён размясціў на “Кufаr.bу” аб’яву, што за 200 рублёў прадасць відэакарту. Хаця прадаваць нічога нават не збіраўся. І што б вы думалі, адзін жабінкавец патрапіў на кручок ды пералічыў грошы на Аляксандраву банкаўскую карту.
Ішоў час. Жабінкавец нічога не дачакаўся і звярнуўся ў праваахоўныя органы. Цяпер прыткаму Аляксандру Ч.
прыйдзецца адказваць за падман і парушэнне беларускага закона. Думаем, ён усвядоміў ужо, што шляхам махлярства яму не разжыцца.
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі;
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*