Падлеткі хочуць падзарабіць

Па статыстыцы на Жабінкаўшчыне пражывае 938 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Летнія канікулы кожны з іх правёў па-рознаму. А хто не ленаваўся, мог падзарабіць на кішэнныя расходы. Якім чынам? Вучні і студэнты, як высветлілася, мелі магчымасць папрацаваць у школьных лагерах працы і адпачынку, на будаўнічых аб’ектах, у сельгасарганізацыях.
Так, летам 58 вучняў з першай, трэцяй, Ленінскай і Крыўлянскай школ рамантавалі мэблю, фарбавалі класы і спартыўныя пляцоўкі, займаліся азеляненнем.
Штогод РК ГА “БРСМ” арганізоўвае студатрады сельгаснакірунку. Сёлета 16 чалавек (усе – непаўнагадовыя, акрамя капітана) працавалі на зернетаку ААТ “Ракітніца” і яшчэ 14 – на камбікормавым заводзе (праўда, там падпрацоўку прапаноўвалі толькі тым, хто адзначыў сваё паўналецце).
Працуючы, падлетак не толькі мае магчымасць зарабіць кішэнныя грошы, але яшчэ і з карысцю правесці час сярод равеснікаў пад наглядам дарослых, а значыць, змяншаюцца шанцы сутыкнуцца з законам. Так, пяць падлеткаў, з якімі інспектары праводзяць прафілактычныя гутаркі, працавалі летам у Жабінкаўскай ПМК-10. Акрамя іх, восем юнакоў і дзяўчат атрымалі свой першы працоўны вопыт у ААТ “Хмелева” і двое – у Брэсцкай міжраённай гандлёвай базе.
Такім чынам, сёлета летам 103 маладыя чалавекі (88 з іх – непаўнагадовыя) працавалі на законных асновах.
Я зацікавілася пытаннем працаўладкавання старшакласнікаў на Жабінкаўшчыне і прыйшла да высновы, што колькасць жадаючых падзарабіць перавышае колькасць вакансій. На гэта ўплывае шэраг прычын: 1) адсутнасць аб’ёмаў работы ў арганізацыях; 2) буйныя прамысловыя прадпрыемствы з’яўляюцца аб’ектамі павышанай небяспекі, дзе праца падлеткаў забаронена; 3) прыём падлетка на работу – дадатковыя клопаты кіраўнікам-працадаўцам; 4) знайсці месца заробку бывае няпроста нават людзям з адпаведнай спецыяльнасцю.
Нягледзячы на складанасць дадзенай тэмы, праца адыгрывае важную ролю ў выхаванні маладых людзей. Па-першае, падпрацоўка можа дапамагчы з выбарам прафесіі. Зразумела, падлетку ніхто не даверыць складаную кваліфікаваную працу. Аднак ён будзе побач з вопытнымі спецыялістамі. Некаторыя, магчыма, стануць больш увагі надаваць вучобе, каб атрымаць лепшую, больш высокааплачваемую спецыяльнасць. Па-другое, летам старшакласнікі маюць магчымасць зарабіць грошы самастойна. Гэта надае ўпэўненасці, з’яўляецца пачуццё незалежнасці, уносіцца ўклад у сямейны бюджэт, а вопыт абыходжання з фінансамі спатрэбіцца ў далейшым жыцці. Нарэшце, падлетак вучыцца цаніць чужую працу, разумее, што грошы дастаюцца не так лёгка.
Ад імя моладзі мне хацелася б звярнуцца да патэнцыйных працадаўцаў раёна з просьбай не адмаўляць юнакам і дзяўчатам у працаўладкаванні на канікулах. Прымаючы іх на работу, вы, бясспрэчна, удзельнічаеце ў іх прафесійным жыцці, вучыце цаніць чужую працу, уносіце ўклад у поспех і росквіт нашага рэгіёна.
Кацярына КАЗІНСКАЯ, навучэнка 9 “Б” класа СШ № 2 Жабінкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.