На дваіх адзін дзень нараджэння

 

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.
Гэта пра іх: падобныя, як два сонейкі, дзве кроплі, дзве далонькі. Яны сумуюць адна без адной, востра адчуваюць на адлегласці, калі ў кагосьці з іх праблемы са здароўем ці ў асабістым жыцці і патрэбна дапамога. Кожную раніцу пачынаюць з тэлефоннай размовы, каб пачуць родны голас і ўпэўніцца, што ў сястры ўсё ў парадку. Але, нягле-дзячы на моцную сувязь і знешняе падабенства, у іх розныя характары. Пра гэта я даведалася падчас гутаркі з сёстрамі-блізнятамі Таццянай Грыцук і Святланай Шведас.

Двайнога сюрпрызу
ніхто не чакаў

Да нараджэння блізнят у Мікалая і Соф’і Фядынічаў ужо было трое дзетак: сынок Іван, дачушкі Галіна і Людміла. Усе разам яны жылі ў вялікім доме ля чыгуначнага вакзала, разлічаным на некалькі сем’яў. Жылі сціпла, без якіх-небудзь празмернасцяў, але весела і дружна. Мікалай Васільевіч працаваў загадчыкам гаспадаркі на цукровым заводзе, Соф’я Фёдараўна – швачкай у камбінаце бытавога абслугоўвання.
У студзеньскія маразы 1962-га Мікалай Фядыніч адвёз жонку ў раённую бальніцу: у сям’і чакалася папаўненне. У адзін з чарговых тэлефонных званкоў на тым канцы провада яму нарэшце адказалі:
– Нарадзіла!
– Каго? Хлопчыка?
– Не!
– Дзяўчынку?
– Не! Дзвюх дзяўчынак! Віншуем!
Старэйшыя сёстры далі блізнятам прыгожыя імёны: Святлана і Таццяна. Дзяўчынкі былі настолькі падобныя, што родныя бацькі некаторы час адрознівалі іх толькі па радзільных бірачках. У далейшым іх блыталі выхавальнікі, настаўнікі, калегі і нават будучыя мужы.

“Дазволіце сфатаграфавацца з вашымі дачушкамі?”

З нараджэннем двойні сям’я Фядынічаў атрымала статус шматдзетнай. Ім далі асобны дом на Камсамольскай, дзе быў вялікі агарод і сад. Гаспадары набылі казу і карову, сталі трымаць больш парсючкоў і хатняй птушкі.
Таня і Света раслі сапраў-днымі прыгажунькамі: блакітныя вочы, светлыя кучаравыя валасы, пухленькія шчочкі з ямачкамі. Соф’я Фёдараўна старалася апранаць дачушак аднолькава: шыла ім модныя сукенкі і касцюмчыкі. На навагодніх ранішніках, іншых святах сёстры Фядынічы мелі самыя прыгожыя ўбранні. Часта на вуліцы да жанчыны падыходзілі прахожыя і пыталіся дазволу сфатаграфавацца з яе дачушкамі. Яна не адмаўляла.

Актывісткі і спартсменкі

Такімі былі Таня і Света Фядынічы ў школьныя гады. Удзельнічалі ў канцэртах: спявалі, танцавалі, ставілі сцэнкі. Выступалі на бацькоўскіх сходах, у полі перад механізатарамі падчас жніва. Сустракалі дэлегацыі, якія наведвалі ўстанову. Абаранялі гонар другой школы на раённых і абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Святлана добра бегала, Таццяна – скакала ў даўжыню і вышыню.
Разам з тым, дзяўчаты раслі і выхоўваліся ў працы. Дапамагалі бацькам па гаспадарцы: палолі агарод, паслі кароў, нават калолі дровы, адным словам, умелі і маглі ўсё, не цураліся ніякай работы.
На выпускным балі сёстры Фядынічы вылучаліся, як заўсёды, сваімі прыгожымі сукенкамі, якія пашыла для любіміц матуля. Фасон быў у абедзвюх аднолькавы, а вось колер розны. У Святланы сукенка зялёная, у Таццяны – аранжавая. Сустракаючы свой першы дарослы світанак, сёстры ведалі, з якой прафесіяй звяжуць свой далейшы лёс, бо вызначыліся з ёй даўно.

Знайшлі справу па душы

Таня і Света паступілі ў Пружанскую школу повараў. На такі выбар паўплывала нявестка Галіна – жонка старэйшага брата Івана, якая працавала поварам. Яна часта прыязджала, гатавала смачныя стравы, дзяўчаты дапамагалі ёй, і ім гэта падабалася. Праз год дыпламаваныя маладыя спецыялісты вярнуліся на малую радзіму і пачалі свой працоўны шлях у рэстаране “Вясёлка”. Праз некаторы час сёстры вырашылі атрымаць прафесію афіцыянта, яе майстэрству вучыліся ў Мінску. З “Вясёлкаю” ў Святланы звязаны першыя 15 гадоў працы, у Таццяны амаль столькі ж.
У няпростыя 90-я ім прыйшлося займацца зусім іншым. Святлана доўгі час жыла ў Санкт-Пецярбургу, працавала адміністратарам. Таццяна была прадаўцом на рынку, у мясной лаўцы. Некаторы час разам рупіліся ў “Абсэнце”: Таня – вядучым поварам, Света – бармэнам. Але абедзвюх сясцёр не пакідала думка вярнуцца назад у любімую “Вясёлку”. У 2009-м сюды прыйшла Святлана, праз год – Таццяна. З таго часу яны сустракаюць наведвальнікаў рэстарана, заўсёды ветлівыя, з прыемнай усмешкай. Прапаноўваюць меню, прымаюць заказы, накрываюць і афармляюць сталы, абедзенную залу, імкнуцца абслугоўваць на самым высокім узроўні, каб госці “Вясёлкі” засталіся задаволеныя і прыйшлі яшчэ. У час абеду і падчас банкетаў сёстрам даводзіцца “ўключаць” падвойную хуткасць, каб своечасова і якасна абслужыць кліентаў. Яны ўпэўнены, што чалавек у рэстаране павінен адчуваць сябе ўтульна і камфортна, як дома, і такую атмасферу ў многім дапамагаюць ствараць менавіта афіцыянты.

Заўсёды разам

Ідуць па жыцці сёстры Таццяна Грыцук і Святлана Шведас. Некалі ў далёкім 1982-м і вяселі разам згулялі, толькі з розніцаю ў месяц. Спакойную Свету заўсёды дапаўняла баявая Таня. Яны знайшлі справу па душы і засталіся вернымі ёй. Рэалізаваліся не толькі ў прафесіі, а сталі добрымі матулямі і бабулямі для сваіх дзяцей і ўнукаў.
У іх – на дваіх адзін дзень нараджэння і за гэтае шчаслівае супадзенне яны ўдзячны сваім бацькам і лёсу.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.