Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.
Пазнавальную патрыятычную экскурсію арганізавалі для вучняў сярэдняй школы № 1 і Ленінскай адзінаццацігодкі першы сакратар Жабінкаўскага РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына і начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Аляксей Пятроў. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся са строгай дысцыплінай і побытам салдат 48-га асобнага батальёна радыёэлектроннай барацьбы Заходняга аператыўнага камандавання, які размешчаны ў Брэсце. Мерапрыемства прымеркавалі да ўручэння вучням членскіх білетаў БРСМ.
На кантрольна-прапускным пункце Аляксей Пятроў распавёў школьнікам пра правілы паводзінаў у вайсковай часці. У бліжэйшыя дзве гадзіны дзеці хоць і не ў поўнай меры, але ўсё ж зразумелі важнасць і сур’ёзнасць такога прызвання, як абаронца Радзімы. Характэрна, што ў дзень экскурсіі – 1 снежня – у часці пачаўся новы навучальны год. Школьнікі з Жабінкі сталі сведкамі сціплай, але важнай вайсковай цырымоніі, на якую былі запрошаны толькі афіцэры, ветэраны, святар і некалькі журналістаў.
З аповедам пра сваю службу, а таксама пра абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь шанаваць сваю краіну выступіў ветэран узброеных сіл падпалкоўнік у адстаўцы Іван Шульга. Уручэнне членскіх білетаў БРСМ адбылося на пляцы пад гукі салдацкага аркестра. “Першы раз на маёй памяці дзяцей з Жабінкі прымаюць у саюз моладзі з аркестрам. Гэтую падзею яны дакладна запомняць на ўсё жыццё!” – падзялілася ўражаннямі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ленінскай сярэдняй школы Вольга Пупчык, якая суправаджала сваіх вучняў. Падчас цырымоніі Іван Шульга адзначыў, што служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і валанцёрская дзейнасць у шэрагах БРСМ – няхай і розныя, але шмат у чым раўназначныя спосабы аддаць абавязак сваёй Радзіме. Ветэран павіншаваў дзяцей з правільным выбарам і параіў быць сумленнымі, шчырымі і пры любой магчымасці дапамагаць людзям.
Затым вучняў пазнаёмілі з буднямі вайсковай часці, правялі па казарме і штабе. На завяршэнне стомленых, але задаволеных школьнікаў напаілі кампотам з сухафруктаў у салдацкай сталовай. Камандаванне батальёна і госці з Жабінкі абмяняліся словамі падзякі і сувенірамі. Магчыма, нехта з вучняў, якія пабывалі ў часці, вернецца сюды зноў праз некалькі гадоў, ужо для праходжання службы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%