Адной планеты дзеці

Дар’я НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Пад такой назвай на Жабінкаўшчыне ў трэці раз прайшоў інклюзіўны фестываль, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў. Сваімі талентамі прысутных парадавалі навучэнцы Жабінкаўскай школы-інтэрната, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, першай і Ленінскай адзінаццацігодак, гарадскога ліцэя, выхаванцы РЦТДіМ і дзіцячых садоў, завіталі на свята госці з Кобрына.
У мінулую пятніцу наведвальнікаў ГДК у фае сустракаў незвычайны “горад”, у якім пасяліліся жабы самых розных прафесій: повары і паштальёны, будаўнікі і балерыны з мастакамі… У святочнай выставе-конкурсе “Колькі прафесій – столькі дарог” паўдзельнічалі дашкольныя і школьныя ўстановы Жабінкі і раёна. Самай арыгінальнай была прызнана кампазіцыя “Раніца ў саўгасе” ясляў-сада аграгарадка Ленінскі. Усе ўдзельнікі творчага конкурсу атрымалі падзякі і падарункі. Цікавыя вырабы сваіх выхаванцаў прадэманстраваў таксама раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
Нарэшце госці занялі месцы ў зале, а на сцэне з’явіліся вядучыя свята – Сяргей Макарук і Алена Губіюк. Яны заўважылі, што ў свеце апошнія 25 гадоў трэцяга снежня – асаблівы дзень, яшчэ адзін спосаб звярнуць увагу на праблемы тых людзей, якія воляй лёсу маюць дрэннае здароўе, абмежаваны ў магчымасцях і якім асабліва патрэбны дапамога і падтрымка.
– Радасна, што фестываль расце і развіваецца, пашыраецца кола яго гасцей, – заўважыў у прывітальным слове кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі. – Арганізатары ўручылі наведвальнікам вось такія сэрцайкі, адно з якіх трымаю ў руках. Думаю, гэта сімвал таго, дзеля чаго трэба жыць – дабрыні, любові, міласэрнасці. Менавіта гэтыя пачуцці, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, напаўняюць кожны дзень радасцю. Каб супрацоўнікі і выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі маглі захоўваць свае светлыя моманты, ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў перадаю ўстанове фотаапарат. Нас вельмі ўразіў таксама створаны ў фае “горад” і яго жыхары, павялічаныя копіі якіх маглі б упрыгожыць Жабінку. І надалей жадаю вам натхнення і жыццялюбства, здароўя і цярпення, больш радасных падзей.
Па падарунак на сцэну выйшла дырэктар ЦКРНіР Кацярына Лугаўская, якая падзякавала за дапамогу і падтрымку шматлікім сябрам цэнтра.
– У першую чаргу хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, – пачала Кацярына Сяргееўна. – Вялікі дзякуй Дзмітрыю Мікалаевічу Гарадзецкаму за яго ініцыятыву перадаць нашаму цэнтру 6900 рублёў – гэта дазволіла набыць для дзетак вучэбнае абсталяванне. Адчуваем таксама падтрымку аддзела адукацыі, спорта і турызму райвыканкама. Не першы год на дапамогу прыходзяць Жабінкаўскі аддзел Дэпартамента аховы, раённы аддзел Следчага камітэта, сельгаспрадпрыемства “Азяты АГРА”, “Беларусбанк”, фермерская гаспадарка “Бярозка”, ПМК-19,
УП “Брэстдругчормет” ды іншыя арганізацыі. Ніколі не застаюцца раўнадушнымі да нашых спраў валанцёры РК ГА “БРСМ”. Сёлета 432 дзіцяці патрабуюць дапамогі, паверце, належная ўвага надаецца кожнаму з іх. Жадаю вам добрага настрою і ўсмешак, няхай такім жа плённым застаецца нашае супрацоўніцтва!
Выхаванцы РЦТДіМ падаравалі гледачам яскравы танец, выканаў песні яго калектыў “Вясёлкавы мікс”. Запамінальныя нумары падрыхтаваў Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі – ініцыятар і арганізатар інклюзіўнага фестывалю. Яго педагогі і выхаванцы ў незвычайных карнавальных строях станцавалі вальс, а Арцём Шуст прадэкламаваў верш. Флэшмобам здзівілі навучэнцы школы-інтэрната, кранальнае выступленне атрымалася ў Веранікі Анташок разам з калектывам гарадскога ліцэя “Грацыя”. З танцавальнымі нумарамі на сцэну выходзілі маленькія артысты дашкольных устаноў горада – ясляў-садоў № 3 і № 5. Музычныя падарункі прысутныя атрымалі таксама ад вучняў першай і Ленінскай адзінаццацігодак. З сюрпрызамі завіталі ў госці навучэнцы Кобрынскай школы-інтэрната. Так, вельмі запамінальным стала акрабатычнае выступленне дзяўчынак з абручамі. Падчас фінальнай песні ў зале прайшоў “дожджык” з паветраных шароў, якія вярнулі прысутных у дзяцінства і выклікалі на іх тварах шчырыя ўсмешкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.