Святлана КІСЛАЯ.
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое вёў яго старшыня Дзмітрый Гарадзецкі. На абмеркаванне выносіліся два пытанні.
Аб развіцці сістэмы дашкольнай адукацыі далажыла Галіна Бурко, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яна, прынамсі, расказала, што на Жабінкаўшчыне дзейнічаюць 12 устаноў дашкольнай адукацыі: 8 ясляў-садоў і 4 дзіцячыя сады. Пяць з іх размешчаны ў горадзе, астатнія – у аграгарадках. Дашкольныя ўстановы разлічаны на 997 выхаванцаў, а спісачны іх склад – 1168 хлопчыкаў і дзяўчынак (у горадзе – 826, у вёсках – 342). Восенню быў зачынены яслі-сад у Вежках, бо гэтую ўстанову наведвала ўсяго 7 выхаванцаў. Цяпер маленькіх падвозяць у дзіцячы сад у Крыўлянах.
Ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў складае па раёне 97,3 % пры планавым паказчыку 96,9 %. (Дарэчы, у раёне на 1 студзеня бягучага года налічвалася 1972 дзіцяці ад аднаго да шасці гадоў). Усім малышам, якім споўніліся 3 годзікі, знайшлося месца ў садзіках. А вось адправіць у ясельную групу двухгадовых змаглі бацькі толькі 138 дзетак. Астатнім малышам ва ўзросце ад двух да трох гадоў давядзецца набрацца цярпення і крышку падрасці. Мамам і татам прапаноўваюць аформіць любімых гарэз у сады аграгарадкоў Ленінскі, Якаўчыцы і Сцяпанкі.
Летась з горада ў вёску ездзілі 10 маленькіх жабінкаўцаў. Такая тэндэнцыя захаваецца і ў наступным навучальным годзе: калі, па пярэдніх дадзеных, 269 шасцігадовых выпускнікоў гарадскіх дзіцячых садоў сядуць за школьныя парты, усім 365 дзецям да 4-гадовага ўзросту месцаў у гарадскіх садах усё роўна не хопіць. Як выйсце – наведваць вясковыя сады.
У дашкольных установах працуюць таленавітыя, высокаадукаваныя педагогі і выхавальнікі. Так, са 132 педагогаў 72,7 % маюць вышэйшую адукацыю, больш за палову – вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Малышы і выхавацелі забяспечаны праграмна-метадычнымі выданнямі, вучэбна-нагляднымі дапаможнікамі, гульнямі, надворным абсталяваннем.
У садах дзейнічаюць тры спецыяльныя групы для дзетак з парушэннямі мовы, шэсць – інтэграванага навучання і выхавання, чатыры пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Разам з тым, як падкрэсліла падчас выступлення Галіна Сцяпанаўна, пастаянным і актуальным з’яўляецца пытанне правядзення рамонту ў дашкольных установах. Так, даўно патрабуе капітальнага рамонту харчаблок у яслях-садзе № 5 Жабінкі; у іншых садах неабходна працягваць рамонт у групах, умывальных, туалетных, раздатачных памяшканнях; дзіцячую мэблю (асабліва ў гарадскіх садах) даўно трэба замяніць на больш сучасную і зручную.
Пастаянна патрабуе ўвагі забяспечанасць здаровых і бяспечных умоў для выхаванцаў, абнаўленне і папаўненне гульнёвага матэрыялу, абсталяванне прадметна-прасторавага асяроддзя і тэрыторыі дашкольных устаноў.
Нягледзячы на шматлікія праблемы, на думку Галіны Бурко, сістэма работы па развіцці даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі ў раёне мае станоўчую дынаміку і адпавядае сацыяльнаму заказу дзяржавы і законных прадстаўнікоў.
Па другім пытанні “Аб мерах, якія прымае ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” па аптымізацыі затрат” выступіў яго дырэктар Васіль Волк. Васіль Канстанцінавіч падкрэсліў: з пачатку года прадпрыемства выканала ключавы паказчык зніжэння затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. Пры даве-дзеным заданні мінус 3 % фактычнае выкананне склала мінус 9,8 %. Дарэчы, па выкананні гэтага паказчыка сярод прадпрыемстваў – удзельнікаў холдынгу “Брэстаблхлебапрадукт” ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” займае лідзіруючую пазіцыю. Тэмп росту ўсіх затрат за дзевяць месяцаў 2017-га да папярэдняга года склаў 129,2 %. Асноўныя прычыны росту затрат на вытворчасць прадукцыі – гэта: 1) павелічэнне кошту на асноўныя віды збожжа, з якога вырабляецца камбікорм (ячмень, пшаніца, жыта, трыцікале, авёс, кукуруза), 2)падаражанне бялковай сыравіны (шрот, рыбная і мяса-косная мука), 3) павелічэнне колькасці вакцынацый на свінагадоўчым комплексе, 4) павелічэнне затрат на рубель вырабленай прадукцыі справацыравала і павелічэнне вытворчасці камбікормавай прадукцыі з уласнай сыравіны (на 104,4 %).
Васіль Канстанцінавіч занепакоены тым, што недахоп збожжа ўплывае на кошт сыравіны на рынку, і нестабільным фінансавым станам многіх сельгасвытворцаў, патэнцыяльных спажыўцоў прадукцыі камбікормавага завода. “Мы можам у месяц вырабіць і 20000 тон камбікармоў, аднак вельмі складана дабіцца грошай за пастаўленую прадукцыю. Таму трэцяя частка тавару адпраўляецца ў гандлёвую сетку, яшчэ столькі ж – на вырошчванне свіней у комплекс “Сычова”.
Нямала было зроблена завадчанамі па зніжэнні затрат цеплаэнергарэсурсаў. Сярод прынятых мер, напрыклад, укараненне сістэмы аўтаматычнага рэгулявання расходу цеплавой энергіі ў будынку лабараторыі; замена тэхналагічнага абсталявання на аналагічнае, толькі больш магутнай вытворчасці; замена лямпаў напальвання на энергазберагальныя свяцільнікі ў цэху фасоўкі і г. д. Гэта дало свой плён: так, з пачатку года было сэканомлена 135 Гкал і 213,1 тыс. КВт. Норма расходу цеплаэнергіі на выраб адной тоны насыпнога камбікорму ў бягучым годзе склала 62,6 кВт/г. або 95,1 % да ўзроўню папярэдняга года. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 2,7 % пры заданні мінус 2,5 %.
У той жа час павысіліся тарыфы на паслугі ЖКГ, сувязі, аховы, камісіі банкаў, ветлабараторыі на даследаванні і інш.
Выступленне дырэктара завода дапоўнілі спецыялісты прадпрыемства: галоўны інжынер Андрэй Трафімчук, начальнік планава-эканамічнага аддзела Іна Гаўрысюк, галоўны бухгалтар Алена Касмачова, начальнік РЭУ Сяргей Варабей.
У рабоце пасяджэння райвыканкама прыняў удзел генеральны дырэктар ААТ “Кіруючая кампанія холдынга” “Брэстаблхлебапрадукт” Уладзімір Воднеў. Уладзімір Аркадзьевіч падкрэсліў: захады, якія кіраўніцтва завода прымае па аптымізацыі затрат, правільныя, і выказаў меркаванне, што “прадпрыемства Жабінкаўшчыны ў хуткім часе пераадолее гэтую нестабільную сітуацыю і будзе адным з лепшых не толькі на Брэстчыне, але і ў рэспубліцы. А для гэтага ёсць усе падставы”.
Падвёў вынікі пасяджэння Дзмітрый Гарадзецкі. Па заслуханых пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%