Малочныя сакрэты жабінкаўцаў

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Жабінкаўшчына займае другое месца ў вобласці і сёмае ў рэспубліцы па надоях малака ад кароў – 5009 кілаграмаў (або +540 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года). За тры кварталы з фермаў раёна на перапрацоўку былі рэалізаваны 43 тысячы тон малака – з “плюсам” у 6,2 тысячы тон. Гэтыя паказчыкі даюць падставу ганарыцца, а яшчэ – павучыць іншых, як дасягнуць такіх вынікаў.
Менавіта з азнаямляльна-вучэбнай мэтай на Жабінкаўшчыне быў арганізаваны выязны семінар, на які запрасілі два дзясяткі кіраўнікоў сельгасарганізацый вобласці з нізкімі паказчыкамі эфектыўнай работы, слухачоў Цэнтра павышэння кваліфікацыі кадраў органаў дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання Брэсцкага аблвыканкама.
Удзельнікі семінара спрабавалі даведацца сакрэты паспяховай работы жабінкаўскіх жывёлаводаў. Першы вынікае з вядомай прыказкі: “Як карову накорміш – так яе і падоіш”. А збалансавана накарміць статак – ад цяляці да дойнай рагулі – бясспрэчна дапамагае жывёлаводам Брэстчыны ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Менавіта ён адна з крыніц паўнаводнай малочнай ракі. Дырэктар завода Васіль Волк расказаў пра гісторыю стварэння прадпрыемства, якія захады прымаліся па яго мадэрнізацыі. Дэлегацыя пабывала ў цэхах перапрацоўкі алейных культур і фасоўкі гатовай прадукцыі, наведала элеватар, лабараторыю, у якой вырошчваецца асетр, і інш.
Зацікаўленасць гасцей выклікала пабудаваная сёлета аўтаадмывальня з шынамантажом і ацяпляльны кацёл, у якім выдатна гарыць аспірацыйны пыл – кандыдат на тое, каб трапіць у смеццезвалку.
Пасля азнаямляльнай экскурсіі госці накіраваліся ў актавую залу завода. Васіль Канстанцінавіч расказаў пра дзень сённяшні прадпрыемства і як яму даводзіцца выжываць ва ўмовах моцнай канкурэнцыі. У прысутных, у прыватнасці, выклікала жывы інтарэс інфармацыя аб ленінградскім метадзе кармлення дойнага статка. “На Жабінкаўшчыне першы згадзіўся паўдзельнічаць у эксперыменце ААТ “Рагазнянскі”, – расказваў Васіль Канстанцінавіч. – Мы абяцалі гаспадарцы праз год прыбаўку надояў на 500 кілаграмаў – “Рагазнянскі” ж “сплюсаваў” на 980 кілаграмаў. Праз год сітуацыя паўтарылася. На трэці раз не давялося ўгаворваць старшыню купляць нашы камбікармы і атрымліваць стабільны прыбытак. Сёлета гэтая гаспадарка плануе ўзяць 8000-ы надой.
На Брэстчыне яшчэ некалькі вядомых гаспадарак падхапілі эксперымент і дагэтуль з’яўляюцца нашымі пастаяннымі спажыўцамі. Мы займаемся выпускам якасных камбікармоў. Набыццё ўсялякіх міні-заводаў не вырашыць праблему збалансаванага корму ў адстаючых сельгаспрадпрыемствах. Чаго ўтойваць, вы не раз скормлівалі жывёле папсаванае збожжа. У нас жа – шматступеньчаты кантроль якасці, пачынаючы ад паступлення на завод сыравіны і да выхаду за вароты гатовай прадукцыі. “Кустарным” спосабам якасці і харчовай спажыўнасці корму не даб’ешся. Аб якіх прыбаўленнях у вазе скаціны і надоях тады можа ісці гутарка?” – рэзюмаваў дырэктар.
Цікавіла ўдзельнікаў семінара таксама работа і акупляльнасць свінакомплексу “Сычова”. Ён ужо запоўнены (праектная магутнасць 18 тысяч галоў), па бізнес-плане акупіць сябе за 12 гадоў. Жыхары горада ўжо маюць магчымасць купляць свежую свініну ў спецыялізаваным магазіне.
Затым семінар меў працяг на малочнатаварнай ферме “Агароднікі” ААТ “Вазнясенскі”. Госці былі прыемна ўражаны ідэальнай чысцінёй і парадкам як у памяшканнях, так і вакол тэрыторыі. Клумбы, утульныя альтанкі, афарбаваныя ў яркія колеры агароджа і сцены жывёлагадоўчых памяшканняў “выдаюць” жаночую руку кіраўніка Надзеі Кандрацюк. І хаця яна на чале гаспадаркі ўсяго толькі сёмы год, многае паспела зрабіць, падцягнула звычайны сельгаскааператыў-“сярэднячок” да ўзроўню малочнага і раслінаводчага лідара раёна. За гэты час ферма “Агароднікі” паспела “прырасці” 12 жывёлагадоўчымі памяшканнямі і “абзавесціся” дзвюма даільнымі заламі. Жывёлы падзелены на групы, атрымліваюць адпаведнае меню і догляд. Гонар “Агароднікаў” – цялятнік з асобнымі пластыкавымі боксамі, у якіх цяляты знаходзяцца да двухмесячнага ўзросту. “Калі цялятка нараджаецца, абавязкова атрымлівае малозіва праз зонд, абсыхае пад лямпай у “доміку” і трапляе ў рукі адказнай і любячай сваю справу цялятніцы, – расказвала прысутным Надзея Рыгораўна. – Кармленне па рэжыме, усё меню згодна з узростам маладняку і абавязкова камбікорм. Будзе тэхналагічная дысцыпліна – будзе і вынік. Мы фактычна забыліся, што такое падзеж. Захаванасць цялят у нас складае 92 %.
У сярэднім на дарошчванні яны папраўляюцца ў вазе на 810 грамаў. А толькі са здаровай, удосталь накормленай цялушкі мы можам у далейшым атрымаць добрую дойную карову”.
Дарэчы, статак “Вазнясенскага” налічвае 2500 галоў, з іх дойных рагуль – 830. Надой на карову за 10 месяцаў склаў 6796 кілаграмаў малака (+522), а на перапрацоўку з пачатку года яго было рэалізавана 5058 тон.
Нават зараз, нягледзячы на зімовае меню, ад кожнай рагулі атрымліваюць 21,7 кілаграма малака. Статак з ліхвою забяспечаны кармамі, пры гэтым ёсць магчымасць прадаць лішкі іншым гаспадаркам.
Адзін з кіраўнікоў, удзельнік семінара, пацікавіўся ў Надзеі Рыгораўны, як ім удаецца здаваць малако гатункам “экстра” і вышэйшым, маўляў, у яго на адной з ферм аналагічная даільная зала, дояць два разы на дзень, а “экстры” не відаць… “Дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна”, – быў адказ. “Экстра” эканоміі і разгільдзяйства не любіць. Элементарная апрацоўка вымені, недапушчэнне малака ад мастытных кароў у агульны “кацёл” (а гэта лёгка выяўляе лабараторнае даследаванне), ужыванне аднаразовых сурвэтак, стараннае прамыванне даільнага абсталявання – тое, што пад сілу любому аператару машыннага даення, які зацікаўлены ў канчатковым выніку і, адпаведна, у фінансавым узнагароджанні за працу.
Сакрэту нібыта ніякага няма, а вынікі гаспадарлівасці ў “Вазнясенскім”, тым не менш, уражваюць, і таварыства неаднойчы станавілася гонарам вобласці і рэспублікі.
Наступная гаспадарка, якую ўдзельнікі семінара наведалі ў той жа дзень, ААТ “Жабінкаўскі”. Пра стан эканомікі таварыства гасцям расказваў галоўны эканаміст Віктар Валасюк. Некалькі гадоў таму да “Жабінкаўскага” далучылася яшчэ адна гаспадарка – “Якаўчыцы”. Цяпер агульная плошча складае 5846 гектараў, з якіх ворыўных – 4642 га. Даволі няблага развіваецца ў ААТ “Жабінкаўскі” раслінагадоўчая галіна. Сёлета, напрыклад, сабралі 8316 тон збожжа (+15 % да 2016 года), пры сярэдняй ураджайнасці 43,2 ц/га – а гэта другі вынік у раёне. Дарэчы, за дасягненне высокіх паказчыкаў на жніве сёлета ААТ “Жабінкаўскі” заняло ганаровае першае месца ў раёне. Тут няблага ўрадзілі цукровыя буракі – іх накапалі 17,6 тысячы тон (+2 тысячы) пры сярэдняй ураджайнасці 627,6 ц/га.
Адна з галоўных задач, якія стаяць перад агранамічнай службай гаспадаркі, – забяспечыць кармамі грамадскае пагалоўе. На адну ўмоўную галаву тут нарыхтавана 30 ц. к. адз. На зімоўку хопіць сена, сенажу і сіласу.
Нядрэнна ідуць справы і на малочнатаварных фермах. Так, за 10 месяцаў валавая вытворчасць малака 8698 тон (+1039 тон да мінулага года), надой на карову – 5320 кг, таварнасць яго склала 91,5 % (+5,7 % да аналагічнага перыяду папярэдняга года).
Затым удзельнікі семінара пераехалі на МТФ “Курпічы”, дзе яе загадчык Антаніна Багатка правяла экскурсію па памяшканнях, расказала пра поспехі і планы на далейшае. Вынікі семінара падвёў Аляксандр Кучынскі, намеснік старшыні райвыканкама (у мінулым, дарэчы, галоўны вет-урач ААТ “Жабінкаўскі”).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.