Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Гучыць крыху загадкава, інтрыгуюча і не зусім зразумела? Што ж, гэтую галаваломку давялося разгадаць 25 лістапада ўдзельнікам квэста “Ведай нашых!”, які праводзіўся сярод працуючай моладзі нашага горада.
Аднак, пра ўсё па парадку.
Не здзіўляйцеся: каб патрапіць з цэнтра Жабінкі на экватар, аказваецца, можа спатрэбіцца праляцець 5770 кіламетраў на самалёце, альбо аб’ехаць на аўто… паўраёна, ці… прайсці пешшу ўсяго некалькі крокаў па нашым цудоўным горадзе! Суботнім гожым днём у гэтым пераканаліся ўдзельнікі квэста, арганізаванага райкамам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Ад гарадскога Дома культуры на старт выйшлі тры каманды – раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, камбікормавага завода і зборная міліцэйска-настаўніцкая “дружына”, што складалася з прадстаўнікоў РАУС і педагогаў першай гарадской школы.
Для таго, каб асіліць усе перашкоды на сваім шляху, камандам давялося праявіць кемлівасць, веды па гісторыі
Што патрэбна, каб патрапіць
на экватар з… ГДК? СПАБОРНІЦТВЫроднага краю, уменне хутка арыентавацца на мясцовасці і ў бязмежным моры інтэрнэту. А яшчэ – наведаць знакавыя аб’екты Жабінкаўшчыны: помнік ахвярам Халакоста на гарадскіх могілках, Свята-Мікалаеўскую праваслаўную царкву ў Вяліках Сяхновічах, Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, што месціцца ў Сяхновічах Малых, мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, створаны на месцы вёскі, знішчанай карнікамі 11 верасня 1942 года.
У выніку геаграфічныя і гістарычныя шляхі-дарогі вярнулі ўдзельнікаў квэста амаль у тую самую кропку, адкуль яны стартавалі, – да выявы глобуса, што вось ужо дзесяць гадоў, як знаходзіцца паблізу ГДК.
Паколькі спаборніцтва мела назву “Ведай нашых!”, з задавальненнем пералічым НАШЫХ, каб кожны ВЕДАЎ імёны не толькі пераможцаў, але й прызёраў, што згадзіліся вось так не зусім звычайна правесці свой выхадны дзень.
Гэта найперш актывісты пярвічнай арганізацыі “БРСМ” ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Раман Андраюк, Васіль Калыбскі, Яўген і Юлія Васілевічы.
На другім выніковым радку размясціліся праваахоўнікі Руслан Арабчук і Уладзімір Зарэмба ды настаўніцы Вольга Булай і Анастасія Ізотава.
А пераможцай займальна-пазнавальнага квэста стала надзвычай дружная каманда Жабінкаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў складзе Лідзіі Лінік, Ганны Шэйда і двух Сяргеяў – Андраюка і Шэйды. Дарэчы, для выканання ўсіх заданняў ім спатрэбілася крыху больш за гадзіну.
Нашы шчырыя віншаванні ў адрас добрых, лепшых і выдатных, здольных даказаць, што Жабінка – па меншай меры пуп зямлі! Прынамсі, ужо ў ходзе гульні ўзнікла ідэя наступны квэст з краязнаўчым ухілам правесці выключна ў рамках горада, а магчыма, і выйсці на міжраённую “арбіту”, выклікаўшы на спаборніцтвы маладых людзей з Камянецкага і Брэсцкага раёнаў. Што ж, паглядзім, што патрэбна, каб ідэя стала справай…
На здымку: каманда пераможцаў квэста “Ведай нашых!” каля “глобуса Жабінкі”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%