Паважаныя юрысты Жабінкаўскага раёна!
Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам – Днём юрыста!
Ваша прафесія заўсёды лічылася адной з самых ганаровых і значных, таму што яна звязана з вялікай адказнасцю за лёсы людзей. Ад вашай штодзённай дзейнасці ў значнай ступені залежаць парадак, узровень прававой культуры, абароненасць правоў і свабод грамадзян.
Няхай высокі прафесіяналізм, прынцыповая грамадзянская пазіцыя, бездакорная рэпутацыя будуць і надалей зарукай умацавання законнасці, стабільнасці і правапарадку ў раёне.
Жадаем усім моцнага здароўя, міру, шчасця і дабрабыту.
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.
Феміда не бывае невідушчай
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.
Хоць традыцыйна багіню правасуддзя ўяўляюць з павязкай на вачах, але ж у руках яе меч – сімвал немінучага пакарання за парушэнне закону – і шалі, на якіх узважана выносяцца судовыя рашэнні. Гэта цудоўна разумее Дзмітрый Куроўскі, які сёлета прыйшоў на пасаду суддзі Жабінкаўскага раёна.
Ужо ў роднай Ражанкаўскай школе, што на Гарадзеншчыне, у Дзмітрыя ўзнікла цяга да юрыспрудэнцыі. Таму пасля атрымання сярэдняй адукацыі выбар свой зрабіў без ваганняў: юрыдычнае аддзяленне дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, што месціцца ў горадзе над Бугам. Дакладныя навукі для будучага правазнаўцы былі заўжды ў прыярытэце. А што можа быць дакладней за прафесію, якая вырашае чалавечыя лёсы? На гэтае рытарычнае пытанне ў хуткім часе быў адшуканы адказ, таму і каледж Дзмітрый Генадзьевіч скончыў з дыпломам з адзнакай.
У студзені 2009-га прыйшоў у суд Ленінскага раёна горада Брэста на пасаду сакратара судовых пасяджэнняў. Затым былі праца ў якасці судовага выканаўцы і ра-зуменне, што трэба рухацца далей па кар’ернай лесвіцы. А гэта немагчыма без ведаў. Таму Дзмітрыя Куроўскага зноў чакала студэнцкая лава – на юрыдычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі малады юрыст уладкаваўся на працу старшага судовага выканаўцы суда Брэсцкага раёна. У 2014 годзе ў сувязі з рэарганізацыяй інстытута судовых выканаўцаў стаў начальнікам аддзела прымусовага выканання Брэсцкага раёна. Нарэшце сёлета, у першы веснавы дзень, стаў стажорам суддзі Жабінкаўскага раёна. Нюансы судовай практыкі тлумачыў старшыня суда Віктар Віктаравіч Новік, якому Дзмітрый Генадзьевіч выказвае падзяку за падтрымку і дапамогу.
– І раней чуў, – расказвае Куроўскі, – што на Жабінкаўшчыне на высокім узроўні арганізавана дзейнасць суда і ўсіх праваахоўных органаў, прыемна, што давялося ўвачавідкі ў гэтым упэўніцца. У самой установе працуюць кваліфікаваныя спецыялісты. Увогуле, узаемаадносіны ў судзе на высокім прафесійным і агульначалавечым узроўні. Таму з задавальненнем прыняў прапанову далучыцца да гэтага калектыву на час адсутнасці суддзі Людмілы Рубашэўскай, якая выконвае пачэсны абавязак – выхоўвае маленькае дзіця.
Знамянальным стала 25 мая 2017 года, калі Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб прызначэнні 55 новых суддзяў, у іх ліку – суддзі Жабінкаўскага раёна Дзмітрыя Генадзьевіча Куроўскага.
Канечне, на доўгія гады запомніцца справа, якую ўпершыню вёў самастойна, апрануўшы судзейскую мантыю. Разбіраўся хуліганскі ўчынак дзвюх маладых асобаў, што бяздумна крушылі агароджу ў нашым цудоўным горадзе. Адна з апошніх па часе цікавых спраў тычылася падзелу дома. Зусім нядаўна фігуранты гэтай справы кляліся ў каханні і вернасці, ды сямейная лодка нечакана дала цечу і разбілася аб хвалі сямейнага быту. Вось і прыйшлі ўжо былыя муж і жонка ў суд, каб “падзяліць цяжар сумеснага жыцця”, а каменем спатыкнення сталі славутыя квадратныя метры. Прычым, мужу ў агульным жытле павінна было дастацца ўсяго толькі два з паловаю метры. Ды былая супружніца палічыла, што і гэтага яму занадта… Бо хацелася мець усё жыллё да рэшты! Паводле закона суд устаў на бок колішняга мужа, які мае права хоць на такую нязначную, ды ўсё ж сваю частку маёмасці.
Прыемна, што ў самога суддзі ў сямейным жыцці лад і паразуменне. Штовечара чакае яго жонка Вольга, ад якой адчуваецца падтрымка, калі па важных судовых клопатах муж часам затрымліваецца на працы. Гэтыя цёплыя адносіны, лічыць Дзмітрый Генадзьевіч, дапамагаюць яму штодня, бо ведае, што ў родным доме чакае ўтульнасць і сямейны агмень, распалены клапатлівай жаночай рукой.
Напярэдадні Дня юрыста суддзя выказвае шчырыя пажаданні калегам мець моцнае здароўе і цярплівасць, паколькі праца ў юрыстаў надзвычай няпростая, даводзіцца весці справы з рознымі людзьмі, нярэдка з тымі, хто мае багатае крымінальнае мінулае. Дзмітрый Генадзьевіч зычыць усім, у каго заўтра прафесійнае свята, шчасця, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, каб даводзілася выконваць законы не толькі пісаныя, але й тыя, што занатаваны ў Святым Пісанні – важнай крыніцы нашага жыцця.
На здымку: суддзя Жабінкаўскага раёна Дзмітрый КУРОЎСКІ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%