Сняцца юрысту зоркі… на пагонах

Дар’я НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Жабінкавец Сяргей Андраюк марыў стаць студэнтам Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, але па волі лёсу не ўдалося ажыццявіць запланаванае. Малады чалавек тады вырашыў вывучаць юрыспрудэнцыю і паступіў у каледж бізнесу і права ў Брэст. Зараз спецыяліст-пачатковец набіраецца вопыту і ўдасканальваецца ў прафесіі на базе раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, але не развітваецца з жаданнем у будучым апрануць форму з пагонамі.

Сяргей з тых маладых людзей, якія адначасова цікавяцца навукай і сябруюць з фізічнай культурай. “У школе мне вельмі падабаліся захапляльныя ўрокі грамадазнаўства, якія праводзіла настаўніца першай адзінаццацігодкі Марына Іпатава, – прызнаецца малады чалавек. – Заўжды прывабліваў таксама здаровы лад жыцця, таму з задавальненнем абараняў гонар установы на раённым узроўні: бегаў, скакаў у вышыню, гуляў у баскетбол і валейбол. Удзельнічаў таксама ў спаборніцтвах па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Падтрымлівалі і рыхтавалі мяне настаўнікі Юрый Сянішын і Аляксандр Дарафяйчук”.
Добрая фізічная форма вельмі патрэбна студэнтам Акадэміі міністэрства ўнутраных спраў, але ў выніку перамагла любоў да прававых навук. У каледжы бізнесу і права мой герой не толькі атрымаў неабходныя веды, але й сустрэў сапраўдных сяброў. Зараз працягвае навучанне па спецыяльнасці ў Брэсцкім універсітэце імя А.С. Пушкіна і працуе юрысконсультам у Жабінкаўскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры. Сяргей стаў часткай дружнага калектыву цэнтра два гады таму. Малады чалавек адказвае за састаўленне іскавых заяў, праводзіць кансультацыі грамадзян па сямейных пытаннях, з’яўляецца прадстаўніком аддзела адукацыі, спорта і турызму райвыканкама на судовых пасяджэннях. У складзе камісіі ён наведвае сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
– Справа адказная, псіхалагічна няпростая, але наш малады зла-джаны калектыў заўжды дапаможа мне справіцца з цяжкасцямі і падыме настрой, – заўважае Сяргей. – Адчуваю падтрымку дырэктара ўстановы Марыны Карповіч, прыемна працаваць у адной камандзе з сацыяльным педагогам Лідзіяй Лінік і псіхолагам Ганнай Шэйда.
Без майго героя не абыходзіцца амаль не адна акцыя на Жабінкаўшчыне. Сяргей актыўны ўдзельнік дабрачынных мерапрыемстваў, якія праводзяць раённыя арганізацыі і аб’яднанні: Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, аддзел надзвычайных сітуацый, інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольна-
га асяроддзя ды іншыя. Валанцёр знаходзіць час, каб дапамагчы адзінокім і пажылым людзям, паўдзельнічаць у студатрадаўскім руху, зрабіць наш горад больш чыстым і ўтульным. “Стараюся не заставацца ў баку ад добрых спраў, якія ладзяцца ў раёне, атрымліваю задавальненне ад таго, што магу быць карысны людзям, – кажа Сяргей. – Удзячны першаму сакратару РК ГА “БРСМ” Марыі Сянішынай, якая запрашае мяне паўдзельнічаць у акцыях і дае магчымасць зрабіць свой унёсак”.
У тым жа 2015-м для Сяргея Андраюка пачалася служба ў рэзерве. Малады чалавек праходзіць яе ў вой-сках супрацьпаветранай абароны ў Івацэвіцкім раёне. Прызнаецца, што хутка прывык да армейскага жыцця, толькі спачатку было цяжка прачнуцца ў 6 гадзін раніцы. У войску прыйшла на дапамогу добрая фізічная падрыхтоўка. Зараз Сяргей мае званне сяржанта і з’яўляецца камандзірам аддзялення пераноснага зенітнага ракетнага комплексу.
Поспехам сына радуюцца матуля Ала Вікенцьеўна і бацька Валерый Мікалаевіч, заўжды рады дапамагчы малодшаму брату старэйшы Яўген. Андраюкі маюць добрую традыцыю: вялікім дружным сямействам святкуюць Раство ў бабулі ў Ленінскім. Часта разам адпачываюць. У вольны час мой герой любіць наведацца ў трэнажорную залу, пакатацца на веласіпедзе, адправіцца на прыроду з палаткамі і нават прыгатаваць што-небудзь смачнае. Не забывае Сяргей і пра чытанне – у яго руках можна заўважыць не толькі дэтэктывы і прыгодніцкія кнігі, але й літаратуру па спецыяльнасці. Малады чалавек прызнаецца, што жадае ўдасканальвацца як юрыст, але ўсё ж такі хоча, каб у далейшым злучыліся ў адно прафесія і мара апрануць форму з пагонамі.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.