Бяспечныя паводзіны
засцерагуць ад захворвання
У свеце больш за 33 мільёны чалавек сёння жывуць з ВІЧ/СНІДам. У Беларусі з 1987 года да 1 лістапада сёлетняга зарэгістраваны 24164 выпадкі ВІЧ-інфекцыі (у кастрычніку гэтага года – 201); у Брэсцкай вобласці – 1855 выпадкаў; у нашым раёне – 14 (сёлета зарэгістраваны адзін выпадак).
ВІЧ – інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека. Яно працякае з паражэннем жыццёва-важных клетак ахоўнай сістэмы арганізма. Па гэтай прычыне ў захварэлага развіваюцца розныя запаленчыя захворванні, злаякасныя новаўтварэнні, якія прыводзяць да смяротнага зыходу. Адзінай крыніцай заражэння з’яўляецца інфіцыраваны чалавек.
Праблема распаўсюджвання эпідэміі СНІДу носіць глабальны характар і з’яўляецца актуальнай для ўсіх краін, у тым ліку і для Беларусі. На сённяшні дзень хвароба закранула ўсе слаі насельніцтва незалежна ад полу, узросту і сацыяльнага статусу.
ВІЧ-інфіцыраваны – гэта чалавек, у арганізме якога ёсць ВІЧ. Вірус можа знаходзіцца ўнутры дзесяць і больш гадоў, перш чым чалавек адчуе якія-небудзь сімптомы захворвання. На працягу гэтага перыяду ён можа выглядаць і адчуваць сябе абсалютна здаровым, але пры гэтым перадаваць вірус іншым. Пераважная колькасць ВІЧ-інфіцыраваных – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў. Сярод захварэлых больш мужчын, аднак няўхільна адзначаецца рост ліку жанчын.
Асноўным у папярэджанні распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі, улічваючы адсутнасць спосабаў вылечыцца, з’яўляецца прафілактыка. Яна павінна быць накіравана на ўсё насельніцтва і ў першую чаргу на маладых людзей, на прапаганду бяспечных паводзінаў і жыцця без наркотыкаў.
Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, урач-інфекцыяніст Жабінкаўскай ЦРБ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%