Падчас наглядных мерапрыемстваў, якія праводзяць спецыялісты Жабінкаўскага райЦГЭ, працягваюць выяўляцца парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.
Апошні маніторынг у лістападзе сумесна з начальнікам аддзела працы і занятасці ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Марынай Кірылюк паказаў, што кіраўнікамі асобных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з году ў год не прымаюцца меры па стварэнні неабходных умоў працы для работнікаў, асабліва ў халодны перыяд года.
Так, на момант праверкі ў ААТ “Азяты АГРА”, “Ракітніца”, “Жабінкаўскі”, “Арэпічы” не ўшчыльнены вароты, тэхналагічныя праёмы ў памяшканнях рамонтна-механічных майстэрняў (далей – РММ). Вытворчыя памяшканні ў майстэрнях не ацяпляюцца, не захоўваецца неабходны паветрана-цеплавы рэжым, рабочыя гаспадарак не забяспечаны цёплым спецадзеннем.
Выяўляюцца і парушэнні санітарнага заканадаўства, для ліквідавання якіх не патрабуюцца вялікія матэрыяльныя затраты. Напрыклад, у ААТ “Жабінкаўскі” металічныя кантэйнеры для цвёрдых бытавых адходаў, металалому і іншага не прамаркіраваны, адсутнічаюць накрыўкі на асобных кантэйнерах. У РММ участка № 1 “Жабінка“ калодзеж са сцёкавымі водамі ад вонкавай мойкі перапоўнены, вакол лужыны, не праводзіцца своечасовае адкачванне сцёкавых вод і чыстка каналізацыйнага прыямка. Ёсць вокны з разбітым шклом, парушана цэласнасць пакрыцця крэсла зваршчыка, не абсталявана памяшканне для абагравання рабочых. У РММ участка
№ 2 “Якаўчыцы” ў аглядавых канавах цэха па рамонце тэхнікі разламаны драўляныя трапы, не праводзіцца своечасовая замена перагарэлых лямпаў у РММ і на пілараме. На асобных лямпах адсутнічаюць плафоны, няма належнага санітарнага парадку ў бытавым памяшканні піларамы і іншае. У ААТ “Арэпічы” неўпарадкавана захоўванне металалому на мехдвары. Не праводзіцца своечасовая ўборка пляцоўкі вонкавай мойкі сельгасмашын (паўсюль лужыны, гразь), не ацяпляецца такарны цэх.
Па выніках наглядных мерапрыемстваў у адрас кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый накіраваны рэкамендацыі.
Ганна РЭМЕШ, памочнік урача-гігіеніста Жабінкаўскага райЦГЭ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%