Млын моцны вадой, а чалавек – ядой

Млын моцны вадой, а чалавек – ядой

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

На мінулым тыдні, 22 лістапада, на базе трэцяй гарадской школы прайшла кансультацыйна-адукацыйная акцыя “Школьнае харчаванне – здаровае і рацыянальнае!”. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, урачы райбальніцы і спецыялісты райЦГЭ, кіраўнікі ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны, настаўнікі, вучні, бацькі.

Мерапрыемства пачалося з флэшмоба “Здаровае харчаванне – паспяховая адукацыя”, які падрыхтавалі і правялі вучні трэцяй школы. На другім паверсе ўдзельнікі акцыі пазнаёміліся з выставай-прэзентацыяй “Здароўе на талерцы”. Яны ўбачылі прыгожыя, аформленыя з неверагоднай фантазіяй кампазіцыі з садавіны, гародніны, фруктаў. Тут вам вожыкі з груш, цюльпаны з памідораў, насельнікі марскіх глыбінь з морквы і буракоў. Увагу ўсіх прыцягваў незвычайны паўлін, рознакаляровы пышны хвост якога быў зроблены з апельсінаў, ківі, мандарынаў, вінаграду ды іншых фруктаў і ягад.
Госці мелі магчымасць памераць артэрыяльны ціск, рост і вагу, разлічыць індэкс масы цела, атрымаць кансультацыі ўрачоў раённай бальніцы, спецыялістаў райЦГЭ па пытаннях здаровага харчавання, пазнаёміцца з інфармацыйна-адукацыйнымі матэрыяламі па гэтай тэматыцы.
І вось настае ўрачысты момант адкрыцця акцыі. Да прысутных звяртаецца намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк. Ала Сцяпанаўна зазначыла, што такая акцыя ладзіцца ў раёне ўпершыню. Раней яна стартавала ў горадзе над Бугам і цяпер праходзіць ва ўсіх рэгіёнах Брэстчыны. У далейшым акцыя будзе мець працяг у нашым раёне: яна пройдзе і ў іншых установах адукацыі Жабінкаўшчыны. Падчас яе ёсць магчымасць яшчэ раз пагаварыць пра здаровае харчаванне, задаць пытанні спецыялістам, атрымаць кансультацыі, звярнуць увагу вучняў, бацькоў, што менавіта яно – адзін з важнейшых складнікаў здароўя чалавека. А быць здаровым сёння – гэта модна і прэстыжна.
Вітала ўдзельнікаў акцыі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. Галіна Сцяпанаўна адзначыла важнасць і значнасць мерапрыемства. Яно дае магчымасць яго ўдзельнікам у розных формах атрымаць інфармацыю пра здаровае харчаванне, якое з’яўляецца асновай здароўя чалавека.
Урач-педыятр Жабінкаўскай ЦРБ Людміла Ігнацюк звярнула ўвагу прысутных, што ў выніку няправільнага харчавання ў школьнікаў узнікаюць сур’ёзныя захворванні і праблемы са здароўем. Гэта залішняя вага і атлусценне, парушэнні ў рабоце сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай і нервовай сістэм, у фарміраванні шкілета, захворванні страўнікава-кішэчнага тракта, органаў зроку і многія іншыя. Людміла Мікалаеўна нагадала бацькам, што дзеці абавязкова павінны снедаць дома, а ўжо другі сняданак атрымліваць у школе. Гаварыла ўрач пра рэгулярнасць, шматразовасць і рознабаковасць харчавання. Каб школьнікам спраўляцца са штодзённымі нагрузкамі і мець поспехі ў вучобе і спорце, харчавацца патрэбна правільна.
На асноўных прынцыпах рацыянальнага харчавання спынілася ў сваім выступленні ўрач-валеолаг раённай бальніцы Ірына Астроўская. Па-першае, павінна быць раўнавага паміж энергіяй, што паступіла з ежай, і той, якая расходуецца ў працэсе жыццядзейнасці чалавека. Па-другое, патрэбна захоўваць рэжым харчавання. Па-трэцяе, яно павінна быць разнастайным, паўнавартасным і збалансаваным па наборы жыццёва важных элементаў: бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мікраэлементаў.
Урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Лапус адзначыў, што пры няправільным харчаванні пакутуе ўвесь арганізм дзіцяці, бо ў ім усё ўзаемазвязана. З-за гэтага ўзнікаюць розныя захворванні, пра што сведчыць аналіз здароўя школьнікаў раёна. У будучым мы хочам бачыць здаровае пакаленне, таму правільнаму харчаванню патрэбна надаваць належную ўвагу як у сям’і, так і ва ўстановах адукацыі.
Ад імя бацькоў слова трымаў Аляксандр Печур. Аляксандр Мікалаевіч выказаў падзяку кіраўніцтву раёна, аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за вылучаныя сродкі на капітальны рамонт харчаблока трэцяй гарадской школы, за яго якаснае правядзенне. Падзякаваў таксама кіраўніцтву ўстановы за граматную арганізацыю харчавання школьнікаў, поварам, работнікам харчаблока – за смачныя і карысныя стравы, якія яны гатуюць навучэнцам школы.
Далей удзельнікам акцыі быў паказаны відэаролік, прысвечаны здароваму ладу жыцця, які ўключае захоўванне рэжыму дня і правілаў гігіены, фізічную нагрузку і правільнае харчаванне. Апошні кампанент – адзін з найважнейшых. Але ці ўся ежа, што мы ўжываем, аднолькава карысная? Якую патрэбна выбіраць, каб захаваць сваё здароўе на доўгія гады? Пра гэта расказала гасцям агітбрыгада “Вітамінка” падчас свайго выступлення “Новае пакаленне выбірае правільнае харчаванне”.
Затым акцыя прадоўжылася ў школьнай сталовай. Гасцей сустрэў казачны Майдадыр са сваімі сябрамі. Разам яны яшчэ раз нагадалі ўсім, што перад прыёмам ежы патрэбна абавязкова мыць рукі, каб пазбегнуць вострых кішэчных інфекцый. У сталовай удзельнікі акцыі мелі магчымасць прадэгуставаць прадукцыю ААТ “Экзон” (г. Драгічын): гематаген і напіткі з сіропу шыпшыны з рабінай звычайнай, а таксама сокі, прадастаўленыя Брэсцкім гандлёвым прадпрыемствам “Плодаагародніна”. Рознакаляровыя шклянкі з маркоўным, гарбузовым, гарбузова-яблычным сокамі вабілі і дзяцей, і дарослых.
Васьмікласнікі трэцяй школы паўдзельнічалі ў кулінарным батле “Малочная акадэмія, ці Урокі здаровага харчавання”, які арганізавалі і правялі з навучэнцамі прадстаўнікі ААТ “Савушкавы прадукт”. Камандам школьнікаў прапаноўваўся свой пэўны набор прадуктаў. Першапачаткова патрэбна было здагадацца, якая страва тут зашыфравана, а потым прыгатаваць яе. Усе тры каманды справіліся з заданнем на выдатна: таямніца рэцэптаў была раскрыта, і ў выніку сумеснага прыгатавання атрымаліся смачныя і пажыўныя стравы – салаты з гародніны і фруктаў са смятанай і тварожны лаваш з зяленівам і гароднінай, у аснове якіх малочная прадукцыя прадпрыемства. З ёй госці маглі пазнаёміцца тут жа на выставе, арганізаванай таварыствам. На памяць аб сустрэчы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ААТ “Савушкавы прадукт” Дар’я Гарбацкая ўручыла намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце трэцяй школы Ганне Кулагінай кулінарную кнігу з рэцэптамі карысных страў.
У той дзень у школе была арганізавана выстава сценгазет “Вітаміны – эліксіры жыцця”, у класах прайшлі інфармацыйныя і класныя гадзіны, прысвечаныя здароваму харчаванню. Акцыя яшчэ раз паказала: менавіта яно стаіць у аснове здароўя чалавека. Нездарма народная мудрасць гаворыць: “Млын моцны вадой, а чалавек – ядой”.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*