Святлана БЯЛЯК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У мінулую пятніцу ў па-святочнаму ўбранай зале ГДК было шматлюдна. Сюды прыйшлі тыя, чый лёс быў і застаецца звязаным з дзейнасцю ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. І нагода для гэтага самая найлепшая – святкаванне юбілею. Сёлета вядомаму ў краіне і за яе межамі вытворцу камбікармоў споўнілася 60 гадоў.
Пра будаўніцтва, мантаж новых ліній, мадэрнізацыю прадпрыемства, асваенне новых рынкаў, выхад з крызісных сітуацый прысутныя даведаліся з цікавага відэафільма. Яго дапоўнілі ўспаміны першага выступоўцы – дырэктара камбікормавага завода Васіля Волка, які, дарэчы, і адкрыў свята.
Шмат цёплых і шчырых слоў-віншаванняў гучала са сцэны з вуснаў іншых запрошаных шаноўных гасцей: старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Ашмянцава, старшынь Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага і райсавета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка, першага намесніка старшыні камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Буткевіча, генеральнага дырэктара ААТ “Кіруючая Кампанія Холдынга “Брэстхлебапрадукт” Уладзіміра Воднева, старшыні Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталлі Карпук і інш. Яны таксама ўручылі заслужаныя ўзнагароды лепшым працаўнікам прадпрыемства.
Словы ўдзячнасці за шчырую працу завадчанам і пажаданні дабрабыту і росквіту змяняліся музычнымі і танцавальнымі нумарамі. Віртуозна ігралі на акардэоне і саксафоне артысты з Брэста, спявала Алена Надольская і Сяргей Палагін. Захапляльныя танцавальныя нумары дарылі завадчанам выхаванцы “Каруначкаў”і дарослыя артысты, удзельнікі танцавальных калектываў “Фантазія”, “Залескі”, “Рада”. Святочны канцэрт завяршыўся яркім піратэхнічным фантанам.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%