Доктар Базіль супраць СНІДу

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота з архіва Васіля ВАШЧУКА.
30 гадоў таму нараджэнец Сцяпанак хірург Васіль Вашчук правёў прыблізна 200 аперацый пацыентам, што пакутавалі на малавядомую хваробу, якую пазней назавуць “чумой ХХ стагоддзя”.

Гэта была ўжо трэцяя экватарыяльная камандзіроўка Васіля Васільевіча, якога ў Афрыцы звалі “доктар Базіль”, на Чорны кантынент. Раней працаваў у Малі і Конга, цяпер чакала Бурундзі. Ехаў ужо не простым урачом, але хірургам-кансультантам і кіраўніком місіі савецкіх медыкаў.
– Абстаноўка была безнадзейная, бурундзійцы паміралі ад невядомай хваробы, – успамінае хірург. – Мы фіксавалі агульнае недамаганне, крайні ўпадак сіл, тэмпературу, што магла трымацца больш за месяц… А затым пацыент паміраў. Людзі цураліся адзін аднаго. Памятаю, неяк судзілі хворага з характэрнымі сімптомамі. Усе ў зале сядзелі ў марлевых павязках. Раптам падсудны чыхнуў, суддзя адразу абвясціў перапынак, і на некалькі дзён працэс прыпыніўся.
У восемдзесят пятым, каб вызначыць від інфекцыі, па лініі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Бурундзі прыбыла місія бельгійскіх спецыялістаў з лабараторным абсталяваннем і рэактывамі для вызначэння інфекцыі. Праз год стала вядома: у краіне СНІД. Але, каб не сеяць паніку, паведамляць пра тое мясцовы ўрад забараніў і выслаў вучоных у Еўропу.
– Ратуючы хворых, – працягвае Вашчук, – урачы і сябе імкнуліся абараніць. Пачалі карыстацца гумавымі пальчаткамі, стараліся пазбягаць пырскаў крыві. Пасля кожнай аперацыі я піў супакойлівыя прэпараты. Але ж перасцярогі спрацоўвалі не заўсёды. Двойчы на год медыкі атрымлівалі павестку, каб здаць аналіз на ВІЧ. Быў выпадак, калі, даведаўшыся пра сумныя вынікі, адзін з дактароў наклаў на сябе рукі. Чарговай ахвярай стаў санітар, што мыў інструменты. Так на памылках, пакутах і смерцях нараджаліся крупінкі першаснага вопыту. Змяніўся агульны падыход, аперацыйная стала лічыцца асаблівай зонай.
Паміж 1984 і 1987 гадамі Васіль Васільевіч прааперыраваў каля дзвюх соцень хворых на ВІЧ, аблягчаючы іх пакуты.
– Я хацеў выступіць з дакладам пра СНІД у савецкім пасольстве. Ды пачуў у адказ: “Няма чаго бударажыць людзей! Гэта капіталістычная хвароба, і нашым грамадзянам яна не пагражае”.
Пасля заканчэння камандзіроўкі кожны спецыяліст прайшоў лабараторнае абследаванне. Адна сям’я, у якой муж быў хірургам, а жонка гінеколагам, аказалася інфіцыраваная. На радзіму яны вярталіся хворымі, а праз колькі год памерлі. У Савецкім Саюзе ў той час яшчэ нічога не друкавалася пра ВІЧ/СНІД, аб “чужой” хваробе і чуць не хацелі. А яна ўжо станавілася “сваёю”…
– Калі мы з жонкай атрымалі пасля Афрыкі адмоўныя вынікі тэсту на СНІД, – прызнаецца Васіль Вашчук, – радасць была не меншая, чым пасля інстытуцкага ўручэння дыплома або атрымання звання дацэнта… Свой вопыт прафесійнага сутыкнення з жахлівай хваробай у пачатку 90-х я агучыў у Маскве на Усесаюзным з’ездзе хірургаў, а затым абагульніў і выдаў у выглядзе навуковай манаграфіі.
Вярнуўшыся ў Брэст, Васіль Васільевіч у якасці дацэнта кафедры асноў медыцынскіх ведаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна вучыў студэнтаў, што СНІД – тыповая хвароба паводзін, якой нельга захварэць, як ВРЗ ці грыпам. Сумленнасць і прыстойнасць могуць сыграць вялікую ролю ў папярэджанні гэтага смяротнага ворага, што наносіць свой каварны ўдар нават па нявінных дзецях.
– І вось вам парадокс, – заключае доктар Вашчук, – здаецца, людзі цяпер амаль усё ведаюць пра хваробы, а СНІД прагрэсуе. Грамадства маральна адаптавалася, у моладзі няма патрэбнага страху за вынікі бяздумных паводзін. А я лічу, што ролю маралі пераацаніць нельга, без яе праблему перамагчы немагчыма.
На здымках: доктар Базіль на беразе возера Танганьіка; з бельгійскімі калегамі і афрыканскімі дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.