Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
На свінакомплекс “Сычова” фельчар ветэрынарнай медыцыны Ягор Пятроў прыйшоў у 2014-м. Праз год з такой жа спецыяльнасцю сюды ўладкавалася на працу Паліна Дзямешка. Маладыя людзі бачыліся толькі падчас перазменак, але хлопцу хапіла гэтага, каб заўважыць дабрыню дзяўчыны, яе незвычайную ўсмешку і прыгажосць вачэй. Ягор быў настойлівым. Яны пачалі сустракацца, а летась у маі згулялі вяселле.
– Я родам з Ляхавіч, а сюды прыехаў працаваць па размеркаванні пасля заканчэння аграрнага каледжа на малой радзіме, – кажа Ягор, гушкаючы на руках сямімесячную Алісу. – Праходзіў на Жабінкаўшчыне практыку, а пасля, як бачыце, сустрэў тут каханне. Адразу вылучыў Паліну з асяродку іншых і пачаў дабівацца яе ўвагі. Праз некаторы час яна адказала ўзаемнасцю, а сёлета ў нашай сям’і нарадзілася дачушка.
Зараз любімая жонка і маладая мама гадуе Алісу, а Ягор працягвае шчыраваць на свінакомплексе. На ягоных плячах вельмі адказная і няпростая справа: дапамагаць сваім падапечным у перыяд апаросу. Гэтым займалася і Паліна да дэкрэтнага адпачынку.
– Задача не з лёгкіх, але цікавая, – заўважае Паліна. – Кожны тыдзень да апаросу рыхтуюцца прыкладна 64 свінаматкі. Некалькі дзён да з’яўлення парсючкоў яны знаходзяцца пад нашым наглядам, а пасля яшчэ месяц пільнай увагі патрабуюць малыя. Спраў шмат: неабходна абрэзаць ім хвосцікі і спілаваць іклы, правесці кастрацыю і вакцынацыю, пры неабходнасці заняцца лячэннем. За адзін раз на свет у сярэднім з’яўляюцца 12-15 парсючкоў, а самая вялікая колькасць – больш за 20.
Дзяўчына ўспамінала таксама, як цёпла прыняў яе дружны калектыў свінакомплексу пасля атрымання спецыяльнасці ветэрынара ў Пінску. Зараз Паліна працягвае адукацыю ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Пра згуртаванасць каманды супрацоўнікаў “Сычова” гаварыў і Ягор:
– Начальнік свінакомплексу Вячаслаў Карнялюк – кіраўнік строгі, але справядлівы. Ён з разуменнем ставіцца да кожнага, умее ўвайсці ў становішча сваіх работнікаў, заўжды гатовы дапамагчы. Па параду ў любы момант можна звярнуцца да ветурача-рэпрадуктолага Ларысы Данілюк, вялікі ўнёсак у агульную справу робяць нашы аператары па доглядзе за жывёлай.
Пры размове з Ягорам і Палінай Пятровымі адчуваецца, што яны знаходзяцца на агульнай хвалі і дапаўняюць адзін аднаго, любяць справу, якой займаюцца. Менавіта праца звязала іх лёсы і дапамагла стварыць моцную сям’ю, у якой пануюць узаемаразуменне, павага і каханне.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%