Чвэрць веку ў віхуры танца

Хто з нас не захапляўся танцавальнымі выступленнямі гарэзлівых “Непаседаў” ці заўсёды цікавымі і незвычайнымі пастаноўкамі калектываў “Stardas” і “Фантазія”? Мабыць, ні адно гарадское свята не абыходзіцца без іх удзелу. А рыхтуе юных і больш дарослых дзяўчатак да выхаду на сцэну харэограф Ірына Паўлава. Яна ж, дарэчы, адказная і за вальс навучэнцаў гарадскога ліцэя на іх пасвячэнні ў ліцэісты і на выпускным балі, вучыць вальсіраваць вучняў
першай адзінаццацігодкі.
Ірына Анатольеўна ўсё жыццё ў танцах. Без іх не ўяўляе свайго існавання. Пачала займацца імі, яшчэ калі наведвала дзіцячы садзік у Пінску, дзе й нарадзілася. Здольнасці дзяўчынкі заўважылі і падказалі бацькам аддаць дачку ў танцавальны калектыў “Лянок” пры Пінскім гарадскім Доме культуры. Затым Ірына выступала ва ўзорным танцавальным калектыве “Гарэзлівыя шляхцюкі”.
Мая гераіня прызнаецца, што па жыцці ёй шанцуе з лічбай сем. На свет прыйшла напрыканцы ліпеня 1987 года, у 2007-м скончыла Пінскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў і пачала працаваць паводле размеркавання мастацкім кіраўніком гарадскога Дома культуры ў Жабінцы. У хуткім часе педагога-харэографа па адукацыі запрасілі ў мясцовую дзіцячую школу мастацтваў. Сёлетні год для маладой жанчыны ўдвая юбілейны – спачатку адзначыла ўласнае 30-годдзе, а
1 жніўня і 10 год працоўнай дзейнасці. Асноўная, безумоўна, сканцэнтравана ў дзіцячай школе мастацтваў, акрамя таго Ірына Паўлава выкладае ў танцавальных гуртках на базе ГДК.
– На працу спяшаюся на восем гадзін раніцы і ўся ў харэаграфіі да васьмі вечара, – кажа мая суразмоўніца.
Сёння Ірына Анатольеўна ставіць новы танец “Вясёлы аркестр” сярэдняй групе “Непаседаў” і старэйшай – танец статуй, што ажываюць. Прыдумвае касцюмы для танцавальных кампазіцый.
– Штодзённа я выкладваюся напоўніцу, але атрымліваю аддачу і асалоду, – прызнаецца харэограф. – Люблю справу, якой займаюся, сваіх навучэнцаў. Радуюся іх поспехам, перажываю, калі ў некага нешта не атрымліваецца. Да слова, сёлета на рэгіянальным свяце-конкурсе “Магія танца”, што праходзіў у Пружанах, у намінацыі “Сучасны танец” сярэдняя група “Непаседаў” і старэйшая “Stardas” заваявалі першыя месцы. У іх скарбонцы і дыплом першай ступені за высокі выканаўчы ўзровень у раённым аглядзе-конкурсе эстраднага мастацтва “Галасы юнацтва” ў намінацыі “Эстрадны танец”.
Радуе матулю і 5-гадовы сын Данік – надзея Ірыны і яе маленькі памочнік. Увечары, пасля дзіцячага садзіка, сынок заўсёды з мамай на занятках. Назірае, як танцуюць дзяўчаткі, і, мабыць, задумваецца, ці не заняцца б і яму ў далейшым танцамі. А пакуль Данік калекцыянуе дыназаўраў і будуе вежы з “Лега”.
А матуля працуе, гарыць новымі ідэямі. Ірына Анатольеўна зара-джае пазітывам, заўсёды ўсміхаецца, з пачуццём гумару адносіцца да жыццёвых сітуацый. Але дзяўчаткі, якія прыйшлі на ўрок і чакаюць, пакуль мы размаўляем, падказваюць, што іх педагог строгая і патрабавальная, але справядлівая.
Мая суразмоўніца дзеліцца сваёй запаветнай марай: ёй вельмі хацелася б стварыць на базе ГДК танцавальныя заняткі для дарослых аматараў танцаў. Я й сама з задавальненнем закружылася б у віхуры вальса ці танга, станцавала б джайв або факстрот. Няхай мары Ірыны Паўлавай ажыццяўляюцца, творчых поспехаў таленавітаму педагогу і яе выхаванцам, якіх яна далучае да прыгожага свету мастацтва!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*