Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
“Іду на працу, як на свята…” Шчаслівы той, хто ўслед за нашым героем можа паўтарыць гэтую фразу. Дакладнасць, актыўнасць, памножаныя на працалюбства, – вось важныя прыкметы характару Анатоля Мядзведзя. Яны проста неабходныя, калі пад тваім наглядам складаныя кантрольна-вымяральныя прыборы і аўтаматыка цэлага завода.
Анатоль Васільевіч – карэнны жабінкавец. Таму да яго цалкам пасуе выслоўе: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Пасля васьмі класаў, якія скончыў у першай гарадской школе, падаў дакументы ў Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум, каб стаць інжынерам-энергетыкам. Ужо тады вылучаўся жаданнем трымаць руку на пульсе часу: у якасці камсорга і старасты групы яму даводзілася літаральна штодня займацца не толькі ўласнымі справамі, але й агульнымі.
Шлях далейшы – звычайны для юнака: служба ў войску, дзе згадзіліся раней назапашаныя навыкі і веды, а затым праца электрыкам у калгасе “Прамень”.
Памятным застаецца той жнівеньскі дзень 1996 года, калі Анатоль Мядзведзь прыйшоў на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Дарэчы, пэўным чынам ён стаў прадаўжальнікам сямейнай традыцыі: бацька Васіль Андрэевіч каля двух дзясяткаў гадоў адпрацаваў на гэтым прадпрыемстве, тут у маладосці пачынала сваю працоўную біяграфію і матуля Вольга Вікенцьеўна.
Калектыў электрыкаў, у які давялося ўліцца маладому рабочаму, практычна ўвесь складаўся з людзей сталага ўзросту, што шмат гадоў аддалі вытворчасці пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча Селюжыцкага. Ад іх, вопытных спецыялістаў, юнак атрымаў і падтрымку, і карысную дапамогу. Сапраўдным сваім настаўнікам Анатоль дасюль лічыць Сяргея Канстанцінавіча Вараб’я, чыя навука аказалася надзвычай патрэбная. І гэта не пустыя словы. На памежжы стагоддзяў, нават тысячагоддзяў (!) завод апынуўся на раздарожжы: тут разумелі, што без найноўшай камп’ютарнай тэхнікі паспяхова рухацца наперад немагчыма, а дзеля гэтага патрабавалася ў сціснутыя тэрміны насыціць прадпрыемства “разумнымі машынамі”, здольнымі не толькі аблегчыць працу завадчан, але й дапамагчы заводу ўступіць, як бы тое не гучала пафасна, у новую эру. І Анатолю разам з калегамі давялося гэтым займацца, у чым значную дапамогу і тады, і сёння адчувае ад інжынера АСУ Валерыя Фёдаравіча Казулькі.
У час камп’ютарызацыі цалкам мяняўся пульт кіравання завода, які нездарма называюць “мозгам прадпрыемства”.
– Так, шмат што стала інакш пры пераходзе з механічнага кіравання ўсімі працэсамі вытворчасці на электронны, – разважае Анатоль Мядзведзь. – Рух немагчымы без новага, дасканалага, сучаснага. Таму запатрабавалася, каб на зменах працавалі ўжо не электрыкі, а слесары КВПіА. І значная адказнасць пры абнаўленні клалася на плечы аддзела, дзе працую. Выдатна разумеў: неабходна пашыраць навыкі ды веды, што і далі курсы, пройдзеныя ў сталіцы.
З часам Анатоль Васільевіч атрымаў вышэйшы па сваёй спецыяльнасці шосты разрад.
На пытанне, ці прыносіць праца радасць, суразмоўца адказвае ахвотна і пераканана:
– З задавальненнем іду на змену, бо адчуваю любоў да сваёй справы і павагу ў адносінах да калег. Калі сумленна, даўно прызвычаіўся да завода як да роднага дома. Заўжды прыемна, што не ўзнікае сітуацый, якія можна назваць крытычнымі. Усё дзейнічае, нібыта агульны зладжаны, добраўладкаваны механізм, дзе кожны “баец”, як некалі яшчэ Сувораў казаў, выдатна “ведае свой манеўр”.
З цеплынёй Анатоль Мядзведзь гаворыць не толькі пра справу, якой прысвяціў жыццё. З асаблівай любасцю згадвае сваіх дзяцей.
Старэйшы Павел спалучае працу ў брэсцкай будаўнічай фірме з вучобай на інжынера-будаўніка ў Гомелі. Хоць мае ўсяго дваццаць адзін год, ды ўжо стаў майстрам. Як жа бацьку сынам не ганарыцца? Цешыць і малодшая Палінка, якую бацька пяшчотна называе “мая разумніца”.
У сувязі з юбілеем роднага прадпрыемства Анатоль Васільевіч выказвае пажаданні ўсім, хто лёс звязаў з камбікормавай вытворчасцю:
– Хочацца пажадаць заводу як мага болей квітнець, каб вынікі нашай працы з удзячнасцю прымалі людзі. Яшчэ –
каб было развіццё, бо сучаснасць, тым больш будучыня, не церпяць застою. Толькі так і не інакш. Асабліва выказваю падзяку калегам, з кім даводзіцца працаваць кожную змену, зычу ім на доўгія гады моцнага здароўя і чалавечага шчасця.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%