Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Мінула дванаццаць гадоў, як Андрэй Небыт прыйшоў на Жабінкаўскі камбікормавы завод. За плячыма – мноства працоўных змен у кагорце дружнага і згуртаванага калектыву завадчан. Сёлета за шматгадовую добрасумленную працу яго імя занесена на Дошку гонару прадпрыемства.
Родам Андрэй Небыт з суседняга Пружанскага раёна. Яго малая радзіма – гарадскі пасёлак Шарашова. Тут скончыў адзінаццацігодку і адразу быў прызваны ў армію. Служыць пашчасціла тут жа, на Пружаншчыне, у тылавой часці, што месцілася ў Шчарчове. Пасля службы ўладкаваўся аператарам кацельні ў ЖКГ у Шарашове. На гэтай пасадзе рупіўся пяць гадоў. Далей была праца на Брэсцкім электралямпавым заводзе.
Аднойчы сябар з Жабінкі запрасіў Андрэя да сябе ў госці. Гэта паездка стала для майго героя лёсавызначальнай: менавіта тут, у нашым горадзе, ён пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай Алесяй, якая неўзабаве стала яго жонкай.
Пасля вяселля маладая сям’я вырашыла пусціць карані ў Жабінцы. З таго часу Андрэй Небыт рупіцца на камбікормавым заводзе. Каля дзясятка гадоў давялося папрацаваць грузчыкам, потым перайшоў на элеватар. І вось апошнія пяць ён аператар працэсу апрацоўкі збожжа. Справа адказная, патрабуе пільнай увагі. Андрэй Аляксандравіч кантралюе працэс сушкі збожжа на зернесушылцы да вызначанай вільготнасці – 13-14 працэнтаў. Ён сочыць за абсталяваннем, якое паказвае тэмпературу збожжа ў шахтах – рэцыркуліруемага і на выхадзе ўжо прасушанага. У далейшым яго перапрацоўваюць ці адпраўляюць на захоўванне.
Начальнік элеватара Тамара Болдык так ахарактарызавала майго героя: да сваіх працоўніх абавязкаў ставіцца добрасумленна, адказна. Заўсёды спакойны, ураўнаважаны, не адмаўляе, калі калегі звяртаюцца па дапамогу, вялікі праўдалюб.
Няхай працоўныя будні прыносяць Андрэю Аляксандравічу задавальненне ад сваёй работы, новыя поспехі і дасягненні.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%