Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Кожны завод – гэта зладжаны механізм, які складаецца з цэхаў, аддзелаў, складоў і іншых важных элементаў. Ад працы кожнага з іх залежыць функцыянаванне ўсёй сістэмы ў цэлым. Вось і на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе, якому сёлета спаўняецца 60 гадоў, усё выдатна наладжана, у тым ліку прасоўванне і рэалізацыя прадукцыі. Пра работу аддзела маркетынгу расказала Святлана Данільчанка, якая выконвае абавязкі начальніка.
Сёння ў калектыве аддзела ўсяго пяць чалавек. Гэта вядучы інжынер-тэхнолаг Вольга Батуля, спецыялісты-маркетолагі Аксана Галавейка, Ганна Нямчук, Андрэй Раманчук і эканаміст Дар’я Паўлюкавец. Разам яны зай-маюцца прасоўваннем прадукцыі, якую выпускае завод, на ўнутраныя і знешнія рынкі, а таксама распрацоўкай і ўкараненнем новых відаў тавару. Для гэтага спецыялісты аддзела ўвесь час аналізуюць рынак і канкурэнтаў, праводзяць комплексныя даследаванні, распрацоўваюць маркетынгавыя планы і бюджэт на іх ажыццяўленне.
Сёння Жабінкаўскі камбікормавы завод выпускае прадукцыю для ўсіх відаў сельскагаспадарчых жывёл для аптовага і рознічнага рынку. Акрамя таго, з 2006 года наладжаны выпуск сухіх кармоў для хатняй жывёлы. Сёння асартымент прадстаўлены пятнаццаццю найменнямі. Гэта вядомыя кармы для сабак і кошак лінеек “РЭКС”, “PetBoom”, “ONLY”, “КОТиКОРМ”, “CAT FIT”.
З мінулага года завод выпускае корм для дэкаратыўных грызуноў “ГРЫЗЛИ”. Таксама наладжана вытворчасць мюслі для спартыўных коней. Вялікім попытам у пакупнікоў карыстаецца прыкорм для лоўлі рыбы “Удачный Улов”. Менавіта спецыялісты аддзела маркетынгу распрацоўваюць новыя віды ўпаковак і макеты рэкламнай прадукцыі.
Для прасоўвання тавараў маркетолагі завода ўдзельнічаюць у вядомых выставах і ярмарках: “Дажынкі”, “Брэст. Садружнасць”, “ПрадЭКСПА” (Мінск). Гэта дазваляе не толькі прарэкламаваць гатовую прадукцыю і вывучыць попыт, але таксама ўзмацніць імідж прадпрыемства і заключыць выгадныя кантракты.
Сёння сетка Жабінкаўскага камбікормавага завода налічвае 53 фірменныя магазіны. Кожны з іх забяспечваецца рэкламнай інфармацыяй, буклетамі, узорамі гатовай прадукцыі.
Спецыялісты аддзела маркетынгу не плануюць спыняцца на дасягнутым. Наперадзе – рэалізацыя крэатыўных ідэй і стварэнне новых відаў прадукцыі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%