Главный архитектор района

Главный архитектор района

Рука дойліда

Нарыс

Просты аловак ў руцэ спрытна і ўпэўнена вымалёўвае лініі на белым аркушы.
Аловак просты… Ды справа зусім няпростая: у імгненне вока на паперы “вырастаюць” вуліцы, плошчы, скверы, вымалёўваюцца дамы, у якіх жыць людзям і жыццю радавацца… Пакуль яны толькі ў думках архітэктара, але хутка “апрануцца” ў дрэва, камень, шкло… Запаліцца ў тых вокнах святло, з’явіцца сямейная цеплыня…
Калі назіраў за працай Сцяпана Кандрацюка, міжволі згадаў выпадковую сустрэчу з іншым архітэктарам, што завітаў з суседняй вобласці.
Аглядаючы горад, той сказаў з захапленнем (і ў голасе пачуліся ноткі павагі і белай зайздрасці):
— Пашчасціла Жабінцы! Бачу прадуманыя архітэктурныя рашэнні, ва ўсім адчуваецца рука сапраўднага дойліда.
Дойлід — слова старажытнае, але дасюль у мове жывое, як жывыя стварэнні, пакінутыя майстрамі Алексам ў Камянцы, Бекерам у Ружанах, Яшчалдам у Косаве.
… Перарвем на хвіліну працу простага алоўка ў руцэ, паслухаем расповяд С.Я.Кандрацюка.

Шосты ці восьмы?

— Можна па-рознаму лічыць: я ў таты з мамаю быў шостым альбо восьмым, — пачаў Сцяпан Якаўлевіч і адразу патлумачыў: — Першымі на свет прыйшлі браты-блізняты, аднак хутка пад агульны крыжык ляглі. Гэта было яшчэ “за польскім часам” — у 1931-м, а роўна праз дваццаць гадоў нарадзіўся я, паскрэбак… Час быў ужо савецкі, пасляваенны, нялёгкі.
Бацька Якаў Трафімавіч з кобрынскіх Варатынічаў прыбіўся ў Федзькавічы прымаком, у заможны дом Міхаіла Мятліцкага, што меў не толькі пожні ды лугі, але й прыгажуню-дачку Ганну. Увішным да працы зяцем Мятліцкія былі задаволеныя: зямля патрабала моцных рук, здольных да сялянскіх заняткаў, а іх, як вядома, у гадавым коле лічыць — не пералічыць.
Дзеці з’яўляліся, бы грыбы: да вайны — дочкі Пелагея, Соф’я, Вера, у вайну — сын Мікалай, пасля — Вольга і ён, Сцяпан.
— Калі я нарадзіўся, — расказвае Кандрацюк, —па вёсцы пляткарылі, што мая маці — Пелагея (19 гадоў розніцы — гэта ж не жартачкі!). Сястра-прыгажуня, за якой кавалеры, бы пчолы, увіваліся, на тое вельмі сердавала, не хацела маме дапамагаць мяне даглядаць. Ды потым жыццё ўсё на месцы расставіла: пасябравалі. Шкадую, што маёй Паліны ўжо няма. Сястра памерла ў 76 гадоў (у такім самым узросце пахавалі і маму, і бабулю Фёклу Анісімаўну. Гэтак, відаць, нашым жанчынам наканавана).

У навуку

Раней у Федзькавічах была школа-чатырохгодка, дзе выкладала першая настаўніца Ганна Пятроўна Гаўрыловіч, строгая, але справядлівая, што прывівала сваім выхаванцам любоў да вучобы.
Маленькаму Сцёпе толькі першы крок даўся цяжка: аднаго, без праважатых, з сумачкай, падвязанай вяровачкай, яго выправілі “ў навуку”. Тупаў ля школьнага парога, не рашаючыся пераступіць, пакуль сябар не паклікаў:
— Чаго баішся? Заходзь! — так і пераступіў парог першай школы.
А потым былі васьмігодка ў Рагозне і атэстат аб сярэдняй адукацыі, выдадзены ў Ракітніцы.
Як тады ў школу хадзілі! Праз замець, глыбокі снег, у мароз — наперад! Хацелася ўсё ведаць, нічога не прапусціць, каб у людзі выбіцца… А пасля дзявятага класа чакала хлопца першая будоўля: старшакласнікі дапамагалі рабіць прыбудову да Ракітніцкай школы.
Найлепшыя ўспаміны пра настаўнікаў. Асабліва матэматыка Івана Аляксандравіча Маразевіча, які свайго часу не шкадаваў, калі бачыў, што Сцяпан да навукі цягнецца, а яшчэ нядрэнна малюе.
Усё гэта вельмі спатрэбілася пазней. А ўлетку 1968 года разам з сябрам Алікам Дубінам марыў, як многія юнакі, пра неба — з таго часу, як упершыню прызямліўся ў Федзькавічах “самалёт-кукурузнік”. Аднак у лётчыкі не падышоў, “спусціўся” на зямлю: будаваў воданапорную вежу, нават загадваў фермай і рыхтаваўся да экзаменаў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут.
— Яго цяпер перайменавалі, — гаворыць суразмоўца, — раней цудоўна гучала па-руску: БІСІ, а да нас мянушка прыклеілася: “бісінята”! Сапраўды нешта ў нас было гэткае: думкі, ланцугамі не скаваныя, рухавасць, маладая смеласць і запал.
Яму шанцавала на выкладчыкаў. Гэта быў чацвёрты выпуск інстытута. І зараз у памяці лекцыі па гісторыі архітэктуры рэктара Ігара Белагорцава, заняткі па маляванні, чарчэнні Мікалая Бялова, Якава Міцяніна, Мікалая Чураба. Гэтыя сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы развівалі ў сваіх выхаванцах прасторавае мысленне, без якога сапраўдным архітэктарам не стаць.
Сцяпан Кандрацюк быў сярод лепшых. Як вынік — дыплом з адзнакай і права выбіраць месца будучай працы. Так апынуўся ў “Мінскграмадзянпраекце”. Толькі хутка зразумеў вясковы хлопец, што не створаны для жыцця ў сталіцы.
Далей чакала войска. І зноў удача — служыць давялося ў Гародні. Старажытны горад над Нёманам захаваўся праз вякі-часы, каб нараджаць гісторыкаў і дойлідаў, улюбёных у свой край. І Сцяпан закахаўся ў цудоўную Гарадніцу, векавечную Каложу, Каралеўскія палацы. Уразіў Лідскі замак, велічны нават у сваіх руінах.

“Горад, як чалавек…”

Гісторыкі дасюль спрачаюцца: калі ж узнікла Жабінка, колькі ёй гадоў — дзвесце ці болей? А Сцяпан Якаўлевіч разважае так:
— Горад, як чалавек, — адна справа яго нарадзіць, іншая — “вырасціць і выхаваць”.
На пасаду архітэктара Жабінкаўскага раёна ён прыйшоў 13 верасня 1977 года. Горад афіцыйна існаваў ужо шэсць гадоў, але толькі на паперы. Вузкія вулачкі, вясковы ўклад жыцця, вялікія каржакаватыя таполі паабапал дарог сыплюць пух. Горад улетку, быццам заснежаны…
І ён пачаў — насуперак прыкмеце, што патрабуе ад мужчыны нарадзіць сына, пабудаваць дом і пасадзіць дрэва… Пачаў дрэвы… карчаваць, а затым пашыраць вуліцы. Усім нагнала тады скому вуліца Свабоды: самы цэнтр, а ўвесь у выбоінах, пасля дажджу — вялікія лужы. Пашырылі, прыбралі старыя дрэвы, новым асфальтам пакрылі, пачала вымалёўвацца перспектыва.
Гучалі нараканні: што робіць? навошта рушыць? Але ён ведаў: хутка Жабінка ператворыцца ў вялікую будаўнічую пляцоўку.
Спачатку “пайшлі” па вуліцы Кірава — ад помніка воінам-вызваліцелям, які абнавіўся, да райбальніцы. Будынак яе сіратліва стаяў на ўскрайку горада, а тутэйшы мікрараён складаўся з лічаных дамоў (зараз, праз трыццаць гадоў, у ім жывуць тысячы жабінкаўцаў). Адкрыўся прыгожы ўезд з боку родных Федзькавічаў.
Іншае “акно ў свет” — чыгунка. Зрабілі прывакзальную плошчу, горад атрымаў твар, які не сорамна гасцям паказаць дый самім, бы ў люстэрка, паглядзецца.
У 1958 годзе ўзнік гарадскі парк, амаль за паўстагоддзя дрэвы разрасліся. Было бачна: парка няма — ёсць толькі лясны масіў. Акультурылі, узнікла сапраўднае месца адпачынку, любае для многіх гараджан, з цяністымі алеямі, лавачкамі, танцпляцоўкай.
Асаблівым стаў 2007-ы, дажыначны год. Пасля яго Жабінку ўсё часцей называюць “утульным еўрапейскім горадам”. А каманда пад началам галоўнага архітэктара ў той час не адзін аловак спісала, ствараючы “партрэт” роднай Жабінкі. Нездарма на прыгожай галоўнай плошчы з’явіўся глобус: наш горад — годная кропка на Зямлі!
— Без аднадумцаў шматлікія ідэі засталіся б толькі ідэямі, — упэўнены Кандрацюк. — У 1987 годзе архітэктарам у наша праектнае бюро ўладкавалася Таісія Шалонік. З’явілася супрацоўніцтва мастацкай думкі. Разам праектавалі аб’екты, якія нельга абмінуць увагай: новую бальніцу і трэцюю гарадскую школу, Крупчыцкую капліцу, помнікі загінулым землякам ў Азятах і воінам-афганцам у Жабінцы і будынак архітэктуры, у якім зараз размаўляем — усяго і не прыгадаеш. “Малявалі” нават Вежкаўскі храм (за тое грамату атрымалі ад епіскапату). Знаходзілі паразуменне, падтрымку з боку кіраўнікоў раёна Сяргея Мартысюка і Мікалая Токара, для якіх за словам “добраўпарадкаванне” хаваецца глыбокі сэнс.

Справы выкананыя!

Мужчынскія справы выкананыя. Нават перавыкананыя.
Ужо не адно дрэва цягнецца да сонца замест старых таполяў. Дамы, намаляваныя ягоным алоўкам, будаваліся і будуць будавацца надалей. А сыны?..
Жонку Сцяпан Якаўлевіч адшукаў у суседнім Стрыганцы. Восенню разам з Верай Іванаўнай адсвяткуюць “палатнянае” вяселле. Распісваліся 21 лістапада 1976 года ў Пятровічах — напаўдарозе паміж домам маладога і маладой.
Плёнам сямейнага кахання сталі Валера і Вадзім. Гады нараджэння ў сыноў розныя, а вось дзень адзін — 12 студзеня. Абодва сябруюць са спортам (старэйшы нават кандыдат у майстры спорту ў боксе). Валерый закончыў крымінальны факультэт акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Вадзім працуе на цукровым заводзе і вучыцца адначасова ў Горацкай сельгасакадэміі. Сыны — вялікі бацькаў гонар, які гаворыць на развітанне:
— Заўсёды цешыла думка: раблю прыгожай сваю маленькую радзіму. Ад гэтага цяплее на душы, бо толькі так цікава жыць!

А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: намеснік начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, галоўны архітэктар раёна С.Я.Кандрацюк.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top