Летапіс поспехаў піша завод
Юбілеі ёсць не толькі ў людзей. Сваё летаадлічэнне вядуць і прадпрыемствы. Сёлета ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” споўнілася 60 гадоў – важкі юбілей як па чалавечых мерках, так і для калектыву. Для ягонага кіраўніка Васіля Канстанцінавіча Волка 2017-ы юбілейны ўдвая, бо акурат 30 гадоў ён стаіць на чале прадпрыемства.
Як развівалася камбікормавая вытворчасць на Жабінкаўшчыне, якія людзі стваралі яе гісторыю, якія мэты і перспектывы бачаць завадчане – аб гэтым і не толькі гутарка з дырэктарам Васілём Волкам.
– Васіль Канстанцінавіч, давайце перагорнем старонкі гісторыі. Як усё пачыналася?
– Пачатак сучаснаму буйному прадпрыемству вядомай гандлёвай маркі паклала сціплая вытворчасць мясцовага маштабу. У далёкім ужо 1957 годзе на тэрыторыі пункта “Заготзерно” быў пабудаваны малагабарытны ўніверсальны камбікормавы завод, акурат на ўскрайку райцэнтра, побач з чыгункай. Простая ўстаноўка для размолу і змешвання розных відаў збожжа вытворчасцю 35 тон у суткі. Такія заводы масава манціраваліся па ўсёй краіне на хлебапрыёмных пунктах, прамысловых прадпрыемствах і нават зернескладах. Да пачатку 1960-х у Савецкім Саюзе іх налічвалася звыш 700. Ужо праз пяць гадоў былі распрацаваны тыпавыя праекты камбікормавых заводаў магутнасцю 100, 200 і 300 тон у суткі. На той момант яны лічыліся сучаснымі, дазвалялі не толькі значна павысіць выпрацоўку, але і ствараць паўнацэнныя кармы – грануляваныя, узбагачаныя рознымі мікра- і макрадабаўкамі. Менавіта такі цэх – магутнасцю 200 тон у суткі – быў уведзены ў Жабінцы ў 1969 годзе. 1971-ы стаў чарговай прыступкай у гісторыі нашага завода – была ўведзена лінія гранулявання. Гэта дазволіла падняць спажыўленне і засваяльнасць корму жывёлай. Працаваць было нялёгка – амаль уся праца была ручная. Калектыў у сярэдзіне 1970-х налічваў да 200 чалавек, з транспарту – адна машына ГАЗ-51 і адзін конь з павозкай. Каб не было прастояў вагонаў на чыгунцы, увесь калектыў выходзіў цягаць мяхі з крэйдай, фасфатамі, рыбнай мукой, шратамі і г.д.
У 80-я гады адбылася маштабная рэканструкцыя. Неабходнасць павелічэння аб’ёмаў вытворчасці дыктавала жыццё:
адчыняліся сур’ёзныя буйныя гаспадаркі – “Заходні”, “Белавежскі”. Павялічылася магутнасць да 400 тон у суткі, а затым яшчэ на 200 тон. У 1988 годзе былі аўтаматызаваны лініі дазіравання і змешвання кармоў. Праз 10 гадоў вытворчасць поўнасцю аўтаматызавалі з дапамогай сістэмы “Кампазіт-2”. Затым з’явілася лінія экспандзіравання, што дазволіла ўводзіць у камбікармы вадкія дабаўкі, энзімы для паляпшэння іх засваяльнасці.
Мадэрнізацыя не стаіць на месцы. Сёння завод можа выпускаць да 800 тон кармоў у суткі. Ніводны беларускі завод не мае абсталявання такой магутнасці, а ў Расіі аўтаматычнай лініяй фасоўкі могуць пахваліцца толькі самыя паспяховыя. Сёння многія працэсы ў вытворчасці аўтаматызаваны, у тым ліку вышэйзгаданая лінія фасоўкі, якую абслугоўваюць усяго два чалавекі. Сёння мы можам задаволіць густы самых патрабавальных спажыўцоў, бо выпускаем камбікорм для ўсіх відаў грамадскага пагалоўя, хатніх жывёл, птушак, рыб, а таксама бялкова-вітамінную дабаўку. Прадукцыя пастаўляецца ў выглядзе гранул, экспандату і грануляванага экспандату.
Акрамя мадэрнізацыі на прадпрыемстве, пастаянна пашыраем асартымент прадукцыі: штогод распрацоўваецца болей за 2000 розных рэцэптаў. З апошніх навінак – корм для высакародных рыб (фарэлі і асятра) і мюслі для коней і дэкаратыўных грызуноў.
– Васіль Канстанцінавіч, гісторыю развіцця завода вы расказалі. Яна цесна звязана з вашай біяграфіяй…
– Так, сапраўды. Я яшчэ хлапчуком бегаў глядзець, як працуе прадпрыемства, балазе, бацькоўскі дом вокнамі выходзіць на завод.
Вярнуўся сюды пасля тэрміновай службы. Пачынаў простым слесарам. У 1981 годзе мне, трэцякурсніку, прапанавалі пасаду намесніка дырэктара. Праз шэсць гадоў узначаліў калектыў. Мяне, тады 34-гадовага, на гэтую пасаду не кіраўніцтва назначыла, а завадчане выбралі тайным галасаваннем, дарэчы, толькі два чалавекі выказаліся супраць. Я быў самым маладым кіраўніком прадпрыемства ў камбікормавай вытворчасці. Каб лепей разбірацца ў тонкасцях справы, у 1991-1993 гадах скончыў Акадэмію кіравання пры Савеце Міністраў Беларусі, набыў прафесію менеджара-эканаміста. Заўжды цікавіўся вопытам работы калег. З гэтай мэтай пабываў у Бельгіі, Галандыі, ЗША, Украіне, Расіі і іншых краінах. Калі людзі даверылі табе завод, гэта значыць, нясеш адказнасць за іх і робіш усё, каб вытворчасць годна працавала і ніхто не пашкадаваў, што выбраў цябе дырэктарам. Гэта адпраўная кропка, якой я заўжды кіраваўся. Самае галоўнае для мяне – людзі, што вераць у мяне і будуць ісці за мной. Калі ёсць каманда, якая падтрымлівае ідэі, тады можна вырашаць усялякія пытанні, дасягаць любых вяршынь. Я ўжо некалькі гадоў мог бы заслужана адпачываць, аднак хачу дапамагчы прадпрыемству выстаяць у цяжкі час, каб завод не падвялі пад банкруцтва. Патэнцыял у прадпрыемства велізарны.
– Васіль Канстанцінавіч, а што ўяўляе завод сёння? Якімі набыткамі ганарыцеся?
– За шэсць дзясяткаў гадоў шмат чаго змянілася. Сёння вытворчыя магутнасці складаюць 30 тон у гадзіну, або 720 тон у суткі. Лінейка прадукцыі налічвае звыш 50 найменняў. Мы забяспечваем кармамі сотні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Брэстчыны. Аб якасці прадукцыі сведчаць нашы дыпломы як пераможцаў і прызёраў нацыянальных і міжнародных конкурсаў. Мы маем паўсотні магазінаў рознічнага гандлю, колькасць аўтатранспарту пашырылася да 65 аўтамабіляў і 2 цеплавозаў. Пагалоўе свінакомплексу вырасла да 18 тысяч галоў пры гадавым абароце 31 тысяча галоў. А наш дружны вялікі калектыў аднадумцаў налічвае 550 чалавек.
– Дарэчы, пра калектыў. Штогод яго папаўняюць маладыя, уносяць у жыццё завода свае ідэі, прапановы, вучацца ў старэйшага пакалення, пераймаюць вопыт. Каго б вы назвалі з кагорты лепшых?
– Раз ужо пачалі гаварыць пра людзей, то хацелася б узгадаць Міхаіла Андрасюка, Галіну Якімук, Віталя Самасюка, Галіну Марковіч, Рамана Яхалкоўскага, Іну Гаўрысюк, Вячаслава Карнелюка, Ганну Мельнічэнка, Андрэя Трафімчука, Сяргея Ступчыка, Ірыну Мацука, Тамару Болдык, Святлану Юрчук, Сяргея Вараб’я, Валянціну Ігнатовіч, Вольгу Лысюк, Тамару Чапрасаву, Людмілу Мацюхевіч і многіх іншых. Увогуле, адзначу, што калектыў завода – гэта не проста людзі, што прыходзяць сюды, каб атрымліваць зарплату, а калектыў творчых, ініцыятыўных рупліўцаў. Выпадковыя ў нас проста не затрымліваюцца.
– Заводу за шэсць дзясяткаў гадоў давялося перажыць нямала крызісаў, і дзякуючы адукаванаму падыходу заўсёды ўдавалася з іх годна выходзіць. Якія, на ваш погляд, самыя ўдалыя крокі былі зроблены, каб заставацца на плаву на бурлівым нестабільным рынку?
– Я заўжды казаў: хочаш быць канкурэнтназдольным – апера-джай усіх хаця б на крок, вучыся ў іншых і ўкараняй у сябе лепшае, не бойся навізны. Памятаю, як вывучалі “ленінградскую” сістэму кармлення жывёлы, якая гарантавала хуткае павышэнне надояў малака. Правільным аказалася і ўвядзенне рознічнай гандлёвай сеткі.
Мы сур’ёзна заявілі пра сябе, калі прадаставілі на рынку корм для хатніх любімцаў “Рэкс” і “КОТиКОРМ”. Наступным дзейсным “лакаматывам”, які павінен выцягнуць завод на шлях стабільнага развіцця, стала будаўніцтва свінагадоўчага комплексу.
Увогуле мы з аптымізмам глядзім у будучае і будуем планы на заўтра. Упэўнены, ідэі рана ці позна будуць рэалізаваны, паколькі завод мае значны вытворчы патэнцыял і, самае галоўнае, – людзей, у якіх ёсць неабходныя веды, вопыт і пачуццё адказнасці за сваю працу.
– Дзякуй за гутарку.
Запісала Святлана БЯЛЯК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%