Анатоль РОСТАЎ.
Гавораць, беларусы пад цяжарам сённяшняга няпростага жыцця развучыліся смяяцца. Каб праверыць, наколькі гэтае сцвярджэнне справядлівае, рэдакцыя газеты “Комсомольская правда в Белоруссии” сумесна з гандлёвай сеткай “Суседзі” абвясціла інтэрнэт-конкурс для фатографаў-аматараў “Усмешка на мільён”.
Так, шчыры ўсмех ды задорны смех могуць усё навокал заражаць аптымізмам, памнажаючы “эпідэмію” шчасця. Таму за той месяц, пакуль цягнуўся фотаконкурс, на сайт “Комсомольской правды” паступіла больш за чатыры сотні здымкаў ад прыхільнікаў “ціхага палявання” на ўсмешку.
Надзвычай прыемна, што ў ліку найлепшых аказалася работа нашага зямляка, даўняга сябра “Сельскай праўды” Андрэя Шыманскага. Яго фотаздымак прыйшоўся па душы супрацоўнікам “Камсамолкі” і “Суседзяў” як “самы крэатыўны і душэўны”.
“Сельскапраўдаўцы” далучаюцца да віншаванняў, выказаных калегамі з “Комсомольской правды” у адрас Андрэя Антонавіча, і шчыра ўсміхаюцца разам з яго героямі.
Са свайго боку, прапануем чытачам раёнкі НА ПРАЦЯГУ ПЯЦІ ДЗЁН пасля выхаду гэтага нумара газеты патэлефанаваць у рэдакцыю “СП” і правільна назваць герояў фотаздымка. Той, хто зробіць гэта першым, атрымае сувенір ад нашай газеты і права на бясплатную фотасесію ад Андрэя Шыманскага.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%