Вяртанне Скарыны

Вяртанне Скарыны

Анатоль РОСТАЎ.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.
9 лістапада ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага ладзілася ўрачыстасць, якая зноў нагадала пра вялікую дату, што святкуюць сёлета беларусы ўсяго свету. Роўна пяць соцень гадоў мінула з таго дня, калі з-пад варштата сына полацкай зямлі Францішка Скарыны выйшла першая кніга, надрукаваная на роднай мове. Сімвалічна, што гэтым выданнем стала Святое Пісанне.
З гэтай нагоды ў зале абласной бібліятэкі сабраліся шматлікія прыхільнікі кніжнай справы, распачатай вялікім палачанінам. У ходзе мерапрыемства не толькі галоўная чытальня горада над Бугам, але й бібліятэкі ўніверсітэтаў і музеяў Брэстчыны, Пінскай духоўнай семінарыі, усіх без выключэння раёнаў нашай вобласці абагаціліся шматтомным факсімільным выданнем кніжнай спадчыны Францішка Скарыны. Гэты вялікі дар – вынік дзесяцігадовай карпатлівай працы, на якую было атрымана блаславенне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, з боку навукоўцаў і бібліятэкараў, падтрыманых мецэнатамі з камерцыйнага банка “БелВЭБ”.
Шчодры падарунак, што складае 21 том, ад імя жабінкаўцаў прыняла з рук дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Рамана Матульскага кіраўнік раённай ЦБС Галіна Дулевіч. Асаблівай увагі заслугоўвае дадатковы 22-і том “Скарыніяны”, названы “Вяртанне”. У ім – расповед пра няпросты пошук, які ажыццявілі прафесійныя навукоўцы і аматары кніжнасці, каб выявіць, апрацаваць, увесці ў навуковы ўжытак і выдаць нарэшце ўсе існуючыя на сённяшні дзень асобнікі спадчыны цудоўнага першадрукара.
Цяпер кожны чытач Жабінкаўскай раённай бібліятэкі можа азнаёміцца з поўным зборам кніг, якія ў першай чвэрці ХVI стагоддзя пабачылі свет дзякуючы намаганням славутага Францішка з Полацка, а праз 500 гадоў былі паўтораны нашымі сучаснікамі – удзячнымі паслядоўнікамі вялікага Скарыны.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*