Кветак многа не бывае…

– Ой, дык позна вы да нас завіталі, – са шкадаваннем сустрэлі мяне Любоў Іванаўна Сахарчук і яе дачка Людміла Іскрыцкая з вёскі Алізараў Стаў. – Ужо няма ля нашай хаты тых красак-кветак, што вясной і летам вока радавалі. Частку іх у дом унеслі, але ўсе не ўмяшчаюцца, таму на зіму некаторыя знаёмым і родзічам на захаванне аддалі. Вось толькі герані цвітуць, халадоў і восеньскай слоты не баяцца, а ружы выпусцілі пупышкі ды так небаракі, напэўна, і сустрэнуць маразы…
– Я з дзяцінства прывыкла, каб побач з домам было шмат кветак, – расказвае Любоў Іванаўна. – Мама, Надзея Аляксандраўна, высаджвала іх не толькі ля хаты, але й на гародзе, на градках. І аднавяскоўцы-жыцінцы здзіўляліся. Так, бадай, як цяпер некаторыя мае суседзі не ра-зумеюць, чаму я кветкі за агароджай высаджваю. Праўда, адна з суседак – Валянціна, таксама пасадзіла іх з боку вуліцы. “Паглядзела на цябе, – кажа, – няхай і ў мяне так будзе”.
Згаджаецца з маці і Людміла: “Сапраўды, любоў да кветак перадалася нам у спадчыну ад бабулі. З ранняй вясны і да позняй восені цвітуць яны ў нас на падворку, а хатніх у доме таксама мноства”.
Кветкавы дызайн у пакоях дапаўняюць вырабы з бісеру. Гэта Рома ў школе на гуртку захапіўся бісерапляценнем, ды так, што маму і бабулю Любу “падсадзіў” за гэты занятак. І вось ужо шэсць гадоў пацерка да пацеркі, скрупулёзна і цярпліва яны сумесна вырабляюць сапраўдныя шэдэўры.
Затое колькі радасці атрымліваюць, калі замацаваны апошні элемент і сплецены букет ці кветка становяцца яшчэ адным упрыгажэннем хатняга інтэр’ера.
Хто завітае ў дом Сахарчукоў-Іскрыцкіх, абавязкова адзначыць прыгожыя вырабы з бісеру. Сёлета многія змаглі іх ўбачыць на свяце вёскі Алізараў Стаў, якой споўнілася 440 гадоў. У гэты дзень выстава таленавітых умельцаў была прадстаўлена таксама ручнікамі і вышытымі падушкамі. Любоў Іванаўна і Людміла сапраўдныя майстрыхі, могуць і гладдзю, і крыжыкам любы ўзор пераняць і пафантазіраваць, каб падушка-гушкалка ператварылася ў маленькага кракадзільчыка.
Здзіўляюся, калі ім, вясковым жанчынам, ёсць час на вышыванкі, бісерапляценне, пасадку кветнікаў?! Побач з домам агарод, за вёскай “фазэнда” (як яны называюць) у 20 сотак, ёсць хатняя жыўнасць.
– А мы стараемся ўсюды паспяваць, – адказваюць у адзін голас маці з дачкой. – Нашы мужчыны нам дапамагаюць, іншы раз і на кухні. Ромчык падрос і таксама не цураецца ніякай работы: і градкі поле, і карову заганяе, сена разам з намі варушыць і зграбае, і бульбу ўбірае…
Як прызнаюцца гаспадыні, не ўпускаюць яны сезон нарыхтоўкі агародніны, ягад, грыбоў. Да зімы, як і кожны год, сабралася ў склепе шмат слоікаў-закрутак. Ёсць свае даўно апрабаваныя рэцэпты. Упадабалі, напрыклад, варэнні-пяціхвілінкі, марынаваныя памідоры без воцату, а Рома – маласольныя гуркі.
У вёсцы ў любую пару года работы хапае. Галоўнае правіла для старэйшых Любові Іванаўны і Івана Мікалаевіча Сахарчукоў і іх дачкі з зяцем Людмілы і Дзмітрыя Іскрыцкіх – знаходзіць час, каб на падворку і ў доме ствараць утульнасць і камфорт.
– У іх усюды і заўсёды парадак, – гаворыць старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама Мікалай Ягорчанкаў. – Побач дом Валерыя і Галіны Ганчукоў. І яны старанныя і дбайныя гаспадары, якія таксама пра гэта клапоцяцца. Менавіта гэтыя сем’і і былі адзначаны сёлета на свяце вёскі. Акрамя падарункаў, ім былі ўручаны шыльдачкі “Дом узорнага санітарнага парадку”.
Калі заходзіла на падворак Сахарчукоў, менавіта на яе і звярнула ўвагу. 35 гадоў, як яны ўвайшлі ў гэты дом, які дапамагалі будаваць маладой сям’і бацька і браты Івана Мікалаевіча. Памалу абжываліся. Тут і Людміла вырасла, замуж выйшла. Цяпер бацькі разам з Людай і Дзімам вырашаюць надзённыя гаспадарскія пытанні, абмяркоўваюць прапановы, якіх, вядома, больш у маладых з’яўляецца.
Аднойчы на сямейным савеце “зацвердзілі” вынесці з дома кухню, зрабіць яе поўнасцю ў другім памяшканні так званай летняй, дзе ёсць і газ, і печ. Цудоўна атрымалася. Такім чынам, у доме з’явіўся яшчэ адзін пакой, а сталавацца месца хапае ўсім у прасторным будынку, які побач.
Якія яшчэ ідэі? “Дзіма думае вырошчваць буякі, чыста для сябе, пару кустоў мы ўжо пасадзілі”, – расказвае Людміла Іскрыцкая. Што ж, як старэйшая, так і маладая сям’я маіх знаёмых – людзі гаспадарскія, працавітыя, думаю, з гэтай крыху капрызнай раслінай управяцца. І неўзабаве будуць збіраць ураджаі смачнай ягады.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.