Алёна НІКАНЧУК.
У мінулы чацвер, 16 лістапада, на базе трэцяй гарадской адзінаццацігодкі адбыўся круглы стол, прысвечаны школьнаму харчаванню.
Пасяджэнне адкрыла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Жабінкаўскага раёна Надзея Шосцік. Надзея Палінараўна адзначыла, што праблема здаровага харчавання з’яўляецца актуальнай для нашай краіны. Даследаванні вучоных паказалі, што ў рацыёне беларусаў пераважае ежа, багатая на тлушчы і вугляводы, а гэта робіць яе залішне каларыйнай. Мы ўжываем недастаткова гародніны, садавіны, зяленіва, рыбы. На гэта ўплываюць як традыцыі, што склаліся ў сем’ях у плане культуры харчавання, так і іх фінансавыя магчымасці. У выніку павялічваецца колькасць людзей з залішняй вагой і атлусценнем, якое ў сваю чаргу павышае рызыку развіцця дыябету, хвароб сістэмы кровазвароту. Парушаюцца абменныя працэсы ў арганізме, работа сардэчна-сасудзістай сістэмы, узнікаюць эндакрынныя захворванні. Таму вельмі важна арганізоўваць правільнае харчаванне ў сем’ях, а таксама строга кантраляваць яго ў дашкольных установах і школах. Бо менавіта яно істотна ўплывае на фарміраванне здароўя дзяцей і з’яўляецца важнейшым фактарам, які вызначае здароўе нацыі.
Урач-педыятр Жабінкаўкай ЦРБ Людміла Ігнацюк расказала пра стан здароўя школьнікаў у нашым раёне. Людміла Мікалаеўна зазначыла, што амаль 30 % насельніцтва Беларусі пакутуе ад залішняй вагі і атлусцення, з іх палова – дзеці і падлеткі ва ўзросце да 18 гадоў. Праблема ў харчаванні: у рацыёне пераважаюць прадукты хуткага прыгатавання, паўфабрыкаты, фастфуд. Хлопчыкі і дзяўчынкі, ідучы ў школу, не снедаюць, а раніцу яны павінны пачынаць з кашы, пажадана суцэльназерневай. Школьнікам неабходна пяціразовае харчаванне: тры асноўныя прыёмы ежы і два дадатковыя. Так званыя перакусы, напрыклад, яблыкі або бутэрброды, яны павінны браць з сабой на заняткі і ні ў якім разе не замяняць іх салодкімі палачкамі ці кірыешкамі. Хуткія вугляводы спусташаюць падстраўнікавую залозу, што дае падставу для развіцця цукровага дыябету. Няправільнае харчаванне выклікае гастрыты, язвы страўніка, дванаццаціперснай кішкі. Недастатковасць у рацыёне вітамінаў і мікраэлементаў адмоўна ўплывае на фарміраванне касцёва-мышачнай сістэмы, органаў зроку. Педыятр звярнула ўвагу прысутных, што вячэры ў сем’ях не павінны быць познімі, а праходзіць за 3-4 гадзіны да сну. Таксама патрэбна сачыць за правільным пітным рэжымам дзіцяці. Нельга піць падчас прыёму ежы, а рабіць гэта за 20-30 хвілін да ці пасля яго.
Пра ўмовы, створаныя ва ўстановах адукацыі Жабінкаўшчыны для арганізацыі правільнага і здаровага харчавання, паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. Так, вядзецца пастаянная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў, праводзяцца іх штогадовыя бягучыя рамонты. Сёлета ў трэцяй гарадской школе быў ажыццёўлены капітальны рамонт харчаблока, на які затрачана 258 тысяч рублёў. Для ўстановы набылі 59 адзінак тэхналагічнага абсталявання на суму больш як 38 тысяч рублёў. Кухонны інвентар на харчаблокі закуплены ў раёне на 5 тысяч рублёў (зараз на гэтыя патрэбы выдаткавана яшчэ 10 тысяч рублёў). Ахоп гарачым харчаваннем ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі складае 98 %. Яно арганізоўваецца ў залежнасці ад рэжыму работы школ. Галіна Сцяпанаўна падкрэсліла, што з мэтай зніжэння рызыкі ўзнікнення вострых кішэчных інфекцый ва ўстановах адукацыі раёна пачата работа па падвядзенні гарачай праточнай вады да ўмывальных ракавін санвузлоў. Гэта запланавана зрабіць у наступным годзе ў Старасельскай, Крыўлянскай і Ракітніцкай адзінаццацігодках. У будучым – ва ўсіх установах адукацыі Жабінкаўшчыны.
Інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Дарошка расказала, што менавіта яна распрацоўвае прыкладны двухтыднёвы рацыён харчавання для выхаванцаў дашкольных устаноў, а таксама навучэнцаў школ раёна з улікам усіх санітарных норм і правілаў. Пры іх складанні ўлічваюцца рэжым работы ўстаноў, суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, энергетычная каштоўнасць. Нормы харчавання для кожнай узроставай групы дзяцей свае. Абавязкова ў рацыён уключаюцца мясныя і малочныя прадукты, рыба, крупы, гародніна, садавіна, сокі. Закупка прадуктаў харчавання ажыццяўляецца аддзелам адукацыі ў тых пастаўшчыкоў, якія перамаглі на таргах. На сённяшні дзень заключаны дагаворы на пастаўку прадукцыі з Ляхавіцкім малочным заводам, Белзнешрыбгандлем, Брэсцкай плодаагароднінай, філіялам “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжрайбазы. Уся прадукцыя, што паступае, праходзіць уваходны кантроль якасці.
Кантралююць арганізацыю харчавання ва ўстановах адукацыі, сочаць за яго якасцю, збалансаванасцю бракеражная камісія і савет па харчаванні. Як яны дзейнічаюць у трэцяй гарадской школе, чым кіруюцца ў сваёй рабоце, расказала прысутным дырэктар установы Святлана Каменева.
Загадчык ясляў-сада № 2 Жабінкі Таццяна Усціновіч пазнаёміла прысутных з той работай, якая вядзецца ва ўстанове з педагагічным калектывам, памочнікамі выхавальнікаў, работнікамі харчаблока, выхаванцамі і іх бацькамі ў плане прапаганды здаровага харчавання, фарміравання культурна-гігіенічных навыкаў, асноў сталовага этыкету.
Бацькі вучняў трэцяй адзі-наццацігодкі выказаліся станоўча пра арганізацыю харчавання і яго якасць ва ўстанове. У прыватнасці, іх дзеці з задавальненнем наведваюць школьную сталовую.
Адзін з класных кіраўнікоў сярэдняй школы № 3 унесла прапанову: у будучым сумесна з райЦГЭ правесці са школьнікамі цыкл заняткаў па прапагандзе здаровага харчавання.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%