Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
На мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы сабраліся сябры раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”. Нагодай для гэтага стаў Міжнародны дзень сляпых, які штогод адзначаецца 13 лістапада.
Старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Раіса Ліскова агучыла наступныя лічбы. Кожныя пяць секунд у свеце слепне адзін чалавек, кожную хвіліну становіцца сляпым дзіця. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя каля 80 працэнтаў выпадкаў слепаты можна было пазбегнуць, калі б пацыенты своечасова атрымалі неабходнае лячэнне. Прыблізна 180 мільёнаў людзей у свеце з’яўляюцца інвалідамі па зроку, каля 45 мільёнаў з іх – сляпыя. У сувязі з тым, што насельніцтва Зямлі павялічваецца і старэе, то па ацэнках спецыялістаў да 2020 года гэтыя лічбы значна ўзрастуць.
Раіса Сцяпанаўна расказала, што раённая арганізацыя ГА “БелТІЗ” налічвае 60 чалавек. У асноўным гэта людзі сталага ўзросту, але ёсць і маладыя, якія, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, вучацца і працуюць. Так, Крысціна Кузьміцкая скончыла ўніверсітэт і зараз праходзіць працоўную рэабілітацыю ў абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ”. Выпускніца Жабінкаўскай школы-інтэрната Насця Бутрым паступіла сёлета ў Гродзенскі медыцынскі каледж, дзе атрымлівае спецыяльнасць масажыста.
Раіса Ліскова адзначыла, што ў раёне ёсць нераўнадушныя людзі, якія дапамагаюць арганізацыі, ідуць насустрач. Так, да Міжнароднага дня сляпых паспрыяла ў набыцці прадуктовых набораў кіраўніцтва Жабінкаўскай сельгастэхнікі і ПМК-19. Раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру” (старшыня Анатоль Шалтанюк) выдзеліла сродкі на набыццё тыфлатэхнічных сродкаў для інвалідаў па зроку першай групы – гадзіннікаў з сінтэзатарам маўлення. Намеснік старшыні РА ГА “Беларускі фонд міру” Алеся Рэбякеўша ўручыла падарункі Ганне Мікітаўне Асіпук і Надзеі Ільінічне Заціраха (на здымку). Як галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Алеся Мікалаеўна расказала пра магчымасць адпачыць у здраўніцах нашай краіны інвалідам першай і другой груп і што для гэтага неабходна.
Бібліятэкары раённай бібліятэкі Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк з дапамогай прэзентацыі расказалі ўдзельнікам мерапрыемства пра жыццё і дзейнасць Луі Брайля – стваральніка ўнікальнага рэльефна-кропкавага шрыфта – і Ганны Адлер, сіламі якой метад Брайля з’явіўся і быў укаранёны ў Расіі. Дзякуючы ім невідушчы чалавек змог чытаць і пісаць. Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з кнігамі для невідушчых і слабавідушчых, што надрукаваны шрыфтам Брайля і ёсць у наяўнасці ў бібліятэцы, а таксама з аўдыякнігамі, прайгравальнікам для іх пра-слухвання і электронным ручным відэапавелічальнікам.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%