Гаспадыня цырульні на Цэнтральнай

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.
У любую пару мы чакаем абнаўлення, і ў гэтым дапамагаюць майстры высокага класа, такія як цырульніца Таццяна Гардзіенка-Кравец. Адрас яе сённяшняй прафесійнай прапіскі: вуліца Цэнтральная, 13 у райцэнтры (у будынку былога раённага спажывецкага таварыства, а зараз філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая база”).

Сваёй выпускніцай паправу можа ганарыцца не толькі трэцяя гарадская школа ў Жабінцы, але й Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання.
Уласныя веды і навыкі Таццяна Уладзіміраўна неаднаразова пацвярджала на конкурсах прафесійнага майстэрства. Упершыню ўдача спрыяла ёй амаль дзесяць гадоў таму, калі ў абласным цэнтры ладзілася творчае спаборніцтва паміж “чарадзейніцамі” жаночых прычосак. Добры густ, вынаходлівасць, крэатыўнасць ды нажнічкі-чараўнічкі ў спрытных руках майстрыхі з Жабінкі прынеслі ў 2008-м Таццяне Гардзіенка цалкам заслужаны поспех у намінацыі “Лепшы майстар на сяле”.
Гэты крок да прызнання дазволіў паверыць у свае сілы, і ўжо праз два гады з абласнога конкурсу “Натхненне-2010” Таццяна Уладзіміраўна вярталася ў родны горад з цэлай “калекцыяй” узнагарод.
– Канкурэнцыя была надзвычай сур’ёзная, – успамінае майстрыха, – тым больш важкім стаў поспех. Усё ж, калі тваё прозвішча гучыць у ліку лепшых сярод 63 удзельніц, што сабраліся паспаборнічаць літаральна з усіх раёнаў Брэстчыны, гэта выклікае і хваляванне, і радасць.
Так, было надзвычай прыемна атрымаць адразу тры дыпломы з рук тагачаснага начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама Валянціны Хандошка ды старшыні абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Івана Васільковіча. Аднак свой поспех у “Натхненні” Таццяна ўспрыняла як яшчэ адну прыступку на шляху да прафесійнага росту.
2012 год дадаў ва ўласную скарбонку чарговы поспех на конкурсе прафесійнага майстэрства. Гэта дадало ўпэўненасці ва ўласных сілах ды навыках, і праз колькі месяцаў Таццяна Уладзіміраўна стала індывідуальным прадпрымальнікам, адкрыўшы ўласную справу.
– Творчасць заўсёды прыносіць задавальненне і радасць, – лічыць майстрыха. – Мне падабаецца праца, якой прысвяціла жыццё. Заўсёды прыемна чуць не толькі ад жанчын, але й мужчын, што наведваюць цырульню на Цэнтральнай, удзячныя ветлыя словы. Гэта – найвышэйшая ацэнка майстэрства. Бо ра-зумею, што ў маіх руках – стварыць настрой, каб прадстаўнікі прыгожай і моцнай палоў чалавецтва адчувалі сябе крышачку больш шчаслівымі сярод няпростага бурлівага жыцця.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.