Асцярожна: хатнія злодзеі!

У сёлетнюю вясну адбылося шмат хатніх крадзяжоў, як у Жабінцы, так і ў суседніх гарадах. Усё праходзіць паводле агульнага крымінальнага “сцэнарыя”: у хаце пабывалі няпрошаныя “госці”, выйшлі не з пустымі рукамі. Звычайна яны з’яўляюцца сярод белага дня, але папярэдне, відаць, уважліва высочваюць будучую ахвяру, цікавяцца чужымі грашыма і золатам.
Вось характэрны прыклад. Індывідуальны прадпрымальнік з Жабінкі заявіла: у абедзены час да яе ў кватэру па вуліцы Цэнтральная пранік зламыснік, які спакусіўся на шкатулку, у якой захоўваліся расійскія рублі, амерыканскія даляры, еўра, залатыя бранзалеты, пярсцёнкі, ланцужок. Агульны кошт прапажы — 7,5 мільёна рублёў з лішкам.
І гэта, на жаль, далёка не апошні падобны выпадак. Грамадзяне! Будзьце пільнымі: дзейнічаюць спрактыкаваныя злодзеі!

Калі аўто кіруе п’яны вадзіцель

У начны час па вуліцы Цэнтральная, што ў Ракітніцы, рухаўся аўтамабіль “Аўдзі-100”. Рух быў няўпэўнены, на што звярнуў увагу міліцыянер, які спыніў машыну. На вадзіцельскім месцы знаходзіўся Максім Памарайка, якому ў судзе ўжо тлумачылі: калі п’еш — за руль не сядай! Мінулае парушэнне закону каштавала п’янаму вадзіцелю штрафу ў 30 базавых велічыняў (больш чым мільён рублёў). І вось — году не мінула, а чалавек, паводзінамі якога кіруе гарэлка, зноў узяўся за старое…

Давярай, але правярай

Калі мінулы “герой” злоўжываў алкаголем, дык Уладзімір Ефлакоў, што працуе ў ААТ “Гатча-Осаўскае”, злоўжываў… даверам. Карыстаючыся падманам, ён выцягнуў у даверлівага 29-гадовага жабінкаўца 1050000 рублёў. Без пагроз, прымусу той сам выклаў грошы, быццам забыўся на старую народную мудрасць: давярай, але правярай. Калі пазычаеш грошы, то ведай каму даеш, каб потым не скардзіцца і нервы не псаваць.

“Чырвоная восень”… сярод вясны

Якаўчыцкая “гандлярка” спіртным Наталля Замулка ўжо неаднойчы станавілася “гераіняй” крымінальнай хронікі. Нядаўна на яе зноў складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што жанчына прадала паўлітра віна “Чырвоная восень” аднавяскоўцу, якому сярод вясны падалося, што ніяк нельга без той “восені” абысціся.

Захацелі памыцца? Не, запляміцца!

20-гадовыя нараджэнцы Украіны Іван Калюх і Андрэй Мароз жывуць у Жыціні. Аднойчы хлопцы завіталі ў Лясоты, дзе сарвалі з хлява берасцейскага пенсіянера, у якога ў вёсцы дачны дом, навясны замок. Пажывіцца, як высветлілася, можна было толькі… чыгуннай ваннай. Яе і забралі, ды былі злоўленыя. Кошт скрадзенай рэчы… 50 тысяч рублёў. За такія грошы і атрымалі злодзеі добрую “лазню”…

Рыбы налавіў на… 2 мільёны “з хвосцікам”!

Добра падрыхтаваўся кабрынчанін Андрэй Цімафейчык да лову: прыдбаў і сетку доўгую, і лодку ладную… З гэтымі прынадамі завітаў неяк у начную пару на вадаём каля вёскі Багданы. Чакаў, відаць, казачнай здабычы, ды ўсё адбылося надта празаічна: сам рыбак трапіў на “вуду” праваахоўным органам… Вось і прыйшлося, як кажуць, па ўсёй строгасці закона адказваць, як у ягонай 60-метровай сетцы апынуліся 62 рыбіны. Гэтая “залатая” рыбалка ў рэшце рэшт каштавала парушальніку 2,4 мільёна рублёў.

Загінуў ад рагулі

У Брэсцкай абласной бальніцы памёр стары чалавек, жыхар Крыўлянаў. 30 красавіка, калі ён выганяў кароў на пашу, ніхто і ўявіць не мог, што гэты звычайны сялянскі занятак можа прывесці да трагедыі. Урачы, што некалькі дзён змагаліся за ягонае жыццё, выявілі ў няшчаснага страсенне мазгоў, пераламаныя рэбры, агульны стан характарызаваўся словамі: траўматычны шок. Усе пашкоджанні і раны чалавеку нанесла свойская жывёла.

У.ЖУК., начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top