Якая ж тады ты маці?!

Маці для дзіцяці – самы дарагі і любімы чалавек на зямлі. Яна для свайго сына ці дачкі імкнецца зрабіць усё, каб таму ў доме было ўтульна і жылося лягчэй… А калі жанчына, скажам, захапляецца спіртным, калі ёй становіцца не да сям’і, дык выхаванне непаўналетніх бярэ на сябе дзяржава. Як у Святланы Ю. ды Ірыны Б.
Жанчыны-маці павінны адчуваць адказнасць за сваіх дзяцей, а не толькі іх нарадзіць. Суд раёна, пазбавіўшы Ірыну і Святлану мацярынскіх правоў, перадаў дачок на дзяржаўнае ўтрыманне. Кампенсацыя расходаў, затрачаная на іх выхаванне, згодна з Пастановай урада Рэспублікі Беларусь, кладзецца на плечы жанчын, што не займаліся выхаваннем.
Здавалася, гэта прынясе гора для матуль і прымусіць іх задумацца над сваімі паводзінамі. Зрабіць усё для таго, каб дзеці вярнуліся дамоў. Такога, аднак, не адбылося. Наадварот, толькі за тры месяцы наўмысна, без уважлівых прычын, Святлана не выйшла на працу 25 дзён, а Ірына – аж 43. Зразумела, што яны запазычыліся за ўтрыманне дачок у дзяржаўных установах, і на Ірыну Б. і Святлану Ю. узбуджаны справы, прадугледжаныя часткай 2 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Пакуль безыменныя

Той, хто здольны на благія ўчынкі, імкнецца застацца безыменным, каб не панесці пакаранне. У кастрычніку здарыліся два такія выпадкі. Невядомая пакуль (!) асоба са стала гандлёвага павільёна “Кнігалюб” выкрала мабільны тэлефон з чахлом на суму 167 рублёў 50 капеек.
Другі зламыснік за адну ноч з хуліганскіх памкненняў у райцэнтры на вуліцы Камсамольскай пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё аўтамабіляў “Фальксваген Пасат”, “Пежо 105” і “Фальксваген Джэта”, нанёсшы гаспадарам легкавушак матэрыяльныя страты на суму болей за 500 рублёў.
Супраць злачынцаў узбуджаны справы. У першым выпадку – па частцы 1 артыкула 205, а ў другім – па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса краіны. Верыцца, што следчым удасца адшукаць зламыснікаў і кожнага назваць па імені. А затым будзе суд…

Сквапная на “зялёненькае”

Спытайце Ніну Л. з Глыбокага, што яна болей за ўсё любіць, і жанчына мо чыстасардэчна прызнаецца, што ўсё зялёненькае: і пятрушку, і кроп, і… даляры ЗША. Тады вам стане зразумела, як “прыліплі” тыя 830 суседскіх амерыканскіх грошай: яна ж не хацела, а яны, праклятыя, самі “папрасіліся” да яе. Вось і ўзяла.
Можа, не ўсё так было, бо аднавяскоўцы не паверылі Ніне і дагэтуль яе зладзюжкаю лічаць. Не паверылі і праваахоўныя органы, бо прымусілі жанчыну адказваць паводле Крымінальнага кодэкса нашай дзяржавы за крадзеж.

“Юбілейны” раз – на лаву падсудных

Чаго можна дабіцца за 37 гадоў жыцця? Можна напісаць дзесяць тамоў цудоўных твораў, як Пушкін, можна не адзін раз злятаць у космас і стаць вядомым у свеце, а можна, як герой нашага аповеду Ігар Т., у дзясяты (“юбілейны”) раз сесці на лаву падсудных і лічыць, што кожны жыве, як яму хочацца. Дарэчы, у гэты раз ён быў прыцягнуты да адказнасці, не адбыўшы спаўна тэрмін папярэдняга пакарання, што, аднак, злачынцу не палохала.
Ігар паспеў у адным доме ўкрасці мабільны тэлефон за 150 рублёў, а з гаража ў Жабінцы за дзве начныя “ходкі” “падабраў” электрычны дрыль, бензапілу, два шурупавёрты і шмат іншых рэчаў, чым прынёс гаспадару страт на суму 1600 рублёў.
Можа, гэтакае жыццё і ўяўляецца Ігару Т. цікавым, але ж калі азірнуцца, то ўбачыш, што людзі ў суседстве жывуць інакш і радасці маюць паболей. Бо старанна працуюць і не пераступаюць рамак закона.
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС; Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.