Рука на пульце – нібы на пульсе

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Мая гераіня вырасла ва Украіне ў працавітай сям’і, дзе бацькі выхоўвалі пяць дзяўчынак. У доме гучалі і нямецкія словы (продкі бацькі жылі ў Германіі), і польскія – матулін род паходзіў з Польшчы. У роднай вёсцы на Жытоміршчыне ўсе, канечне, размаўлялі па-ўкраінску, а руская мова вывучалася ў школе. Зараз Ганна Мельнічэнка валодае і беларускай, таму што апошнія 28 гадоў жыве і працуе на Жабінкаўшчыне, якая гасцінна сустрэла жанчыну.

– Мне заўжды падабалася шыць, фантазіраваць і ствараць з тканіны самыя розныя рэчы, – расказвае Ганна Давідаўна. – Вялікае задавальненне прыносіла мне праца на швейнай фабрыцы ў Еўпаторыі. Папоўніла калектыў прадпрыемства пасля атрымання спецыяльнасці швачкі-матарысткі. Памятаю, як мы ўвасаблялі ў жыццё цікавыя мадэлі вясенне-летняга гардэробу: прыгожыя сукенкі, блузкі, спадніцы ды шмат чаго іншага. Пасля змены беглі да мора і падалі ў пеністыя хвалі – гэта была неверагодная асалода.
На фабрыцы мая гераіня шчыравала тры з паловай гады, зараз любімай швейнай справе прысвячае вольны час: радуе сваімі вырабамі мужа Аляксандра і дачку Аксану. Каханне Ганна сустрэла на сваёй малой радзіме, чакала любага Сашу з войска, ён нёс службу на Гро-
дзеншчыне. Хлопцу спадабалася сінявокая Беларусь, а пасля таго, як наведаў сябра ў Жабінцы, не засталося ніякіх сумненняў – маладая сям’я Мельнічэнкаў вырашыла пакінуць Украіну і асталявацца тут.
– Нас пяцёра, у сям’і мужа выхоўвалася шасцёра дзяцей, таму мы былі прывучаныя да працы, вельмі самастойныя, – кажа жанчына. – Вырашылі пераязджаць, і ўжо праз месяц нас сустракала Жабінка. Я прыйшла на камбікормавы завод, а муж уладкаваўся на працу ў Жабінкаўскае ДРБУ № 103. Заўжды кажу, што пайшла па дарозе бацькі, які шмат гадоў шчыраваў на млыне. Тата быў для нас прыкладам ва ўсім, а мы – ягонымі першымі памочніцамі, падтрымлівалі ў цяжкія хвіліны. У сорак гадоў не стала нашай матулі, якая рупілася на ферме.
У 1989-м Ганна Давідаўна стала часткай зладжанай каманды камбікормавага завода. Яна прайшла ўсе этапы станаўлення работніка цэха камбікормавай вытворчасці. Успамінае, як сардэчна сустрэў яе калектыў. Па-бацькоўску цёпла аднеслася тады да маладога спецыяліста апаратчык Марыя Мышкавец, якая дапамагала Ганне парадамі і на працы, і ў асабістым жыцці. Добра ставілася да пачынаючага супрацоўніка тэхнолаг Аляксандра Барсукова, накіроўвала і падказвала. З таго часу прайшло амаль 30 гадоў, Ганна Давідаўна стала сапраўдным прафесіяналам і мае ганаровае званне аператара пульта кіравання шостага разраду.
– Як жартуюць у калектыве завода, аператар пульта кіруе ўсім прадпрыемствам, – усміхаецца мая гераіня. – Патрэбна сачыць за лініямі камбікормавай вытворчасці, каб не было прастою. Гэта лінія рассыпнога камбікорму, затым яго гранулявання і экспандзіравання, а таксама экструдзіравання зерня. У змене працуюць 11 чалавек, мы вельмі дружныя. У гэтым ёсць заслуга начальніка нашага цэха Ірыны Мацука, якая знайшла падыход да кожнага супрацоўніка. Заўжды з разуменнем да калег ставяцца вядучы тэхнолаг Галіна Якімук і менеджар-тэхнолаг Аксана Яхалкоўская.
Пасля змены Ганна Давідаўна спяшаецца дадому, дзе яе чакае сям’я, гаспадарка, а яшчэ любімы кветнік, які ўпрыгожвае падворак Мельнічэнкаў у цёплую пару года. Кветкі – гэта яшчэ адно захапленне маёй гераіні. У гэтай справе ёй з задавальненнем дапамагаюць муж і дачка. Разам яны таксама рыбаляць, падарожнічаюць на веласіпедах, а на святы па традыцыі кожны гатуе свае каронныя стравы. Аляксандр
– майстар шашлыкоў, юшкі і шурпы. Аксана займаецца салатамі, а гаспадыня песціць дамашніх сапраўдным украінскім баршчом, варэнікамі з капустай і бульбай.
– Канечне, у сэрцы жыве настальгія па Украіне, там засталіся цёплыя ўспаміны і ўсе мае родныя, – прызнаецца Ганна Давідаўна. – Яны часта прыязджаюць да нас, я таксама кожны год бываю ў роднай вёсачцы. Але ж Жабінкаўшчына падаравала мне ўтульны дом і любімую працу, тут нарадзілася мая дачка, а я сустрэла надзейных сяброў, таму гэтую зямлю з упэўненасцю магу назваць сваёй другой радзімай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.