АПК Беларусі: дынаміка дадатная

Вытворчасць сельгаспрадукцыі ў Беларусі ў студзені-кастрычніку павялічылася на 2,9 працэнта

Вытворчасць сельгаспрадукцыі ў Беларусі ў студзені-кастрычніку павялічылася на 2,9 працэнта. Аб гэтым  паведаміў на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

«Па выніках работы за дзесяць месяцаў у аграпрамысловым комплексе назіраецца дадатная дынаміка развіцця. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях склаў 102,9 працэнта, у сельгасарганізацыях — 103,8 працэнта», — адзначыў міністр.

Леанід Заяц расказаў, што атрымана на 46 тыс. т мяса больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, а таксама на 176 тыс. т больш малака. «Забяспечаны рост пагалоўя буйной рагатай жывёлы — на 66 тыс., рост пагалоўя свіней — на 83 тыс. На 1,2 млн стала больш птушкі. Акрамя таго, нарыхтавана для грамадскай жывёлагадоўлі больш збожжа, больш травяністых кармоў. Гэта значыць, што створана трывалая база для развіцця галоўнага драйвера эканомікі — галіны жывёлагадоўлі», — растлумачыў ён.

Кіраўнік аграрнага ведамства звярнуў увагу, што ў раслінаводстве таксама назіраюцца поспехі. «Мы атрымалі на 700 тыс. т збожжа больш да ўзроўню мінулага года, а калі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак — то дзесьці на 1 млн т збожжа больш. Забяспечылі рост ураджайнасці — дасягнулі 35,6 ц/га. Гэта дало магчымасць нам нарыхтаваць на харчовыя мэты ў дастатку збожжа, забяспечыць насенны матэрыял, забяспечыць племянную жывёлагадоўлю ў неабходнай колькасці фуражным збожжам», — растлумачыў ён.

Міністр паведаміў, што ёсць рост і ў вытворчасці рапсу — яго атрымана ў 2,2 раза больш, чым у мінулым годзе. Гэтага ўдалося дасягнуць за кошт ураджайнасці, якая склала 21,9 ц/га — на 6,5 ц вышэй за ўзровень 2016 года. «Ёсць рост і ў тэхнічных культурах, у прыватнасці, у вытворчасці цукровых буракоў — было накапана каля 4,9 млн т з ураджайнасцю 501 ц/га (на 56 ц вышэй за ўзровень мінулага года). Добры рост ураджайнасці бульбы», — сказаў Леанід Заяц. Ён удакладніў, што ў гэтым годзе пасадкі бульбы былі скарочаны, але за кошт росту ўраджайнасці забяспечаны валавы збор на ўзроўні 2016 года.

Таксама Леанід Заяц расказаў, што ў Беларусі сабрана 645 тыс. т агародніны. «Гэта дало магчымасць нам забяспечыць закладку ў стабілізацыйныя фонды бульбы і агародніны, а таксама стварыць запас для рэалізацыі на экспарт. У мінулым годзе мы прадалі каля 300 тыс. т бульбы і атрымалі добрыя грошы. У гэтым годзе цана на бульбу вырасла, а ў нас у запасе таксама ёсць не менш як 300 тыс. т для рэалізацыі на экспарт», — рэзюмаваў ён.

Прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы вырасла ў 1,2 раза — Заяц

«Прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы за дзевяць месяцаў вырасла ў 1,2 раза адносна ўзроўню мінулага года. Яна вырасла і на прадпрыемствах перапрацоўкі на 18 працэнтаў, таму што больш сыравіны паступае на гэтыя прадпрыемствы. Самае галоўнае, што сёння тэмп росту заработнай платы не апярэджвае прадукцыйнасць працы», — падкрэсліў міністр.

Па выніках работы за дзевяць месяцаў выручка вырасла на 16,5 працэнта, рэнтабельнасць продажаў павялічылася да 6,6 працэнта. Сума прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі ўзрасла ў 2,8 раза ў параўнанні з узроўнем мінулага года. Колькасць стратных сельгаспрадпрыемстваў за дзевяць месяцаў значна скарацілася ў параўнанні з узроўнем 2016 года, таксама скарацілася сума чыстых страт.

Знешнеэканамічная дзейнасць за гэты перыяд характарызавалася прыростам у цэлым па сістэме Мінсельгасхарча на 11 працэнтаў. «За дзевяць месяцаў мы прадалі прадукцыі на суму $1,844 млрд, што на $184 млн больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года», — адзначыў міністр.

Сістэма кантролю якасці беларускай сельгаспрадукцыі выбудавана на ўсіх этапах — Заяц

«У нас у Беларусі вядомы выпадкі, каб айчынны прадукт стаў небяспечны? Не. Такога няма, таму што ў нас выбудавана сістэма кантролю (якасці. — Заўвага БЕЛТА) ад уваходнай сыравіны да перапрацоўкі, захоўвання і пры адгрузцы. У гэтым задзейнічаны ўсе акрэдытаваныя лабараторыі з сучасным абсталяваннем. Людзі, якія ставяць свае подпісы, ставяць пячаці, персанальна нясуць адказнасць за бяспеку прадукту», — падкрэсліў міністр.

Каменціруючы ўзнікшую напярэдадні інфармацыю аб тым, што Расія можа забараніць пастаўкі беларускай свініны з-за выяўлення ў свінагадоўчай прадукцыі небяспечных рэчываў, Леанід Заяц адзначыў, што ў гэтым выпадку трэба разбірацца. «Я не гатовы цяпер штосьці галаслоўна заяўляць — неабходна разабрацца. Але трэба ўлічыць, што ўсе гэтыя ўзоры адбіраюцца на тэрыторыі Расіі ў аднабаковым парадку. І ў аднабаковым парадку адбываецца іх даследаванне ў тых лабараторыях, якія належаць Расіі. Вельмі цяжка даказваць перавагі свайго тавару, калі ўзоры адбірацца і даследуюцца на той тэрыторыі, на якой купляюць прадукцыю. Калі б гэта былі незалежныя лабараторыі — тады зразумела. Так было б, напэўна, больш справядліва», — заявіў ён.

Міністр адзначыў, што ёсць шмат спосабаў не пусціць тавар на рынак. «Напрыклад, Еўропа абараніла сваіх вытворцаў — узняла пошліны. І як туды цяпер зайсці? Хто наш сыр будзе купляць у 2 разы даражэйшы? Не хацелася б, каб мы (з Расіяй. — Заўвага БЕЛТА) на такіх пачатках будавалі свае гандлёва-эканамічныя адносіны, паколькі, згодна з дамоўленасцямі, у ЕАЭС павінна быць бесперашкоднае прасоўванне тавараў і рабочай сілы», — рэзюмаваў Леанід Заяц.

Закраналася таксама тэма інфармацыйнага ўзаемадзеяння з Рассельгаснаглядам і работы з расійскай інфармацыйнай сістэмай «Меркурый». «Што датычыцца работы з «Меркурыем», павінен адзначыць, што мы цесна працуем з расійскім бокам, у нас створана рабочая група па падрыхтоўцы спецыялістаў. Упэўнены, што мы будзем працаваць у гармоніі з Рассельгаснаглядам, аб’ектыўна і празрыста прадстаўляць тую інфармацыю, у якой ён мае патрэбу», — канстатаваў міністр.

Экспарт сельгаспрадукцыі з Беларусі ў краіны ЕС за год вырас у 1,5 раза

«Мы павялічылі экспарт у краіны ЕС на 56 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Пастаўляем сваю прадукцыю ў 19 краін ЕС, прадаём казеін, сухую сыроватку, алей рапсавы і іншую прадукцыю», — сказаў Леанід Заяц.

Таксама ў гэтым годзе значна ўзраслі пастаўкі сельгаспрадукцыі з Беларусі ў Кітай. «Праведзена работа па адкрыцці нашых прадпрыемстваў для паставак у Кітай. Ужо сертыфікавана 36 прадпрыемстваў, яны маюць права пастаўляць у гэту краіну малочную прадукцыю. Праведзена таксама вялікая работа па сертыфікацыі мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў для паставак ялавічыны на кітайскі рынак. Цяпер ідзе сертыфікацыя птушкафабрык, каб пачаць пастаўкі прадукцыі птушкагадоўлі ў Кітай. Да канца года мы ўзмоцнім пазіцыі», — адзначыў міністр.

Знешнеэканамічная дзейнасць за дзевяць месяцаў 2017 года характарызавалася прыростам у цэлым па сістэме Мінсельгасхарча на 11 працэнтаў. «За дзевяць месяцаў мы прадалі прадукцыі на суму $1,844 млрд, што на $184 млн больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года», — дадаў Леанід Заяц.

Рост вытворчасці сельгаспрадукцыі ў Беларусі па выніках 2017 года чакаецца на ўзроўні 3 працэнтаў

«Па выніках работы за дзесяць месяцаў у аграпрамысловым комплексе назіраецца дадатная дынаміка развіцця. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях склаў 102,9 працэнта, у сельгасарганізацыях — 103,8 працэнта. Па выніках года мы забяспечым рост вытворчасці сельгаспрадукцыі на ўзроўні 3 працэнты», — сказаў Леанід Заяц.

Міністр адзначыў, што ў краіне ёсць значныя рэзервы для павышэння эканамічнай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. «Трэба завяршыць будаўніцтва свінатаварных комплексаў, якія будуюцца ў Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай абласцях. Акрамя таго, у ступені гатоўнасці 50 працэнтаў і вышэй знаходзяцца 128 малочнатаварных ферм», — падкрэсліў ён.

На Сахаліне пабудаваны малочнатаварны комплекс па беларускай тэхналогіі на 1 тыс. галоў. «У наступным годзе мы туды паставім сваю жывёлу і забяспечым суправаджэнне тэхналогіі», — паведаміў Леанід Заяц.

Заяц аб затрымцы ва ўборцы лёну ў Гомельскай вобласці: гэта недапрацоўка мясцовых улад

На прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц пракаменціраваў сітуацыю з затрымкай ва ўборцы лёну ў Гомельскай вобласці.

«Тут адбылася недапрацоўка мясцовых органаў улады. Трэба было раней падняць тэхнічныя сродкі, нават не прыцягваючы людзей. Гэты лён трэба было б убраць значна раней. Прэзідэнт рэзка адрэагаваў на гэта і даручыў прыцягнуць да адказнасці вінаватых за бяздзейнасць, перадаць матэрыялы ў пракуратуру для прававой ацэнкі», — сказаў міністр.

Леанід Заяц адзначыў, што ў гэтым годзе склаліся не самыя спрыяльныя ўмовы надвор’я. «Былі пахмурныя дні, дажджы — вялікая колькасць ападкаў выпала ў кастрычніку. Дзве месячныя нормы выпала за кароткі перыяд часу. Гэта наклала адбітак на тэмпы ўборкі сельгаскультур, у тым ліку льну. Была вельмі дрэнная вылежка льну, трэба было чакаць яшчэ і адпаведных умоў надвор’я, каб ён вылежаўся», — падкрэсліў міністр.

У бягучым годзе лён быў пасеяны на плошчы 47 тыс. га. «І ў большасці — на 97 працэнтах плошчаў — ён быў убраны своечасова», — канстатаваў міністр.

Турэцкія інвестары плануюць пабудаваць у Беларусі птушкафабрыкі

«Нядаўна да нас прыязджалі прадстаўнікі турэцкага бізнесу, якія разглядалі тэрыторыі Капыльскага, Клецкага раёнаў па будаўніцтве птушкафабрык для вытворчасці мяса бройлераў. Ім неабходна тэрыторыя каля 30 тыс. га. Плануецца, што прадукцыя потым будзе пастаўляцца на экспарт», — расказаў Леанід Заяц.

Таксама ёсць вялікі інтарэс з боку кітайскіх інвестараў. «Цяпер кітайская кампанія вывучае тэрыторыю Віцебскай вобласці — Сенненскі, Чашніцкі раёны, каб пабудаваць там малочнатаварныя комплексы з пагалоўем 40 тыс. Плануецца наладзіць вытворчасць малака, яго перапрацоўку на прадпрыемствах Віцебскай вобласці і пастаўку малочных прадуктаў на кітайскі рынак», — адзначыў міністр.

Закон аб арганічным земляробстве плануецца ўнесці ў парламент да канца года

«Закон аб арганічным земляробстве ўжо на выхадзе. Думаю, да канца года мы яго ўнясём у Палату прадстаўнікоў», — адзначыў міністр. Дзяржава будзе аказваць падтрымку тым суб’ектам гаспадарання, якія нацэлены на развіццё арганічнага земляробства.

Міністр дадаў, што земляробства ў Беларусі павінна быць экалагічна інтэнсіўным, з забеспячэннем і харчовай бяспекі, і аховы навакольнага асяроддзя.

Як паведамлялася, у законе аб арганічным земляробстве будзе вызначана паняцце арганічнай вытворчасці, а таксама агульныя патрабаванні да вытворчасці і абарачэння арганічнай прадукцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.