Районное собрание старост

Районное собрание старост

Ініцыятыву бяруць на сябе
Адкрываючы раённы сход старастаў, старшыня райвыканкама М.В.Токар прапанаваў падвесці вынікі работы гэтых прадстаўнікоў аднаасобных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, абмеркаваць праблемы. Сёлета быў выбраны новы састаў інстытута старастаў — 74 чалавекі самых аўтарытэтных, ініцыятыўных, паважаных, якія маюць, у асноўным, вялікі жыццёвы вопыт. Яны — сувязное звяно паміж насельніцтвам і мясцовай уладай. Іх заўвагі, прапановы, просьбы дапамагаюць вырашаць тыя ці іншыя патрэбы людзей, ведаць іх запыты.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк расказаў прысутным аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, больш падрабязней спыніўся на пытаннях жыццезабеспячэння вясковага насельніцтва. Гэта і зразумела, у зале сабраліся менавіта тыя, каму яны не абыякавыя, хто сутыкаецца з імі пастаянна.
— Вялікія магчымасці ў паляпшэнні якасці жыцця і ўмоў пражывання грамадзян у сельскай мясцовасці дала Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі, — падкрэсліў Сяргей Васільевіч. — Летась практычна яна была выканана. У раёне пабудавана 8 аграгарадкоў. У іх адрамантаваны школы, дзіцячыя садзікі, аддзяленні паштовай сувязі, аб’екты гандлю і бытавога абслугоўвання, устаноў аховы здароўя і іншыя. На рэалізацыю мерапрыемстваў праграмы, што датычыліся будаўніцтва, рэканструкцыі і рамонту, было накіравана 31,3 мільярда рублёў. Аднаўленне аграгарадкоў будзе працягвацца і ў новай пяцігодцы.
У нашай дзяржаве галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек, і органы ўлады павінны імкнуцца да забеспячэння камфортнасці яго пражывання, незалежна ад статуса населенага пункта. Агульная задача і іх, і старастаў — па магчымасці наблізіць умовы жыцця ва ўсіх сельскіх населеных пунктах да дастаткова прымальных.
У вёсках працягваецца жыллёвае будаўніцтва. У асноўным яно развіваецца на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў і ў аграгарадках. У 2010 годзе ў эксплуатацыю было здадзена ў вёсках раёна 5283 квадратныя метры жылля (43 домы ўведзена сельгасарганізацыямі, 10 — індывідуальнымі забудоўшчыкамі, 2 — фермерамі). За 4 месяцы гэтага пабудавана 13 дамоў.
У раёне ідзе актыўнае будаўніцтва газаправодаў і газіфікацыя сельскіх населеных пунктаў. Падводзяць газ у Чыжэўшчыну і Старое Сяло, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва газаправода “Цукровы завод — Сенькавічы — Сяхновічы — Маціевічы”. Плануецца газіфікаваць усе аграгарадкі.
Як адзначыў С.В.Мартысюк, нягледзячы на адраджэнне вёскі, набліжэнне ўмоў пражывання там да гарадскіх, яна па-ранейшаму мала прыцягальная для моладзі. У сельгаспрадпрыемствах не затрымліваюцца маладыя кадры. Толькі палавіна, якія прыбылі сюды ў 2006-2010 гадах, працягваюць працаваць. 32 вакансіі ў гаспадарках раёна, у тым ліку 6 спецыялістаў. На думку Сяргея Васільевіча, у замацаванні моладзі ў вёсцы сваё слова павінны сказаць і старасты, якія дзякуючы свайму вопыту і аўтарытэту могуць даць жыццёвую параду, псіхалагічна падтрымаць маладога чалавека.
Менавіта на гэтым спыніўся ў сваім выступленні стараста вёскі Хмелева М.Р.Каржук. З утварэннем аграгарадка сюды пачалі прыязджаць маладыя сем’і. “Я стараюся не абыходзіць іх увагай, — гаварыў Мікалай Рыгоравіч, — наведваю, цікаўлюся, як уладкаваліся, якія ёсць цяжкасці, а заадно звяртаю ўвагу на санітарна-бытавыя ўмовы ў кватэры, як пачынаюць весці сваю гаспадарку, ці падтрымліваюць парадак ля дома”.
Дарэчы, як адзначалася на сходзе, старасты праводзяць неацэнную работу ў арганізацыі навядзення парадку на зямлі. Яны — ініцыятары суботнікаў па ўборцы вясковых вуліц, добраўпарадкаванні могілак, інфармуюць сельвыканкамы пра стыхійныя смеццезвалкі. Шмат атрымліваецца ў гэтых людзей дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі, тым больш яны добра ведаюць сваіх аднавяскоўцаў, могуць да кожнага знайсці падыход.
Урач-гігіеніст ДУ “Жабінкаўскі райЦГЭ” К.М.Бяганскі і начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Л.М.Сакалова гаварылі, што без дапамогі старастаў у навядзенні санітарнага парадку ў вёсках не абысціся. Добра было б праводзіць конкурсы не толькі на найлепшае падвор’е, але і нядбайных гаспадароў ушчуваць прынародна, скажам, вывешваць спісы з прозвішчамі тых, у каго ля дома не наведзены парадак. Ёсць яшчэ ў сельскай мясцовасці нямала такіх дамоў, дзе ніхто не жыве, а спадчыннікі не спяшаюцца выкарыстоўваць іх па прызначэнні і добраўпарадкоўваць участак. І тут старасты маглі б сказаць сваё важкае слова, яны ж у большасці добра ведаюць гэтых людзей.
У Ленінскім сельсавеце выбрана і працуе 10 старастаў. Як адзначыў старшыня сельвыканкама Ю.Д.Кадоліч, 70 працэнтаў усіх работ у добраўпарадкаванні населеных пунктаў тут рашаюць з дапамогай іх. А яшчэ яны садзейнічаюць спакою ў вёсках, папярэджваюць злачыннасць, пажары, п’янства, “трымаюць на кантролі” беспрацоўных, аматараў спіртнога, тых, хто не надта сябруе з законам. І эфект ад гэтага ёсць. У многіх вёсках сельсавета цяпер ужо не сустрэнеш “начных магазінаў”, дзе прадаюць спіртное, зжытыя таксама факты самагонаварэння.
Начальнік міліцыі У.П.Жук заклікаў старастаў да далейшага супрацоўніцтва. Цяпер ідзе аперацыя “Увага: узрост!”. Важна не толькі ў час гэтых мерапрыемстваў, а пастаянна, каб пажылыя людзі адчувалі сябе абароненымі, не былі ахвярамі злодзеяў і ашуканцаў. Участковыя інспектары міліцыі, гатовыя і надалей трымаць цесны кантакт са старастамі ў папярэджанні падлеткавай злачыннасці, сумесна наведваць няўдалыя сем’і.
І ў дакладзе, і ў выступленнях падкрэслівалася, што старасты раёна дапамагаюць рашаць важныя пытанні кожнага населенага пункта. Яны працуюць у цесным узаемадзеянні з сельвыканкамамі, удзельнічаюць у сесіях сельскіх Саветаў, а таксама ва ўсіх грамадска-палітычных кампаніях.
Называлася шмат прыкладаў, дзе вызначыліся старасты. На іх рахунку добрыя справы. Так, з ініцыятывы старасты Галіны Віктараўны Вайтовіч з Маціевічаў летась былі ліквідаваны дзве стыхійныя спеццезвалкі, добраўпарадкаваны тэрыторыі ля некаторых сацыяльных аб’ектаў, падкошваліся прыдарожныя палосы. Стараста вёскі Палявая Рэчыца Алена Іванаўна Будзько даглядае брацкую магілу савецкіх воінаў і загінулых землякоў. Дзякуючы настойлівасці старастаў з Сакаў і Хмелева Неллі Уладзіміраўны Пракапук і Мікалая Рыгоравіча Каржука зроблены ямкавы рамонт вуліц, агароджаны могілкі ў Саках і праведзена іх санітарная ачыстка, адрамантаваны помнік загінулым землякам у Хмелеве, разбітыя кветнікі і клумбы ля шматкватэрных жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў.
На сходзе былі ўзнагароджаны Пісьмамі падзякі райвыканкама за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, значны асабісты ўклад у рашэнне жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2010 годзе старасты Алена Іванаўна Будзько (в.Палявая Рэчыца), Галіна Віктараўна Вайтовіч (в.Маціевічы), Таццяна Мікалаеўна Ківачук (в.Рагозна), Ірына Міхайлаўна Крук (в.Булькова), Вера Васільеўна Лук’янюк (в.Пшанаі), Аляксей Іванавіч Садоўнічак (в.Свішчы), Георгій Ільіч Чыліевіч (в.Целякі). Лепшай старастай раёна названа паводле вынікаў работы ў мінулым годзе Неллі Уладзіміраўна Пракапук з Сакаў.
Выбраны новы савет старастаў з 8 чалавек. Яго старшынёй зноў стала Валянціна Аляксееўна Дацкевіч. Наперадзе шмат работы, такой важнай і патрэбнай аднавяскоўцам.
С.ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымку: фота на памяць. Са старшынёй райвыканкама М.В.Токарам старасты вёсак, уганараваныя за актыўную работу.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top