Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
На базе ААТ “Рагазнянскі” адбылося сумеснае выязное пасяджэнне прэзідыума Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза “БелАПС” і савета кіраўнікоў Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза.
У ім прынялі ўдзел першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар, старшыня Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза Мікалай Радаман, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, кіраўнікі абласных і раённых аграпрафсаюзаў і інш.
ААТ “Рагазнянскі” быў абраны для наведвання невыпадкова. У мадэрнізацыю МТФ, вытворчых памяшканняў тут былі ўкладзены немалыя сродкі, і, дзякуючы адукаванаму падыходу, яны прыносяць аддачу. Госці з усіх куточкаў рэспублікі былі прыемна ўражаны ідэальным парадкам на ўсіх тэрыторыях, дзе ўдалося пабываць. Знаёмячы з вытворчымі памяшканнямі (а бытавым умовам, створаным для працаўнікоў, можна толькі пазайздросціць), дырэктар Аляксандр Семянюк падкрэсліў, што працоўны дзень пачынаецца дакладна ў 8 гадзін раніцы і заканчваецца ў 18.00, ні хвілінай пазней, бо транспартам дастаўляюць і забіраюць з месца работы. Кожная нядзеля – выхадны. Выключэнне – жніво. Многіх прысутных чыноўнікаў здзівіла, што любы працаўнік мае права карыстацца бясплатным вай-фаем.
Прыемнае ўражанне пакінула і наведванне фермы “Бусні-1”. Яе загадчык Віктар Сабалеўскі расказаў пра дасягненні калектыву МТФ і падкрэсліў, што пад новы год ён возьме “вяршыню” ў 8000. Кілаграмаў малака, надоеных ад каровы, зразумела.
Увогуле, “малочныя рэкі” “Рагазнянскага” з кожным годам становяцца ўсё больш паўнаводнымі. Як падкрэсліў Аляксандр Васільевіч, яшчэ 20 гадоў таму, калі ён узначаліў гаспадарку, удой на адну фуражную карову складаў 2439 кілаграмаў, а цяпер – 7,5 тысячы, валавая вытворчасць малака налічвала 2600 тон. Зараз гэтая лічба вырасла ў чатыры разы. Рэнтабельнасць перавысіла 55 %, амаль усё малако адпраўляецца на перапрацоўку гатункам “экстра”.
Пасля наведвання “Рагазнянскага” ўдзельнікі пераехалі ў залу райвыканкама для абмеркавання ўбачанага і пытанняў, вынесеных на парадак дня.
Сяргей Буткевіч, першы намеснік старшыні камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама ў сваёй прэзентацыі засяродзіў увагу на малочнай галіне як самай эфектыўнай для ўсёй Брэстчыны. Зараз вобласць атрымлівае каля 1,55 мільёна тон малака (для ўласных патрэб неабходна каля 400 тысяч тон), астатняе пастаўляецца на экспарт. Самыя выгадныя расійскія рынкі. Летась, напрыклад, на экспарт паставілі малочнай прадукцыі на 460 мільёнаў долараў. Па выніках сёлетняга плануецца экспартаваць на 20 мільёнаў долараў больш. У малочных лідарах Брэстчыны – Брэсцкі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Пружанскі і Бярозаўскі раёны з прадукцыйнасцю дойнага статка вышэй за 5 тысяч кілаграмаў. Як падкрэсліў у сваім выступленні першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, гатункам “экстра” драгічынскія жывёлаводы рэалізуюць толькі 27 % малака. А гэта значыць, па якасці і надоях раён недаатрымлівае вялікія грошы пры аднолькавых затратах.
Выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Мікалай Казак прапанаваў для абмеркавання тэму кадравага забеспячэння. На яго думку, у гаспадаркі прыходзяць кемлівыя, ініцыятыўныя маладыя спецыялісты. Аднак не ўсе яны імкнуцца да кар’ернага росту – паспяховых кіраўнікоў-пачаткоўцаў можна па пальцах пералічыць.
– Мы намагаемся аказваць юрыдычную дапамогу, – гаварыў Мікалай Казак. – Праводзім традыцыйны на Брэстчыне конкурс на лепшага кіраўніка сельскагаспадарчага і перапрацоўчага прадпрыемства. Лепшых узнагароджваем на абласных “Дажынках”. Дарэчы, гэты конкурс адкрывае новыя імёны. Сёлета, напрыклад, аж 40 маладых кіраўнікоў узначалілі сельгаспрадпрыемствы краіны.
Сярод пытанняў, што абмяркоўваліся на нарадзе, прагучала просьба павялічыць пенсіі кіраўнікам гаспадарак. Старшыня Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза “БелАПС” Мікалай Радаман прапанаваў выйсці на Мінсельгасхарч і кіраўніцтва з прапановай – прыраўняць пенсіі такіх людзей да пенсій дзяржслужачых. Мяркуючы па бурных апладысментах прысутных, гэтая ідэя ўсім прыйшлася даспадобы.
Напрыканцы пленарнага пасяджэння лепшых лідараў раённых аграпрамысловых саюзаў, кіраўнікоў гаспадарак узнагародзілі дыпломамі “Бел-АПС”, Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Сярод узнагароджаных – старшыня Жабінкаўскага раённага аграпрамысловага саюза Аляксандр Тарасевіч.
Выязное пасяджэнне завяршылася ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%