За чужыя сродкі – тэрмін некароткі


Далёка не кожны можа ўстаяць перад вялікімі сумамі грошай, што праходзяць праз яго рукі. Многія злодзеі ласыя на “чужыя каўбасы”.
Спакусілася на чужыя грошы і Таццяна З. з вёскі Замошаны. Згодна з дагаворам выплатнага аказання паслуг ад 4 студзеня 2016 года, заключанага з ёй гандлёвым унітарным прадпрыемствам “Брэсцкая міжрайбаза”, Таццяна выконвала нарыхтоўку лому чорных і каляровых металаў у насельніцтва і здавала справаздачы аб зробленай рабоце ў бухгалтэрыю філіяла “Жабінкаўскі”. Аднак у перыяд з 4 студзеня па 31 жніўня мінулага года 33-гадовая жанчына, атрымаўшы ў касе філіяла грошы для нарыхтоўкі металалому, які яна прымала ў насельніцтва, прысвоіла давераныя ёй пад справаздачу 39025 рублёў 73 капейкі, што складае больш за 1858 базавых велічынь і адпавядае асабліва буйному памеру. Якім жа чынам гэта сталася магчымым?
Адміністрацыі філіяла было вядома, што раней Таццяна З. працавала ва ўнітарным прадпрыемстве “Брэстдругчормет” нарыхтоўшчыцай, добра валодала навыкамі гэтай справы. Таму з жанчынай і была заключана адпаведная дамова. У двары свайго дома ў Замошанах, паводле ўзгаднення з кіраўніцтвам філіяла “Жабінкаўскі”, Таццяна прымала лом. Грашовыя сродкі, неабходныя ёй для выканання работы, заказвала ў касе філіяла. Яны выдаваліся па расходным касавым ордэры, які жанчына падпісвала пры атрыманні грошай. Нарыхтоўшчыцы таксама выдаваліся закупачныя ведамасці і таварна-транспартныя накладныя.
Спачатку Таццяна сумленна ставілася да сваіх абавязкаў, але потым, мабыць, буйныя сумы грошай засцілі вочы, і яна вырашыла прысвойваць наяўнасць. Для гэтага жанчына прадумала схему, як завалодаць чужымі сродкамі. Яна выпісвала таварна-транспартныя накладныя, запаўняла закупачныя ведамасці, уносячы туды выдуманых людзей, распісвалася за іх і ў выніку складала прыёма-здатачныя акты, у якіх таксама ўласнаручна распісвалася за вадзіцеляў і прыёмшчыка з боку “Брэстдругчормета”. Запаўняла ТТН, куды ўносіла фіктыўныя звесткі пра нібыта адгружаны лом і закупачную ведамасць прыкладвала да таварна-грашовай справаздачы, якую ў далейшым перадавала ў філіял “Жабінкаўскі”. Пасля таго як дакументы былі прыняты бухгалтэрыяй і ўсе сумы супадалі, Таццяна З. проста забірала сабе грошы, што былі выдадзены ёй для работы, і траціла іх на патрэбы ўласнай сям’і.
Але, як вядома, колькі вяровачцы не віцца, усё роўна канец будзе. У верасні мінулага года ў Брэсцкі аблспажыўсаюз паступіла інфармацыя аб тым, што пры зверцы разлікаў з УП “Брэстдругчормет” былі выяўлены ТТН, не ўлічаныя ў разліках пакупніка. На падставе загаду дырэктара ГУП “Брэсцкая міжрайбаза” было праведзена службовае расследаванне, аб’ектам якога стала пазаштатны нарыхтоўшчык філіяла “Жабінкаўскі” Таццяна З. Згодна з актам службовага расследавання вызначаны памер урону ў суме 54474 рублі 47 капеек, у тым ліку 484 рублі 68 капеек – здзельная заработная плата, налічаная Таццяне за нарыхтоўку лому, які не пацвярджаецца ўліковымі дадзенымі пакупнікоў.
Так, напрыклад, выявілася, што нарыхтоўшчыца фіктыўна спісала з-пад справаздачы звыш 287 тон металалому, у тым ліку медзі некалькіх відаў, чыгуну бытавога, алюмінію, свінцу і іншых металаў, прысвоіўшы сабе 39025 рублёў 73 капейкі.
На судовым пасяджэнні абвінавачаная поўнасцю прызнала сваю віну і добраахвотна кампенсавала ўрон, нанесены міжраённай гандлёвай базе. Змякчальнымі абставінамі суд прызнаў станоўчую характарыстыку з месца працы і наяўнасць на ўтрыманні Таццяны дваіх малалетніх дзяцей.
Жанчыну прызналі вінаватай у прысваенні маёмасці ў асабліва буйным памеры, інакш кажучы ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 4 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ёй прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў. У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 77 КК да Таццяны З. прыменена адтэрміноўка выканання назначанага пакарання на два гады. Акрамя таго, яна павінна ў нерабочы час адпрацаваць сто гадзін на карысць грамадству.
Паводле рашэння суда ў Таццяны канфіскаваны легкавы аўтамабіль “Пежо-206”, халадзільнік, канапа, тэлевізар, шкляны кухонны стол, пыласос, пральная машына і мясарубка. Такую вось цану заплаціла жанчына, якая паквапілася на чужое.
І яшчэ. Праз злачынную дзейнасць Таццяны З. былі паніжаны на пасадах некалькі супрацоўніц філіяла “Жабінкаўскі”, якія своечасова не заўважылі раскрадання грашовых сродкаў.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.