Дар’я НІКАНЧУК.
На мінулым тыдні ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшоў восеньскі пленэр юных мастакоў. У Малыя Сяхновічы завіталі сем навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў разам са сваім педагогам Барысам Беляком. Планавалася, што дзеткі будуць тварыць у засені касцюшкаўскіх ліп, але гэтаму перашкодзіла дажджлівае надвор’е. Юныя мастакі размясціліся ў каміннай зале музея, дзе яго супрацоўнікі стварылі для работы гасцей пэўную экспазіцыю. Яе галоўнай часткай стала карціна з выявай нашага славутага земляка – Тадэвуша Касцюшкі, дапаўнялі творчую атмасферу пакладзеныя ў камін дровы, запаленыя свечкі. З дапамогай акварэлі навучэнцы стараліся перадаць усе колеры і адценні элементаў інтэр’ера. Барыс Алегавіч адзначыў, што такія незвычайныя заняткі вельмі карысныя для маленькіх творцаў: яны не толькі малююць, але і знаёмяцца з гісторыяй роднага краю. Пра цікавы дзень, праведзены ў музеі, гасцям будуць нагадваць іх карціны, якія нарадзіліся ў яго ўтульнай зале.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%