З 30 кастрычніка па 4 лістапада ў Ракітніцкай сярэдняй школе працаваў восеньскі аздараўленчы лагер “Вясёлка”. Лагерная змена была цікавай і насычанай. Выхаванцы наведалі дзіцячую раённую бібліятэку, дзе апынуліся ў цудоўнай “Маленькай краіне” і даведаліся шмат цікавага. У школьнай бібліятэцы хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі захапляльнае “Падарожжа па казках” разам з Марыяй Вячорка. У сельскай бібліятэцы Ракітніцкага Дома культуры паўдзельнічалі ў конкурсна-гульнёвай праграме “Калабок”, якую падрыхтавала бібліятэкар Надзея Давідзюк. Там жа выхаванцы лагера наведалі і этнаграфічны музей сельскага быту.
З мэтай фарміравання экалагічнай культуры школьнікаў старшы выхавальнік “Вясёлкі” Вольга Бычак правяла з дзецьмі гульнёвыя заняткі “Знаўцы прыроды роднага краю”, якія суправаджаліся завочным наведваннем школьнай экалагічнай сцяжыны. З насельнікамі лесу хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся на занятках аб’яднання па інтарэсах “Школьнае лясніцтва”. На іх вучні змаглі праявіць і свае мастацкія ўменні. А на творчы конкурс работы з прыроднага матэрыялу школьнікам дапамагла падрыхтаваць выхавальнік Алена Кузьміч.
Штодня ў лагеры ладзілася спартыўная гадзіна. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў спартландыі, вясёлых стартах, спартыўных эстафетах і проста гульнёвых занятках.
“Падарожжа з доктарам Небалітам” дазволіла дзецям пабываць на гульнёвых станцыях і праявіць сваю творчасць у паказе пантамім.
З вялікім поспехам прайшло мерапрыемства, прысвечанае закрыццю лагернай змены. Падчас яго выхаванцы змаглі паказаць свае таленты на поўную моц. Яны спявалі, расказвалі вершы, паказвалі сцэнкі і танцавалі. Лагерная змена праляцела хутка і пакінула ў яе наведвальнікаў незабыўныя ўражанні.
Святлана ЦЯЛЬПУК, дырэктар лагера “Вясёлка” Ракітніцкай сярэдняй школы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%