Інакш успрымаюць свет

Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.
У кастрычніку адзначаецца Міжнародны дзень белага кія. Гэта – не свята. Гэта – своеасаблівы знак бяды, што нагадвае грамадству аб існаванні побач людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, аб дапамозе і салідарнасці. Белым кіем, як сімвалам невідушчасці, пачалі карыстацца ў 1921 годзе. У Брэсцкай вобласці без малога тры тысячы чалавек маюць першую, другую і трэцюю групу інваліднасці па зроку. Існуе нямала прычын, з-за якіх свет перастае ўспрымацца ў каляровым фармаце. Аднак невідушчыя людзі могуць і намагаюцца весці паўнавартаснае жыццё, займаюцца спортам, творчасцю, працуюць. Як паводзіць сябе пры сустрэчы з чалавекам з белым кіем? Як тактоўна дапамагчы яму зарыентавацца на вуліцы, у памяшканнях, праводзіць яго ў кабінет да прадстаўніка ўлады для вырашэння асабістых пытанняў?
Аб гэтым і не толькі гаварылі старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” Ірына Юрэня, яе намеснік Андрэй Лявіцкі з жонкай Таццянай і старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Раіса Ліскова, старшыні сельвыканкамаў, работнікі некаторых арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Семінар-трэнінг адбыўся ў зале райвыканкама ў межах рэспубліканскай акцыі.
Прадстаўнікі абласной арганізацыі расказалі пра яе мэты і задачы, прадэманстравалі відэаролікі, у якіх вельмі даступна і інфарматыўна тлумачылася, як жывуць людзі, што маюць праблемы са зрокам.
– Яны такія ж, як і астатнія, проста інакш успрымаюць гэты свет, – тлумачыла Ірына Леанідаўна. – Варта дапамагчы такім абдзеленым здароўем людзям не разгубіцца ў віры жыцця, знайсці сваю сцяжынку, быць рэабілітаваным. Наша арганізацыя намагаецца дапамагчы кожнаму, хто страціў зрок або ўвогуле не бачыць ад нараджэння. Мы займаемся рэабілітацыяй (элементарнай, працоўнай, сацыякультурнай), забяспечваем інвалідаў па зроку сучаснымі тыфлатэхнічнымі сродкамі (кіямі, гадзіннікамі, лупамі, смартфонамі, агучанымі танометрамі і г. д.), ствараем безбар’ернае асяроддзе, вучым працаваць на камп’ютары і многае іншае.
Як расказала Ірына Юрэня, для многіх інвалідаў па зроку і татальна невідушчых жыццё не абмяжоўваецца знаходжаннем у адным пакоі. Яны вучацца, атрымліваюць вышэйшую адукацыю, ствараюць сем’і, нараджаюць і гадуюць дзетак. Яскравы прыклад таму – Андрэй і Таццяна Лявіцкія. Калі муж, інвалід па зроку, крыху бачыць адным вокам, дык жонка – наогул невідушчая. Аднак гэта не перашкаджае кахаць адзін аднаго і гадаваць двух выдатных дзетак, разам, у сямейным тандэме, выступаць на публіцы, расказваць свету, як успрымаць людзей з такімі праблемамі.
– Навучыцеся нас паважаць, –
гаварыў падчас свайго выступлення Андрэй Анатольевіч. – І правільна акажыце дапамогу невідушчаму, калі яна патрэбна.
А як? На гэтае пытанне ўсе прысутныя атрымалі адказ з відэаролікаў “Жыццё працягваецца”, “Як сляпыя ўспрымаюць свет”, “Іншыя людзі”, “Невідушчы ва ўстанове культуры”, “Памятка для відушчых”. Затым Андрэй Лявіцкі разам з жонкай на прыкладах прадэманстравалі і пракаменціравалі ўбачанае.
Так, напрыклад, калі вы сустракаеце чалавека з белым кіем і хочаце яму дапамагчы зарыентавацца на мясцовасці, трэба пакласці руку на плячо (каб сляпы вызначыўся з месцазнаходжаннем памочніка) і прапанаваць дапамогу. Калі атрымалі згоду, тактоўна пакладзіце яго руку пад свой локаць і няшпарка ідзіце, уголас расказвайце, якая перашкода наперадзе: бар-дзюр, лавачка, скрыжаванне, лесвіца. Галоўнае, не хапаць у сляпога яго белы кій. Калі трэба прайсці ў вузкі праём дзвярэй, то неабходна ўзяць далонь невідушчага ў сваю і папярэдзіць аб гэтым.
Па статыстыцы кожныя 5 секунд адзін чалавек губляе зрок. Удзельнікам семінара-трэнінгу прапанавалі на хвіліначку паставіць сябе на месца невідушчага. Для гэтага трэба было заплюшчыць вочы і прайсці ад дзвярэй залы да стала, падняцца на дзве прыступкі, сесці на стул і распісацца ва ўмоўных дакументах. Паўдзельнічаць у эксперыменце згадзілася Ганна Усцьянчык. Выканаць гэтую задачу для відушчага –
ніякіх праблем! А вось з заплюшчанымі вачамі… Пераадолець Ганнін “маршрут” (а яго “ўскладнілі” двума крэсламі на дарожцы) да стала ўзяўся Андрэй Анатольевіч (на здымку). Ён, як прафесіянал-праваднік, “даставіў” сваю ўмоўна невідушчую падапечную да стала і дапамог паставіць подпіс на паперах.
…Думаю, веды, атрыманыя падчас семінара-трэнінгу, спатрэбяцца супрацоўнікам многіх арганізацый раёна, бо да іх па дапамогу часта звяртаюцца сябры Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*