Аб выкананні бюджэту і не толькі

 


Святлана БЯЛЯК.
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое вёў яго старшыня Дзмітрый Гарадзецкі. На абмеркаванне выносіліся тры пытанні.
Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананні бюджэту за 9 месяцаў бягучага года далажыў намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Гардзееў.
Як адзначыў Дзяніс Аляксеевіч, па выніках работы за студзень-верасень у раёне забяспечана выкананне практычна ўсіх ключавых паказчыкаў эфектыўнай работы. Так, тэмп росту экспарту тавараў на прадпрыемствах мясцовай і бязведамаснай падпарадкаванасці без прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання па выніках трох кварталаў пры заданні 104 % склаў 146,8 %; экспарт паслуг пры заданні 102,3 % – 181,4 %; на новаўведзеныя месцы працаўладкавана 197 чалавек пры заданні 55. Не выкананы паказчык прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.
За дзевяць месяцаў выкананы 8 з 10 заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аднак два паказчыкі аказаліся пакуль недасягальнымі для жабінкаўцаў: па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці (74 % пры заданні 80 %) і па ўзроўні налічанай намінальнай заработнай платы: яна склала 680,3 рубля пры заданні 757 рублёў.
Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 105,4 % (заданне 101,4 %). Паказчыкі не выканалі ААТ “Мацеевічы” і “Азяты АГРА”.
За 9 месяцаў на малочнатаварных фермах раёна надоена 47,5 тысячы тон малака (111,8 % да ўзроўню папярэдняга года). Самы высокі тэмп вытворчасці малака дасягнуты ў ААТ “Рагазнянскі” (+1227 т), “Ракітніца” (+650 т), “Мацеевічы” (+473,8 т). Самы высокі тэмп рэалізацыі надоенага малака забяспечылі жывёлаводы ААТ “Ракітніца”, “Жабінкаўскі”, “Рагазнянскі”. Найлепшы вынік па таварнасці малака – 90,7 % (+15,9 % да ўзроўню папярэдняга года) атрыманы ў ААТ “Ракітніца”. У той жа час знізілі гэты паказчык (-1,2 %) жывёлаводы ААТ “Мацеевічы”.
На 1 кастрычніка ў сельгас-арганізацыях раёна вырашчана 6326 т ялавічыны і свініны (ці 116,3 % да ўзроўню мінулага года). У сярэднім у суткі жывёлы папраўляліся на 648 грамаў (+37 г). Ніжэй за 500 г атрымалі па выніках работы за 9 месяцаў у ААТ “Шпіталі”, “Арэпічы”, “Азяты АГРА”. Пры гэтым дапушчана зніжэнне прыплоду цялят у ААТ “Жабінкаўскі”, “Хмелева”, “Ракітніца”, “Шпіталі”.
Па выніках работы за студзень-жнівень экспарт тавару ў раёне павялічыўся на 36 % і склаў 31,8 млн. долараў ЗША, імпарт – 21,6 млн. і знізіўся на 12 %.
З пачатку года ў эканоміку раёна прыцягнута 66 млн. 687 тысяч рублёў інвестыцый, рост склаў 185,1 %. Найвышэйшага тэмпу росту інвестыцый сярод арганізацый мясцовага падпарадкавання дасягнулі: КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, ААТ “Хмелева” і “Рагазнянскі”. Пры гэтым найбольш знізілі аб’ёмы інвестыцый у асноўны капітал Жабінкаўская ПМК-10, ААТ “Жабінкаўскае УКБ Жабінкаўскага раёна”.
Па выніках работы за справаздачны перыяд з чыстымі стратамі спрацавалі ААТ “Рыбгас Сакалоўскі Гусак” і торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”.
У рамках абмеркавання першага пытання былі разгледжаны вынікі выканання раённага бюджэту за 9 месяцаў 2017 года. Як паведаміла прысутным начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Святлана Плавух, за справаздачны перыяд у бюджэт паступіла 20692,2 тысячы рублёў даходаў, у тым ліку асабістыя – 12909,9, ці 73,2 % да гадавога плана.
Па асноўнай даходнай крыніцы – падаходным падатку з фізічных асобаў – дасягнуты самыя высокія паказчыкі ў вобласці – 73,2 % да гадавога плана (звязана гэта з павелічэннем на 10,7 % фонду заработнай платы).
На першачарговыя расходы (заработную плату, трансферты насельніцтву, харчаванне, медыкаменты, камунальныя плацяжы і інш.) у справаздачным перыядзе накіравана 13227 тысяч рублёў, або 68,5 % ад агульнай сумы расходаў бюджэту.
З другім пытаннем – “Аб выкананні сумесных планаў наймальнікаў і прафсаюзаў па рэалізацыі палажэння праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады” выступіла старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання арганізацыі прафсаюзаў, што ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Ніна Калыбская.
Ніна Уладзіміраўна паведаміла, што ў межах сацыяльнага партнёрства і ўзаемадзеяння ў раёне заключана і дзейнічае пагадненне паміж райвыканкамам, наймальнікамі і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў да 2019 года. Гэта дазваляе здзяйсняць узгодненую палітыку ў пытаннях забеспячэння сацыяльных гарантый, занятасці і аплаты працы, павышэння эфектыўнасці аховы працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў.
На Жабінкаўшчыне дзейнічаюць 75 калектыўных дагавораў, 7 з іх заключаны на ўзроўні вышэйстаячых арганізацый.
Федэрацыя прафсаюзаў ахоплівае многія сферы жыцця працуючых. Гэта правядзенне маніторынгаў сацыяльна-эканамічнага стану на прадпрыемствах і ў арганізацыях, кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы; маральнае і матэрыяльнае стымуляванне работнікаў, што аддаюць перавагу спорту і здароваму ладу жыцця; падтрымка маладых работнікаў і ветэранаў працы; летняе аздараўленне дзетак і многае іншае.
Аб забяспечанасці ўстаноў аховы здароўя Жабінкаўшчыны кадрамі паведаміў галоўны ўрач Жабінкаўскай ЦРБ Анатоль Лаўрукевіч.
Работа з кадрамі, якая праводзіцца ў райбальніцы, на думку выступоўцы, накіравана на захаванне, эфектыўнае выкарыстанне і развіццё створанага кадравага патэнцыялу.
Калектыў бальніцы налічвае 461 чалавек, з якіх 74 – урачы, 212 – работнікі сярэдняга медперсаналу. Вышэйшую адукацыю маюць 85 чалавек, сярэдне-спецыяльную 240.
Штогод калектыў “амалоджваецца” – прыбываюць выпускнікі ВНУ і сярэдне-спецыяльных устаноў. Так, за апошнія пяць гадоў прыбылі 48 маладых спецыялістаў, з якіх 37 працуюць і сёння.
Урачы райбальніцы праводзяць сустрэчы-лекцыі па прафарыентацыі з вучнямі школ, і гэта дае станоўчыя вынікі. Напрыклад, за апошнія чатыры гады былі выдадзены 26 мэтавых накіраванняў жадаючым атрымаць прафесію медыка ў ВНУ, яшчэ 4 – у медкаледжы. Сёлета 12 выпускнікоў школ паступілі вучыцца ў медустановы. Дарэчы, з 74 урачоў, што працуюць у ЦРБ, 24 – нараджэнцы раёна.
Сёлета калектыў медыкаў папоўнілі 12 спецыялістаў. У асноўным гэта выпускнікі Гродзенскага, Мінскага ўніверсітэтаў, Брэсцкага і Пінскага каледжаў. Каб замацаваць іх на першых працоўных месцах, распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, зацверджана палажэнне аб настаўніцтве.
Згодна з калектыўным дагаворам маладым спецыялістам кампенсуюцца затраты па найме жылых памяшканняў, аказваецца матэрыяльная дапамога маладажонам, пры нараджэнні дзіцяці; павышаецца тарыфны аклад на 10 %, існуюць надбаўкі за складанасць працы; прадастаўляюцца льготныя крэдыты і г. д. Вялікую ролю ў замацаванні моладзі адыгрывае жыллё.
Свой уклад у работу з кадрамі ўносяць грамадскія арганізацыі: пярвічка работнікаў аховы здароўя (пад старшынствам Віталя Вялько), РА “Белая Русь”, ГА “БРСМ”.
У цэлым, на думку Анатоля Лаўрукевіча, у ЦРБ распрацавана сістэма работы з кадрамі, што дазваляе забяспечыць прафесійны рост медработнікаў, выхоўвае пачуццё ўзаемадапамогі, адказнасці за даручаны ўчастак работы і г. д.
Разгледзеўшы ўсе пытанні, што былі на парадку дня, райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.