Першыя сярод лепшых

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Дружны калектыў МТФ “Бусні-1” ААТ “Рагазнянскі” можа ганарыцца: менавіта працаўнікі гэтай фермы сталі лепшымі ў вобласці сярод аналагічных МТФ, што атрымалі надой ад каровы звыш 7000 кілаграмаў.
На думку прадстаўнікоў камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама, абкама прафсаюза работнікаў АПК і абласнога аграпрамысловага саюза, што прыехалі на Жабінкаўшчыну з Ганаровым дыпломам і падарункамі рупліўцам, “буснёўцы” шчыра і педантычна выконваюць пастаўленыя задачы, не парушаюць тэхналагічныя ланцужкі – адсюль і добрыя вынікі. 95 % атрыманага малака адпраўляецца на перапрацоўку гатункам “экстра”. Увогуле, за 10 месяцаў тут ад кожнай рагулі надаілі 7587 кілаграмаў. Штодня на малаказавод з “Рагазнянскага” адвозіцца 28 тон прадукцыі фермаў.
Уручаючы ва ўрачыстых абставінах загадчыку фермы “Бусні-1” Віктару Сабалеўскаму Ганаровы дыплом, першы намеснік старшыні камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Буткевіч падкрэсліў:
– Па сярэднім надоі малака ад каровы за студзень-верасень Брэсцкая вобласць займае першае месца ў рэспубліцы з вынікам 4184 кілаграмы. У гэтым ёсць і ўклад жывёлаводаў “Рагазнянскага”. Усяго ў гаспадарцы з пачатку года атрымалі 9952 тон малака – на 1345 тон больш, чым летась, рэнтабельнасць перавысіла 55 %.
Кожны квартал мы падводзім вынікі спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака. У вобласці яно праводзіцца не ўпершыню. Лепшых вызначаем у трох намінацыях у залежнасці ад дасягнутага ўзроўню развіцця галіны:
1) з удоем да 5 тысяч кілаграмаў малака, 2) ад 5 да 7 тысяч,
3) 7 тысяч і вышэй. Галоўная ўмова – таварнасць малака не павінна быць ніжэй за 50 %, і не меней паловы прадукцыі – гатункам “экстра”.
Вельмі прыемна адзначыць, што ферма “Бусні-1” па выніках работы за 9 месяцаў аказалася ў самай вышэйшай намінацыі па прадукцыйнасці. Гэтая МТФ, па маім глыбокім перакананні – прыклад, як павінна працаваць ферма, у якую ўкладзены вялікія інвестыцыйныя сродкі на будаўніцтва або рэканструкцыю. “Бусні-1” поўнасцю ўкамплектавана матачным пагалоўем. Гэтая работа праведзена тут па даручэнні кіраўніка дзяржавы.
Уручаючы калектыву заслужаную ўзнагароду і грашовыя сертыфікаты, Сяргей Канстанцінавіч упэўнена сказаў, што ў гэтай фермы ёсць усе шанцы стаць пераможцай і ў наступным годзе, калі возьме 8-тысячны “рубеж”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.