Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны ЖУК.
7 лістапада 1957 года ў Савецкім Саюзе шырока адзначалі 40-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, і дэманстранты з чырвонымі сцягамі, плакатамі ды транспарантамі выйшлі на вуліцы і плошчы. У гэты самы дзень у вёсцы Баранцы ў сям’і Арцёма і Настассі Брытуноў нарадзіўся хлопчык Толя. Яму суджана было вырасці і ў сваіх творах уславіць родную зямлю.
Калі б трэба было коратка ахарактарызаваць Анатоля Арцёмавіча, я назваў бы яго рамантыкам. Як у жыцці, так і ў творчасці. Рана, яшчэ ў школьную пару, хлопчык захапіўся прыгодніцкімі раманамі. Майн Рыд, Даніэль Дэфо, Джэк Лондан і, канечне, Янка Маўр разбудзілі ў Толіку цягу да падарожжаў, да адкрыццяў невядомых астравоў, а можа, і краін.
Кнігі Янкі Маўра Толік Брытун перачытваў па многа разоў. Аказалася, і на Палессі можна стаць “рабінзонамі”, як Мірон і Віктар – героі прыгодніцкай аповесці. Маўр клікаў хлопчыка з Баранцоў у чароўную Індыю, на далёкія астравы Яву і Цэйлон, на архіпелаг Вогненная Зямля і ў іншыя непаўторныя мясціны. Яны апісваліся так ярка, так дакладна, што з цяжкасцю верылася, нібыта Іван Міхайлавіч Фёдараў (Янка Маўр) ніколі не пакідаў Савецкага Саюза.
Анатоль Брытун скончыў Пінскі меліярацыйны тэхнікум і завочна – Горацкую сельгасакадэмію, працаваў у праектных інстытутах: “Пскоўгідраводгас” і “ГалоўПалессеводбуд” у Брэсце, займаўся праектаваннем вадасховішчаў, дамбаў, праверкай работы мясцовых перасовачна-механізаваных калон.
Зараз Анатоль Арцёмавіч – старшы інспектар Брэсцкай мытні. Паміж праектаваннем і мытняй была яшчэ адна праца, незабыўна цікавая і любімая. Брытун, скончыўшы курсы ведання польскай мовы, вадзіў экскурсіі. За пяць гадоў праехаў ад Брэста да Далёкага Усходу, наведаў многія саюзныя рэспублікі, бачыў мясціны неапісальнай прыгажосці, але застаўся перакананым, што лепей роднага краю яму не знайсці.
Калі ж зайшла размова пра ягоную творчасць, Анатоль Арцёмавіч нечакана заявіў:
– Я, мусіць, вельмі лянівы чалавек. Бо пачаў запісваць свае думкі-фантазіі толькі як узрост падышоў да пяцідзесяці і нарэшце набылі камп’ютар для сына Арцёмкі.
Дарма Анатоль абазваў сябе ляніўцам. На самой справе ён чалавек непаседлівы і ўвішны. І на працы, і дома не можа ні хвіліны быць без занятку: то ідзе ў лес з кошыкам, то на беразе рэчкі пасядзіць з вудаю, то на паляванне збіраецца. Нават калі здабыча не такая, як хацелася б, дык усё роўна настрою ды радасці хопіць на цэлы тыдзень, а то і болей.
Можа, таму першыя лірычныя мініяцюры Анатоль Брытун надрукаваў у часопісе “Паляўнічы і рыбалоў”. “Значыць, гэта камусьці патрэбна, а можа, і карысна!” – аднойчы вырашыў аўтар і ўзяўся… за раман!
Апошнія гады ягоная маці Настасся Іванаўна пражыла ў сынавай хаце. Яна магла гадзінамі расказваць сямейныя паданні пра тое, як дзед і прадзед служылі стражнікамі ў Белавежскай пушчы, як аберагалі векавое лясное багацце і як іх у 1915 годзе кайзераўскія салдаты, захапіўшы лес, сілком вывезлі адтуль.
Слухаючы маміны аповеды, Анатоль Арцёмавіч міжволі думаў: “Вось ёсць Аляска, пра якую Джэк Лондан напісаў дзясяткі кніг; ёсць прэрыі і раманы Фенімора Купера; уганараваны і Шэрвудскі лес, дзе жыў Робін Гуд, а пра Белавежскую пушчу – самыя прыгожыя і запаветныя нетры ў Еўропе – няма ніводнай прыгодніцкай кнігі”. Брытун пачаў фантазіраваць, выстройваць сюжэт. Так нарадзіўся раман “Пах мускусу”. Твор меў шырокі розгалас. Надрукаваны ў вядучым часопісе “Полымя”, ён аказаўся вельмі чытэльным. У бібліятэках Брэста і Жабінкі прайшлі прэзентацыі, водгукі былі самыя станоўчыя. Анатоля Брытуна з першым, і на той час адзіным, раманам прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ён становіцца лаўрэатам прэміі імя Уладзіміра Калесніка, зацверджанай Брэсцкім аблвыканкамам. За пісьменнікам трывала замацавалася слава аўтара прыгодніцкага жанру.
Але найбольш парадавала яго, як прызнаецца сам Брытун, падзячнае пісьмо Пасла Рэспублікі Беларусь у Францыі, Іспаніі, Партугаліі і Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА Паўла Латушкі. Павел Паўлавіч пісаў: “Вельмі прыемна атрымаць кнігу на роднай мове пра Белавежскую пушчу, якая з’яўляецца для мяне асабіста самай лепшай мясцінай у свеце…”
Як жа трапіў Брытуноў раман да беларускага дыпламата? У 2014 годзе кіраўнікі Брэсцкай мытні накіроўваліся ў Парыж з рабочай камандзіроўкай. Задумаліся, што падараваць, чым парадаваць тых, хто будзе сустракаць на французскай зямлі, і раптам згадалі пра раман “Пах мускусу”, напісаны іх супрацоўнікам. Твор і прынёс такую асалоду ды радасць спадару паслу.
Сёння ў маёй хатняй бібліятэцы стаіць Анатолева аповесць “Сяліба”. Яна распавядае пра другую галіну Брытуновага роду – мацярынскую. Такім чынам, аўтар з удзячнасцю і сынавай любоўю расказаў пра сваіх продкаў, без якіх не было б і яго самога.
Прыгодніцкія кнігі даўно палюбіліся і дарослым, і юным. Анатоль Арцёмавіч ахвотна прыходзіць на сустрэчы з чытачамі, каб весці гаворку пра творчасць. Не забывае ён і малую радзіму. Напрыклад, у Жабінцы пісьменнік не толькі браў удзел у прэзентацыі рамана “Пах мускусу”, але й у красавіку 2016 года выступаў на раённым фестывалі дзіцячай кнігі.
…2019-ы абяцае стаць юбілейным для Брэста: горад над Бугам будзе адзначаць сваё першае тысячагоддзе. Створана рабочая група, распрацавана шырокая праграма святкавання. Жадае ўнесці свой уклад і Анатоль Брытун.
У задуме берасцейскага пісьменніка – стварыць трылогію пра родную зямлю, пра горад на мяжы, што стаў здаўна “Брамаю Беларусі”. Тры аповесці вернуць сучасніка ў старажытныя часы – у ХІ–ХV стагоддзі.
Першая аповесць “Ашуканая ганарыстасць вікінга” напісана ўжо і друкавалася ў часопісе “Маладосць”. Другая – “Шчарбіны яцвяжскай сякеры” – яшчэ ў працы. Яна пра тое, як на берасцейскія землі прыйшлі заваёўнікі і тутэйшыя баранілі свой край ад чужынцаў.
Задума трэцяй аповесці – распавесці пра знакамітую Грунвальдскую бітву. Аўтар зноў пакліча чытача ў Белавежскую пушчу, дзе славянскія рыцары будуць назапашваць мяса, іншыя прадукты для таго, каб ісці на ратнае поле. Аповесць раскажа і пра ўклад берасцейскай харугвы ў перамогу над крыжакамі, калі з поля бітвы дамоў вярнуўся толькі адзін яцвяжскі ваяр…
Той, хто прачытаў першую аповесць трылогіі, пацвердзіць: пісьменнік у ёй застаецца верным сабе, сваёй рамантычна-прыгодніцкай манеры пісьма.
У Анатоля Брытуна – юбілей. Хочацца верыць, што яшчэ шмат разоў аўтар парадуе чытачоў прыгодніцкімі творамі. У свае шэсцьдзясят Анатоль Арцёмавіч поўны жыццёвых сіл, а ў душы, як у маладосці, застаецца рамантыкам.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%