Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У панядзелак, 30 кастрычніка, на базе першай гарадской школы адбыўся абласны семінар кіраўнікоў раённых (гарадскіх) метадычных фарміраванняў намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце па тэме “Арганізацыя эфектыўнай метадычнай работы ва ўстановах адукацыі – асноўны рэзерв павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”.
Семінар адкрыла метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўніцкай дзейнасці ў адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Медзічэнка. Яна агучыла мэты мерапрыемства, пажадала яго ўдзельнікам плённай працы.
Вітала гасцей намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч. Іна Уладзіміраўна пазнаёміла з установамі адукацыі Жабінкаўшчыны, спынілася на той рабоце, якая вядзецца ў раёне па выяўленні таленавітых дзяцей і моладзі. Так, удасканальваецца алімпіядны рух, функцыянуюць рэсурсныя цэнтры і факультатыўныя заняткі па вучэбных прадметах для вучняў некалькіх устаноў адукацыі. Навучэнцы 10-11 класаў маюць магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні ў профільных класах.
Гаварыла Іна Уладзіміраўна і пра поспехі нашых вучняў на абласных, рэспубліканскіх алімпіядах, у спартыўных спаборніцтвах; пра абнаўленне і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны. У выніку сумесная работа дазволіла нашаму раёну за два апошнія гады падняцца з 15 месца на 8 (з 21) у вобласці згодна рэйтынгу па розных накірунках развіцця сістэмы адукацыі.
Вопыт работы раённага вучэбна-метадычнага кабінета па фарміраванні метадалагічнай культуры педагога ў сістэме неперарыўнай прафесійнай адукацыі прадставіла ўдзельнікам семінара яго загадчык Вольга Карпук. Вольга Уладзіміраўна распавяла гасцям, якім чынам плануецца работа раённага ВМК, на што яна накіроўваецца і якія прыярытэты мае. Загадчык спынілася на дзейнасці метадычнага кабінета па забеспячэнні павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў раёна, магчымасці прайсці імі курсавую падрыхтоўку. Вольга Уладзіміраўна расказала таксама пра тыя інавацыйныя праекты, што рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі, пра дзейнасць раённых вучэбна-метадычных фарміраванняў, тую адрасную дапамогу, якая аказваецца метадыстамі ВМК педагагічным калектывам.
Загадчык падкрэсліла, што адной з асноўных частак работы вучэбна-метадычнага кабінета з’яўляецца работа з маладымі педагогамі Жабінкаўшчыны. Ім аказваецца дапамога ў авалоданні асновамі прафесійнага майстэрства, фарміруецца жаданне неперарыўнай самаадукацыі.
У ВМК створаны банкі дадзеных па выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій настаўнікамі раёна, абагульненні эфектыўнай педагагічнай практыкі ва ўстановах адукацыі, адораных дзяцей. Укараненне вывучанага вопыту, яго распаўсюджванне арганізуецца таксама праз пасяджэнні раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў.
Вольга Уладзіміраўна расказала пра формы метадычнай работы па ўдасканаленні педагагічнага майстэрства: навукова-практычныя канферэнцыі, педагагічныя чытанні, тэматычныя семінары, конкурсы прафесійнага майстэрства і іншыя, у якіх настаўнікі Жабінкаўшчыны прымаюць актыўны ўдзел.
Штогадовай творчай справаздачай метадычнага кабінета з’яўляецца выданне метадычных зборнікаў па асноўных накірунках работы.
На правах гаспадароў слова трымала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Жабінкі Іна Мірко. Іна Аляксандраўна расказала ўдзельнікам семінара, як ва ўстанове арганізуецца метадычная работа, пазнаёміла са структурай адпаведнай службы, у складзе якой педагагічны і метадычны саветы, дзевяць фарміраванняў. Каб павысіць эфектыўнасць педагагічнага працэсу, якасць абучанасці навучэнцаў, у школе для настаўнікаў-прадметнікаў ствараюцца праблемныя групы, творчыя майстэрні.
Гаварыла Іна Аляксандраўна і пра сістэму самаадукацыйнай работы педагогаў, якая адыгрывае вялікую ролю ў павышэнні іх прафесійнага ўзроўню, пра абагульненне і распаўсюджванне вопыту настаўнікаў установы.
Намеснік падрабязна спынілася на рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта, які стартаваў ва ўстанове ў 2015-м, і актыўным удзеле ў ім педагогаў школы. Праект працягнецца да 2019 года.
Іна Аляксандраўна адзначыла, што ва ўмовах актыўнага ўключэння большай колькасці настаўнікаў у працэс інфарматызацыі, важнейшай задачай метадычнай службы ўстановы з’яўляецца паўнацэннае інфармаванне і кансультаванне па пытаннях прымянення інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у адукацыйным працэсе.
Для павышэння сваёй прафесійнай кампетэнцыі педагогі ўдзельнічаюць у семінарах-практыкумах, навучальных семінарах і трэнінгах, якія ладзяцца як на базе школы, так і іншых устаноў раёна, вобласці і рэспублікі. Спрабуюць свае сілы ў раённых і абласных конкурсах, конкурсах прафесійнага майстэрства, удзельнічаюць у навукова-практычных і e-mail-канферэнцыях, педагагічных чытаннях.
З мэтай перадачы ведаў, вопыту, майстэрства маладым педагогам, якія прыходзяць на працу ва ўстанову, тут выкарыстоўваецца такая форма работы, як настаўніцтва. У пацвярджэнне гэтых слоў прысутныя ўбачылі відэаролік пра маладога педагога першай школы Віктара Чарнака.
У працяг тэмы выступіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя трэцяй гарадской школы, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017” Сяргей Карпук. Сяргей Аляксандравіч расказаў гасцям, што паўплывала на яго выбар стаць педагогам, і падзяліўся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі аб удзеле ў этапах рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.
Далей удзельнікі семінара папрысутнічалі на майстар-класах педагогаў нашага раёна. Як можна вывучаць гісторыю інтэрактыўна, прадэманстравала настаўнік гісторыі і грамадазнаўства другой гарадской школы Таццяна Кныш. Настаўнік біялогіі гэтай жа ўстановы Таццяна Ярмаловіч падзялілася вопытам выкарыстання ў сваёй рабоце праграмы Smart Notebook 10, сэрвісаў web.2.0 і блога настаўніка. На майстар-класе ў педагога выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 1 Жабінкі Ірыны Бялавенцавай госці змаглі зрабіць сваімі рукамі вінтажную шматфункцыянальную закладку ў стылі скраб-фларыстыкі.
Удзельнікі семінара пазнаёміліся з панарамай метадычных практык устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны. Так, другая і трэцяя гарадскія школы прадставілі свае напрацоўкі ў вобласці медыяадукацыі, інфармацыйна-камунікатыўных і інавацыйных тэхналогій. Ліцэй падзяліўся вопытам праектнай і даследчай дзейнасці, якая садзейнічае развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў. Крыўлянская і Ракітніцкая школы прэзентавалі работу па інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі вусна-гістарычнага даследавання роднага краю як сродак фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”. Ён стартаваў ва ўстановах у 2015 годзе і завершыцца ў 2018-м. Работу па праекце “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы” прадставіла і першая школа.
Вынікі работы семінара былі падведзены падчас круглага стала. Яго ўдзельнікі абмяняліся меркаваннямі і выказалі словы ўдзячнасці за арганізацыю і правядзенне мерапрыемства прымаючаму баку.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%