Аты-баты, мы цяпер салдаты!

Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Для 46 маладых людзей Жабінкаўшчыны мінулая серада стала вельмі важнай і хвалюючай. У гарадскім Доме культуры ў той дзень адбыліся праводзіны прызыўнікоў раёна ў шэрагі Узброеных Сіл нашай краіны. Ва ўрачыстай абстаноўцы будучыя абаронцы атрымалі позвы і пачулі шчырыя пажаданні годнай службы.

Самы старэйшы сярод прызыўнікоў – Анатоль Зозан. У пачатку года хлопцу споўнілася 25 гадоў. Ён шчыраваў у родным сельгаспрадпрыемстве “Азяты АГРА”, а зараз папоўніць групу артылерыі ў Слоніме. Няпроста было дружнаму педагагічнаму калектыву школы ў Баранавіцкім раёне развітацца са сваім маладым настаўнікам. Сёлетні прызыўнік Кірыл Гацук выкладаў ва ўстанове матэматыку і інфарматыку. Ён атрымаў позву ў органы пагранічнай службы. Працоўны стаж ёсць і ў Іллі Леўчука. Цікава, што ў Драгічыне будучы абаронца асвоіў спецыяльнасць повара, а ў Брэсце атрымаў медыцынскую адукацыю. Хутка работнік Крыўлянскай амбулаторыі адправіцца ў сталіцу, каб папоўніць унутраныя войскі. У Мінск паедзе і васямнаццацігадовы Аляксей Марушчак. Юнак ведае, што ў войску будзе служыць вадзіцелем. Напярэдадні прызыву ён з ініцыятывы ваенкамата ўдала прайшоў навучанне пры Брэсцкім ДТСААФ, таму служба стане добрай практыкай для кіроўцы-пачаткоўца. Прызыўнікі-блізняты Станіслаў і Уладзіслаў Ляшко заўжды разам. Пасля заканчэння першай адзінаццацігодкі яны ў адной групе навучаліся ў Пінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудаўніцтва. Некаторы час працавалі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а зараз паедуць служыць у Баранавічы ў 120-ю зенітную ракетную брыгаду. У сілы спецыяльных аперацый позву атрымаў Аляксандр Елізаранка.
– Саша вельмі рады, што трапіў у гэтыя войскі – збылася ягоная мара, – прызнаецца мама прызыўніка Святлана Елізаранка. – Ён хоча звязаць свой лёс з ваеннай справай, заўжды актыўны і спартыўны, паспяхова займаўся боксам. Да таго ж добрым прыкладам для сына быў тата Юрый, які працаваў у органах унутраных спраў і сёлета выйшаў на заслужаны адпачынак. Безумоўна, вельмі няпроста адпусціць сына на службу ў сталіцу, хвалююча, але мне патрэбна з разуменнем аднесціся да ягонага жадання.
Чатыры жабінкаўцы будуць праходзіць службу ў рэзерве. Сярод іх Станіслаў Несцяровіч, які сёлета папоўніў калектыў Жабінкаўскага ДРБУ № 103. Працу хлопец сумяшчае з навучаннем у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.
Позвы ўручылі будучым абаронцам ганаровыя госці ўрачыстасці. Са шчырымі словамі на дарогу да прызыўнікоў звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў, а таксама намеснік раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік запасу Сяргей Візнер. Ад раённага Савета ветэранаў добрай службы маладому папаўненню пажадаў Анатоль Старыцкі. Блаславіў прызыўнікоў дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма Жабінкі, протаіерэй Сергій Петрусевіч. Завяршылася ўрачыстасць канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі салісты эстраднай студыі “Золак” гарадскога Дома культуры.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.