Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Нагодай для сустрэчы з начальнікам участка ААТ “Вазнясенскі” Аляксеем Садоўнічыкам стала ўзнагароджанне яго граматай абласнога Савета дэпутатаў, якую атрымаў з рук яго старшыні Сяргея Ашмянцава на сёлетніх раённых “Дажынках”. Падчас размовы даведалася, што Аляксей Іванавіч працуе ў родным сельгаспрадпрыемстве без малога амаль паўвека. Ён – старэйшына працоўнай дынастыі Садоўнічыкаў.
Пасля заканчэння ў 1968 годзе Свішчоўскай васьмігодкі Аляксей Садоўнічык падаўся ў калгас імя Чапаева, працаваў пастухом і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. Калі атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, вырашыў займець вадзіцельскія правы. Для гэтага навучаўся ў аўташколе пры Брэсцкім ДТСААФ. Вядома, як у хлопца ёсць пэўная прафесія, тады і служыць лягчэй, таму прызыўнікі імкнуліся да арміі атрымаць хоць нейкія “корачкі”. Аляксей трапіў у ваенна-паветраныя войскі, два гады служыў вадзіцелем у Калінінскай вобласці (цяпер Цвярская) у Расіі. Атрымалася за гэты час і ў водпуску на радзіме пабываць. Неяк у часці праходзіў агляд баявой тэхнікі, за яе выдатны стан радавому Садоўнічыку і быў аб’яўлены 10-дзённы адпачынак.
Па службе Аляксею даводзілася часта бываць у Вышнім Валачку. Там ён пазнаёміўся з рускай дзяўчынай Валянцінай, якая працавала на мясцовай прадзільна-ткацкай фабрыцы. Маладыя людзі, як кажуць, глянуліся адзін аднаму, з нецярпеннем чакалі сустрэч. Усяго месяц пасля звальнення Аляксей пратрымаўся без Валянціны. Бацькам аб’явіў, што ў Вышнім Валачку засталася яго каханая дзяўчына, сабраўся і паехаў па нявесту. Калі вярнуліся – адразу ў Якаўчыцкі сельскі Савет, дзе распісаліся і стварылі новую сям’ю. Спачатку жылі з бацькамі, а праз некалькі год купілі свой дом, дзе і цяпер гаспадараць.
Першынец Валерый нарадзіўся ў Садоўнічыкаў у 1974-м, праз тры гады – другі сынок, названы ў гонар таты Аляксеем. Валянціне прыходзілася забываць пра сваё гарадское жыццё і прывыкаць да вясковага. Доўгі час працавала загадчыкам сельскага клуба ў Свішчах, адначасова была й бібліятэкарам. Калі ж моладзь стала пакідаць вёску і абасноўвацца ў гарадах, установу зачынілі, і Валянціна Пятроўна перайшла на працу ў калгас, дзе рупілася кладаўшчыком. Адтуль і на заслужаны адпачынак пайшла.
Аляксей Іванавіч значны час працаваў у родным калгасе вадзіцелем. На сваім ГАЗ-51 адвозіў збожжа ад камбайнаў, дастаўляў буракі на цукровы завод, выконваў іншыя даручэнні. Праз некаторы час да абавязкаў вадзіцеля дадаліся клопаты памочніка начальніка ўчастка. З 1990 года Аляксей Іванавіч знаходзіцца на пасадзе начальніка ўчастка.
Кожны яго працоўны дзень пачынаецца з нарада, дзе абавязкова прысутнічае кіраўнік гаспадаркі і прадстаўнікі яе галоўных службаў. Тут вырашаецца, на якіх участках будзе задзейнічана тэхніка, механізатары атрымліваюць пуцявыя лісты. Аляксей Іванавіч падпісвае ўчарашнія і тлумачыць, што патрэбна будзе зрабіць сёння. На працягу дня наведваецца на палі і кантралюе работу: як ідзе культывацыя, сяўба, уносяцца ўгнаенні, колькі зроблена і што планаваць на наступныя дні.
Зараз клопаты гаспадаркі звязаны з уборкай буракоў, кукурузы на зерне. Уносяцца фосфарна-калійныя і арганічныя ўгнаенні пад яравую сяўбу, падымаецца зябліва. На жаль, своечасова ажыццяўляць работы перашкаджае сёлета восеньскае дажджлівае надвор’е.
У размове Аляксей Іванавіч падкрэсліў, што калектыў ААТ “Вазнясенскі” – зладжаная каманда аднадумцаў і прафесіяналаў, якая працуе пад умелым кіраўніцтвам Надзеі Кандрацюк. Дзякуючы гэтаму таварыства неаднаразова станавілася пераможцам у раённых спаборніцтвах на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур сярод сельскагаспадарчых арганізацый. З гонарам Аляксей Іванавіч адзначыў, што іх гаспадарка штогод дасягае высокіх паказчыкаў па ўраджайнасці зерневых, вырошчванні цукровых буракоў, вытворчасці і рэалізацыі мяса і малака.
Аляксей Садоўнічык яшчэ і стараста вёсак Свішчы і Барздзілы. Людзі бачаць у ім свайго памочніка і дарадцу, звяртаюцца па любым пытанні: калі патрэбна ўзараць агарод, прывезці саломы, адрамантаваць праводку – і ў іншых выпадках. Аляксей Іванавіч трымае цесную сувязь з раённымі службамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць у вырашэнні праблем вяскоўцаў.
Вядомая ісціна: ладзіцца ўсё тады на працы, калі сям’я – твой надзейны тыл, дзе цябе разумеюць і падтрымліваюць. Многія гады ў каханні, зго-дзе ды паразуменні жывуць Аляксей Іванавіч і Валянціна Пятроўна. Разам сустракалі радасныя моманты жыцця, разам перажывалі хвіліны смутку і горычы, калі заўчасна трагічна загінуў старэйшы сын Валерый. Але, дзякуй Богу, на зямлі ёсць сынава прадаўжэнне – яго дзеці Мікалай і Аляксей. Коля скончыў Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “агранамія”. Працуе ў “Вазнясенскім” аграномам-насенняводам і завочна вучыцца ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Алёша – студэнт гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Побач з Аляксеем Іванавічам у гаспадарцы рупіцца вадзіцелем малодшы сын Аляксей, нявестка Ірына – кладаўшчыком. У іх сям’і трое дзетак. Старэйшы Андрэй служыць зараз у Гродне. Да арміі працаваў у “Вазнясенскім” механізатарам. Валерыя паступіла сёлета ў Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж на спецыяльнасць “правазнаўства”. Маленькай Жэнечцы споўнілася ў кастрычніку два годзікі. Малодшыя Садоўнічыкі жывуць у Вежках – атрымалі ад роднага таварыства домік.
Дырэктар ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк назвала Аляксея Іванавіча сваім першым памочнікам ва ўсіх гаспадарчых справах. Ён чалавек слова: сказаў – зрабіў. З адказнасцю ставіцца да сваіх абавязкаў, сумленна іх выконвае. Працавіты, шчыры і справядлівы. Такімі выхаваў сваіх дзяцей, а зараз выхоўвае і ўнукаў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%