Прошел третий этап конкурса «Педагог-воспитатель — 2011»

Прошел третий этап конкурса «Педагог-воспитатель — 2011»

Веснавая пара для прадстаўнікоў педагагічнай нівы была прыемнай і адказнай: у Брэсце завяршыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Педагог-выхавальнік года — 2011”. Настаўніца пачатковых класаў адзінаццацігодкі І.А.Панфіла заняла ў ім трэцяе месца.
З хваляваннем ішоў на сустрэчу з настаўніцай. Больш чым 20 гадоў працуе яна на ніве народнай асветы, дзе дабілася значных поспехаў.
Дызайн вучэбнага кабінета стварыла Ірына Анатольеўна. Вытрыманы ў дзелавым стылі, прыемным колеры, створана ўражанне прасторы і ўтульнасці. Дарэчы, у гэтым годзе на раённым конкурсе-аглядзе кабінетаў пачатковых класаў ён у афармленні быў прызнаны найлепшым.
— На працягу ўсяго конкурсу “Педагог-выхавальнік” я перажывала станоўчыя эмоцыі, — расказвае Ірына Анатольеўна. — Але ў той жа час адчувала сваю адказнасць. З самага пачатку нацэльвала сябе на тое, каб выступіць дастойна. І вельмі прыемна, што так і атрымалася.
Яе калегі з першай гарадской школы, спецыялісты раённага аддзела адукацыі ведаюць, якой руплівай працай былі напоўнены дні настаўніцы, яе сям’і.
— Дзякуй за падтрымку і дапамогу намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце нашай школы Таццяне Віктараўне Казей, метадысту аддзела адукацыі Тамары Дзмітрыеўне Барысюк, якія ўсе тры дні конкурсу былі побач, — гаворыць настаўніца. — Дарэчы, у мяне была самая вялікая група падтрымкі. А гэта вельмі важна на мерапрыемствах такога ўзроўню. У самапрадстаўленні мне дапамагалі калегі, муж, сын, вучні і іх бацькі. Іх дапамога была проста неацэннай!
Да гэтага поспеху педагог ішла паслядоўна. У 2008 годзе ў раённым конкурсе “Настаўнік года” Ірына Панфіла заняла другое месца. Так што, як гаворыцца, ёсць чым ганарыцца.
Канечне, цікава было даведацца пра яе шлях у педагогіку.
— Вытокі — у маім дзяцінстве, у сям’і, — успамінае мая суразмоўніца. — Я, старэйшая дачка, дапамагала матулі даглядаць дзвюх сястрычак і брата. Часта ўяўляла сябе настаўніцай, а іх — сваімі вучнямі. Менавіта тады я адчула жаданне працаваць з маленькімі дзецьмі.
Потым былі вучоба ў базавай школе вёскі Запруды (Кобрынскі раён), сустрэча з першай настаўніцай — Вольгай Аляксееўнай Пушко, Баранавіцкае педагагічнае вучылішча. Дзяўчына заўсёды актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці і ў школе, і ў вучылішчы. Імгненна праляцелі гады вучобы. І вось Ірына Панфіла — уладальніца “чырвонага дыплома”. Маладая настаўніца вяртаецца ў сваю родную школу, пачынае там працаваць.
— Гэта была вельмі добрая школа, — з цеплынёю згадвае Ірына Анатольеўна. — Я спазнала на практыцы, як трэба працаваць з малымі. У той перыяд вялікую ролю ў маім станаўленні як настаўніка адыграла намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Надзея Мікалаеўна Хмялеўская. Яна падтрымлівала мяне, дзялілася вопытам.
Адначасова маладая настаўніца працягвае сваю адукацыю: паступае на завочнае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага інстытута. Тры гады адпрацавала ў роднай школе, а потым разам з мужам пераехала ў Жабінку. Зімою 1993-га Ірына Панфіла прыходзіць у першую гарадскую школу.
— Гэта быў новы этап у маёй педагагічнай дзейнасці, — кажа яна. — На мяне моцна паўплывала намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Надзея Мікалаеўна Лук’янюк. Я вельмі ўдзячная ёй, лічу яе сваім настаўнікам. Акрамя таго, тады ў нашай школе працавала Кацярына Мікалаеўна Сіда — кіравала школьным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў пачатковых класаў. Яна першая ў раёне пачала займацца развіваючым навучаннем і, канечне ж, перадала нам свой багаты вопыт.
Ідзе час. Ірына Панфіла заканчвае педінстытут і працягвае ўдасканальваць сваё педагагічнае майстэрства. На занятках вучыць дзетак не толькі чытаць і пісаць, а і лагічна думаць, праяўляе творчасць. З кожным годам яе вопыт расце, зараз яна — настаўнік вышэйшай катэгорыі, аднак не пакідае ўзбагачацца ведамі, уважліва вывучае ўсе навінкі метадычнай літаратуры. Ужо амаль 20 гадоў пастаянны падпісчык часопісаў  “Пачатковая школа” і “Пачатковае навучанне”.
Ірына Анатольеўна — ініцыятыўны, адкрыты чалавек, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. Актыўна супрацоўнічае з калегамі — настаўнікамі пачатковых класаў Людмілай Барысаўнай Александровіч і Галінай Аркадзьеўнай Яхалкоўскай. Вось ужо восем гадоў яны разам праводзяць выхаваўчыя мерапрыемствы, абменьваюцца вопытам, дапамагаюць і падтрымліваюць адна адну.
Як і яны, Ірына Анатольеўна — за індывідуальны падыход у навучанні і выхаванні школьніка. Уважліва вывучае кожнага свайго выхаванца, яго ўзаемаадносіны з бацькамі. У гэтым ёй дапамагае добрае веданне псіхалагічных асаблівасцей малодшых школьнікаў, цеснае супрацоўніцтва са школьным псіхолагам. Умела прыцягвае бацькоў да выхаваўчай працы з дзецьмі: сумесныя сходы, вечары, экскурсіі…
— У рабоце са школьнікамі надаю вялікую ўвагу грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Лічу, што выхаванне патрыёта і грамадзяніна павінна пачынацца ўжо з пачатковай школы. Таму прывіваю вучням любоў да свайго краю, сваёй Радзімы. І магу сказаць: у іх ужо сфарміраваны патрыятычныя пачуцці, развіта патрэба вывучаць і захоўваць культурна-гістарычную спадчыну беларускага народа, — расказвае педагог.
Дарэчы, у 2010 годзе яе работа “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне малодшых школьнікаў” прызнана самай цікавай у раённым этапе XIV рэспубліканскай выставы.
Выхаванцы Ірыны Панфіла — актыўныя ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі малодшых школьнікаў “Я — даследчык”. У мінулым навучальным годзе — Мікіта Ларчык і Міша Панфіла — удзельнічалі ў раённым этапе і занялі прызавыя месцы. А ў гэтым годзе ўжо чацвёра яе вучняў паказалі на ёй добрыя вынікі.
Шмат увагі настаўніца надае турысцка-краязнаўчай дзейнасці. Вучні разам з настаўніцай падарожнічаюць па памятных месцах Жабінкаўшчыны, Берасцейшчыны, наведваюць рэспубліканскія культурна-гістарычныя аб’екты. Пабывалі ў Мірскім, Нясвіжскім, Лідскім замках… Ужо на працягу некалькіх гадоў яна кіруе факультатывам “Экалагічнае краязнаўства”. У 2007 годзе ў раённым конкурсе краязнаўчых маршрутаў “Мой край” стала пераможцай у намінацыі “Экскурсія”.
— Ірына Анатольеўна — эрудзіраваны, творчы педагог, — расказвае намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Іна Аляксандраўна Мірко. — Яе ўрокі цікавыя і змястоўныя, вылучаюцца творчасцю. У яе — вельмі добрыя вынікі ў рабоце з таленавітымі дзецьмі. Напрыклад, у мінулым і гэтым навучальным годзе яе выхаванцы ў раённай алімпіядзе занялі прызавыя месцы па матэматыцы, рускай і беларускай мове. Акрамя таго, Ірына Анатольеўна — старшыня прафсаюзнага камітэта нашай школы. Такім чынам, яна не толькі бліскуча выконвае свае педагагічныя абавязкі, але выдатна спраўляецца з грамадскімі.
— Вельмі адказны педагог і класны кіраўнік, — гаворыць пра Ірыну Панфіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Віктараўна Казей. — Прымае ўдзел у розных конкурсах і мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Патрабавальная не толькі да вучняў, але і да сябе. Узначальвае раённую творчую групу “Пераемнасць: дзіцячы сад — пачатковая школа”. Бацькі вельмі ганарацца, што іх дзяцей вучыць і выхоўвае такі настаўнік.
Першыя вучні Ірыны Панфіла ўжо сталі дарослымі людзьмі. Услед за настаўніцай вышэйшую адукацыю атрымалі Вольга Бярнэй, Таццяна Жданюк, Ганна Аўдзейчык, іншыя.
Дырэктар Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Дзямідаў — таксама былы вучань Ірыны Панфіла.
— У самы першы год работы ў Жабінцы мне дастаўся 3 “В”, — успамінае Ірына Анатольеўна. — Там вучыўся Сяргей. Тады мы толькі пачыналі выкладаць прадмет “Мая Радзіма — Беларусь”. Ужо тады хлопчык праяўляў вялікую цікавасць да гісторыі. А потым закончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Канечне, мне вельмі прыемна, што мой вучань узначаліў музей.
Руплівая праца ў школе не замінае Ірыне Анатольеўне быць добрай гаспадыняй, жонкай і маці. Яна шмат увагі ўдзяляе выхаванню ўласных дзяцей, падтрымлівае ўсе іх добрыя пачынанні. Дачка Вера — студэнтка 2-га курса Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Сын Міша — школьнік, вучань 4-га класа. Ён займаецца танцамі ў жабінкаўскім дзіцячым узорным калектыве “Каруначкі”, іграе на саксафоне і добра вучыцца.
Пацікавіўся таксама і захапленнямі творчага педагога.
— Я вельмі люблю чытаць, — адказала Ірына Анатольеўна. — Любоў да кніг мне прывіў бацька. Падабаецца гістарычная літаратура, кнігі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Вельмі ўразіла проза Аляксандра Салжаніцына.
Што ж, няма ніякіх сумненняў у тым, што і далей Ірыну Анатольеўну чакаюць новыя поспехі ў няпростым служэнні музам творчасці і выхавання.
А.ЯРМАШУК.
На здымку: настаўніца першай гарадской школы І.А.Панфіла.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top