Паэзія заўсёды звернута да чалавека, імкнецца дастукацца да яго сэрца. Вершы пра каханне выхоўваюць культуру пачуццяў, маральныя погляды, фарміруюць інтымны свет моладзі. Гэта вечная тэма: колькі з даўніх часоў з’явілася песень у народзе, колькі вершаў склалі паэты! А колькі яшчэ напішуць!..
Як сцвярджала Яўгенія Янішчыц, “пачынаецца ўсё з любві, нават самая простая ява”. Мы часта паўтараем услед за вялікім Пушкіным: “Любви все возрасты покорны”. Сапраўды, пра каханне пішуць і старэйшыя паэты, і маладыя. Куляшоў, Броўка, Грахоўскі таксама расказвалі пра першае каханне, але іх лірычны герой – гэта сталы чалавек, якому давялося шмат убачыць і перажыць, а таму ў яго ўспамінах чуюцца ноткі суму, што беззваротна прайшлі гады маладосці.
У жыцці арганічна зліліся маральнае і сацыяльнае, асабістае і грамадскае. Таму інтымны свет не можа быць ізаляваным ад грамадзянскіх пачуццяў, поглядаў, перакананняў, ад прыгажосці. Адвеку прывабнай дзяўчыне, падобнай да Мележавай Ганны Чарнушкі, маглі кінуць зайздросніцы ўслед: “Княгіня!” Такой яна заставалася і ўзяўшы шлюб, як, напрыклад, паэтэса Еўдакія Лось сказала пра сваю сям’ю:
Мой князь Алег,
Мой княжыч Дзмітрый,
А я княгіня Еўдакія…
А другая паэтка Зінаіда Дудзюк адзін са зборнікаў назвала “Табе”. Ён поўнасцю прысвечаны каханню, узаемаадносінам паміж жанчынай і мужчынам. Вось некаторыя вершы: “Адарыла пяшчотай світанне…”, “Заблытала промні стомленае сонца…”, “Зброя кахання”, “Ты дарма забываеш мяне…” У апошнім гераіня верыць, што яны створаны адно для аднаго, а таму “ты мяне назаўжды забудзеш, як не будзе чаго забываць.”
Пра школьнае, самае чыстае каханне Рыгор Барадулін напісаў цудоўны верш “Світанняў я з табой не сустракаў…” Лірычны герой не мог прызнацца сваёй аднакласніцы ў каханні. Толькі пазней, як з’ехаў на вучобу і сніў яе ў студэнцкім інтэрнаце, ён у рэшце рэшт шле ліст з прызнаннем, а ў адказ – маўчанне. Бо яна ўжо выходзіла замуж. Герой прызнаецца:
…Хай снег гадоў асядзе ў валасах,
Хай будзе мне хоць пяць разоў па дваццаць –
Усмешкай палахлівай на губах
Ты школьніцай мне будзеш усміхацца…
Нездарма лічыцца, што агні кахання – вечныя агні. Калі Барадулін свой верш прысвяціў першаму каханню, дык Анатоль Шушко – сваёй жонцы, якая ўтрымлівае жытло ў такім стане, што ў ім прапісаліся назаўсёды Святло ды Цяпло:
Голас кветак заўжды
ажыўляе жытло.
З ім да скону
вітаюцца людзі.
Ёсць Жанчына і Маці –
Святло і Цяпло.
Аніколі без іх нас не будзе.
Сучасныя аўтары апісваюць шчырае хваляванне, што нясе з сабою каханне, і нечаканае адкрыццё для сябе невядомага пачуцця. Тут не толькі сур’ёзная лірыка, але й многа гумару і жартаў. Узорам гэтага можа стаць верш Максіма Танка “Анэтка”. Іван прынёс суседцы паклон ад Сымона, а Рыгор папрасіў быць сватам для яго, што вельмі пакрыўдзіла Анэтку: “Як жа ты згадзіцца мог і прыйсці на мой парог?!” І тады юнак шчыра прызнаўся:
– Ой, не гневайся, суседка,
Чарнабровая Анэтка,
Што падвёў сваіх сяброў –
Сам у сваты я прыйшоў.
Каханне – вельмі далікатны тып адносін між людзьмі, але пакуль яно існуе, дык ніхто не мае шанцаў напісаць пра яго апошняе слова, так што будзем чытаць і захапляцца новымі творамі, што складуць паэты.
Алена БАБРОВА, студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 100%
Добра, што ёсць вершы, але пераказ зместу – гэта не аналіз.