У школах пачаліся восеньскія канікулы. Дзецям не трэба рана прачынацца, спяшацца на ўрокі. Шмат вольнага часу – займайся, чым хочаш! Для дарослых жа канікулы – гэта пара хваляванняў і перажыванняў за малых, якія засталіся дома. Бо неслухаў і гарэз нярэдка падпільноўваюць рознага роду небяспекі, і адна з іх – дарога… Дзяржаўтаінспекцыя прапануе сем важных правілаў, веданне якіх дапаможа пазбегнуць небяспечных сітуацый, захаваць сваё жыццё і здароўе.
Правіла №1: “Бяспечнае месца для пераходу”. Калі паблізу няма пераходу са светлафорам, неабходна абраць месца, адкуль добра відаць дарогу ва ўсіх накірунках. Няварта выходзіць на праезную частку паміж машынамі, якія стаяць. Важна, каб не толькі дзіця добра бачыла дарогу, але каб і вадзіцель яго бачыў.
Правіла №2: “Перад пераходам спыніся”. Некаторыя дзеці любяць вельмі хутка перабягаць дарогу. Неабходна прывучыць іх спыняцца, перш чым ступіць на праезную частку, і ўважліва аглядаць дарогу.
Правіла №3: “Агледзься і прыслухайся”. З кожных дзесяці пацярпелых на дарозе дзяцей дзевяць своечасова не заўважылі небяспеку. Трэба навучыць іх прыслухоўвацца да шуму на дарозе і гля-дзець на праезную частку не краем вока, а паварочваючы галаву направа і налева.
Правіла №4: “Калі набліжаецца машына, прапусці яе”. Затым ізноў агледзься і прыслухайся, ці няма паблізу іншых аўтамабіляў. Небяспека чакае таго пешахода, які вырашае перайсці дарогу, бачачы толькі самае блізкае да сябе аўто і не заўважаючы іншае, якое едзе за першым.
Правіла №5: “Не выходзь на праезную частку, пакуль не пераканаешся, што ў цябе дастаткова часу для пераходу”. Толькі пераканаўшыся ў поўнай адсутнасці машын, можна пераходзіць праз дарогу, перасякаць яе неабходна пад прамым вуглом.
Правіла №6: “Пераходзячы вуліцу, працягвай назіранне за дарогай, каб своечасова заўважыць змену становішча”. А яно хутка мяняецца: машыны, якія стаялі, могуць паехаць, тыя, што ехалі прама – павярнуць; з завулка, двара ці з-за павароту могуць зусім нечакана з’явіцца іншыя аўтамабілі.
Правіла №7: “Калі падчас пераходу раптам паўстала перашкода для агляду, асцярожна вызірнуўшы з-за яе, агледзь тую частку дарогі, якую ты яшчэ не паспеў перайсці”. Пры неабходнасці трэба адступіць назад і паводзіць сябе так, каб цябе добра бачылі вадзіцелі машын, што праязджаюць міма.
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%